Здарэнні33

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Віталь Алешчанка быў перспектыўным нападаючым, але сам знішчыў сваю кар’еру — скандаламі, крымінальнымі разборкамі і перадусім алкаголем. Жыццё пайшло пад адхон, і падзенне не спыняецца.

Віталь Алешчанка ў канцы 2010-ых. Цяпер яму 49 гадоў. Фота: Ok.ru

Імя Віталя Алешчанкі добра памятаюць футбольныя заўзятары, якія сачылі за чэмпіянатам Беларусі ў самым канцы 1990-х і пачатку 2000-х. Таленавіты форвард гуляў за віцебскі «Лакаматыў-96» (цяпер — «Віцебск») і ставіў рэкорды клуба па колькасці галоў.

Пікам яго кар’еры быў 1999 год. Алешчанка накалаціў ажно 17 галоў. Сярод тых, у каго іх было больш, быў Віталь Кутузаў — праз два гады яго купіў «Мілан».

Зрэшты, Алешчанка таксама мог з’ехаць за мяжу. Яго паклікалі на прагляд у ізраільскі клуб, ацанілі ўзровень і адразу прапанавалі шыкоўны кантракт. «Макабі» з Хайфы быў гатовы плаціць яму па $9 тысяч штомесяц і $45 тысяч стартавым бонусам — шалёныя грошы на тыя часы.

Віталь Алешчанка (справа) ў маладосці. Фота: Ok.ru

Аднак за два дні да канчатковага ад’езду ў Ізраіль Алешчанка пайшоў на крымінальныя разборкі ў віцебскі рэстаран «Брыганціна». Хтосьці камусьці быў павінен грошы, а футбаліст вырашыў увязацца ў канфлікт. Слова за слова, пачалася бойка.

«Зайшоў у бар, выцягнуў на вуліцу свайго крыўдзіцеля, а тут падаспела падмога з васьмі чалавек. Пачаў яго малаціць, а той нажом засадзіў мне са спіны. Нож я выцягнуў і пагнаўся за ім. Натоўп — у розныя бакі. Адчуваю, унутранае кровазліццё. Выклікалі таксі, дык я нават аплаціў за дастаўку ў бальніцу. Лекары сказалі, што лязо прайшло ў двух міліметрах ад аорты», — расказваў футбаліст у легендарным інтэрв’ю «Мяне ўводзіў з поля АМАП»

Натуральна, пасля такіх прыгодаў пра ізраільскі кантракт можна было забыць. У тым жа 1999-м Алешчанку нават выклікалі ў зборную Беларусі, але ў матчы з Расіяй ён прасядзеў у запасе.

Віталь пагуляў яшчэ ў «Гомелі» і «Белшыне», пасля вярнуўся ў родны «Лакаматыў-96».

Агулам яго статыстыка ў Вышэйшай лізе шыкоўная — 89 матчаў і 36 галоў.

Віталь Алешчанка ў 1999-м

Алешчанка даволі позна прабіўся на высокі ўзровень — недзе ў 23 гады, — і рана скончыў — у 27. Сярод абставінаў варта згадаць і траўмы, але асноўнай прычынай, банальнай і распаўсюджанай у тыя часы ў беларускім футболе, стаў алкаголь.

Алешчанка прызнаваўся, як за дзень да матча ў Вышэйшай лізе выпіваў чатыры літры піва, а калі заканчваў кар’еру ў Оршы, то выходзіў на поле п’яным.

Малодшы брат Віталя, Юрый Алешчанка, таксама быў футбалістам. У пачатку 2000-х браты разам выступалі за «Віцебск» і «Оршу». Юрый таксама гуляў у нападзенні, але братавых поспехаў не дасягнуў — 50 матчаў і 4 галы ў вышэйшай лізе. Што яшчэ ў яго было агульнае з братам, дык гэта праблемы з алкаголем.

Пасля сканчэння кар’еры Віталь паспрабаваў сябе дзіцячым трэнерам — не пайшло. Тады заняўся будоўляй, нейкі час катаўся ў Расію на заробкі.

Далей было ўсё менш працы і больш алкаголю. Былы футбаліст піў проста ў пад’ездзе з сябрам. Паказальная гісторыя з таго старога інтэрв’ю: 

«Дарэчы, за некалькі дзён да нашай сустрэчы я счапіўся з мянтом. Зайшоў да сяброў, нікому не замінаў, крыху адзначылі гэтую справу ў пад’ездзе. Выйшаў міліцыянт, які таксама жыве ў тым доме, і пачаў чапляцца да майго сябра. А я ж заўсёды за сяброў гарой. Карацей, давялося пабіцца. У выніку склалі пратакол, далі трое сутак. Толькі я ўцёк з залы суда. Знойдуць — дадуць 15 сутак».

Пры сустрэчы з сябрамі Віталь Алешчанка першай справай прасіў пазычыць грошы — на бутэльку. Праз некалькі гадоў яго нават адправілі ў ЛПП.

Дарэчы, у Віталя былі дзве сям’і — абедзве разваліліся, і абедзве жонкі падавалі ў суд на аліменты. Дачка Настасся таксама пайшла ў футбол, яна гуляла ў камандзе «Зорка-БДУ», а цяпер стала суддзёй. Мяркуючы па інфармацыі ў «Вікіпедыі», сын Яўген нарадзіўся з ДЦП.

Што было ў жыцці братоў Алешчанкаў далей? Пра гэта днямі напісаў віцебскі дзяржаўны сайт «Віцьбічы», праўда, не называючы іх імёны. Зрэшты, па кантэксце можна лёгка пазнаць братоў:

«Кватэра [Юрыя] пачала фігураваць у міліцэйскіх дакументах як прытон. Ды і жадання жыць там разам з сяброўкай з такімі ж глыбокімі праблемамі з алкаголем асабліва не было. Пачаліся выпадковыя заробкі ў Расіі. Праўда, усе крохі, заробленыя такім чынам, ішлі на чарговую бутэльку. А яшчэ агульнай «забавай» для братоў-футбалістаў стала рукапрыкладства не толькі ў дачыненні да маці, але і да іншых.

«Старэйшы з братоў (Віталь Алешчанка — НН) неаднаразова ўжываў гвалт у дачыненні да маці. Пры гэтым паводзіў сябе нахабна, агрэсіўна рэагаваў на яе заўвагі, а яна папракала сына за тое, што той не працуе. У некаторых выпадках патрабаваў грошы на спіртное, — расказаў пракурор Віцебскага раёна Ігар Лісоўскі. — Малодшы брат таксама час ад часу пагражаў членам сям’і, ладзіў дэбошы. Ён наездамі жыў у маці і таксама нідзе не працаваў».

31 жніўня 2022 года ў дом да Віталя і Юрыя Алешчанкаў прыйшла знаёмая, пачалася чарговая п’янка. У нейкі момант паміж братамі пачалася спрэчка, а пасля і бойка. Віталь схапіўся за нож і забіў свайго 37-гадовага брата.

У судзе Віталь часткова прызнаў віну. Яму прызначылі 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Каментары3

  • Аршанец
    04.08.2025
    10 год розьніцы паміж братамі. Шкада што так усе трагічна скончылася.
  • Ды й хрэн з імі
    04.08.2025
    [Рэд. выдалена]
  • René Papandreou
    04.08.2025
    пачау́ чытаць і ня здолеу́ , жуткая наркамау́ка , тлумачэньне з маскоу́скай .
    вам шкала мякькіх знакау́ ?

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін24

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Усе навіны →
Усе навіны

Статкевіч пра сацапытанне «Беларусь у 2026 годзе»: Кідалі слухаўку, бо ў канцлагер ніхто не хоча25

Праезд даражэе ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях

Суд у ЗША прызнаў Huawei вінаватай у змове з мэтай крадзяжу камерцыйных сакрэтаў

Папа Францішак тройчы бачыў д'ябла. Пра гэта кажа ягоны дзённік7

Да праекта ў Гальшанах прыцягнулі ідэолага «рускага свету» Дугіна. Яго паплечнік прапануе аднаўляць замак як «Царыцына»32

Электрамабілі задумвалі як ціхія. Цяпер іх вучаць гучаць, як бензінавыя

Ці варта купляць антыбактэрыяльнае мыла?

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»16

Амаль палова штрафаў, якія накладаюць на машыны з дыпламатычнымі нумарамі ў Хельсінкі, не аплачваецца. Беларусы таксама ігнораць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін24

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць