Гісторыя1616

Сенсацыйная знаходка ў Германіі: адшуканы невядомы раней асобнік найрадзейшага «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года

Спадчына беларускага першадрукара Францыска Скарыны папоўнілася яшчэ адным каштоўным артэфактам. Даследчыца Вольга Шутава выявіла ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў нямецкім Веймары невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», выдадзенага Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Кніга хавалася ў фондах пад памылковым апісаннем і перажыла нават разбуральны пажар пачатку 2000-х.

Пераплёт і тытульны артыкул віленскага выдання «Псалтыра» Францыска Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава

Знаходка адбылася ў лістападзе 2025 года падчас працы з базай даных еўрапейскіх даследчых бібліятэк CERL, пра гэта Вольга Шутава піша ў нядаўнім артыкуле на старонках выдання «Slavistica Vilnensis». 

Даследчыца звярнула ўвагу на дзіўны запіс у каталогу веймарскай бібліятэкі. У ім значылася кніга пад назвай: «Poc̆inaet’sja Psalŭtyŕ ili Pesni stgo proroka boz̆ija Davyda Care Erusalimŭska. [Dokonana est psaltyŕ sie … poveleniem … Franciska Skoriny iz Poloćka».

Каталог пазначаў яе як «Rarissimum» (найвялікшая рэдкасць) і адносіў да пражскага выдання Скарыны 1517 года.

Аднак Вольга Шутава заўважыла несупадзенне: прыведзеная ў каталогу назва дакладна адпавядала не пражскаму выданню, а віленскаму «Псалтыру» 1522 года, які з'яўляецца часткай знакамітай «Малой падарожнай кніжкі».

Інтэр'ер Бібліятэкі герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары. Фота: Wikimedia Commons

Каб спраўдзіць сваю гіпотэзу, даследчыца накіравалася ў Веймар. Яе здагадка цалкам пацвердзілася: перад ёй ляжаў арыгінальны, невядомы дагэтуль навуцы асобнік віленскага выдання Скарыны 1522 года.

Памылка ж нямецкіх бібліятэкараў, хутчэй за ўсё, узнікла праз стары надпіс алоўкам на адваротным баку пераплёту, дзе нехта пакінуў пазнаку: «Psalmi [kirshenslav.] [Prag 1517]: Francisk Skorina». Акрамя таго, у каталогу імя друкара было памылкова запісана як «Георгій» (Georgi), за якое вельмі чапляліся ў часы Расійскай імперыі і савецкі час, абгрунтоўваючы «рускасць» першадрукара. Памылковасць імя Георгій было даўно даведзеная скарыназнаўцамі, але архівісты ў Германіі маглі і не ведаць пра гэта. 

Тытульны артыкул віленскага выдання «Псалтыра» Францыска Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава

Пяты асобнік у свеце

Гэта сапраўдная падзея для беларускай і еўрапейскай кніжнай культуры. Сёння ў краінах Заходняй Еўропы вядомы толькі чатыры падобныя асобнікі «Псалтыра» 1522 года: яны захоўваюцца ў Кембрыджы, Лондане, Капенгагене і Любляне. Веймарскі асобнік стаў пятым.

Ёсць, праўда і больш рэдкія выданні Скарыны, напрыклад, пражскі «Псалтыр» 1517 года — у свеце вядомы толькі два яго асобнікі, і абодва знаходзяцца ў Маскве.

Выпрабаванні агнём і вадой

Веймарскі «Псалтыр» надрукаваны ў фармаце «ў васьмёрку» (актава). Кніга мае 140 аркушаў.

Нягледзячы на свой паважны ўзрост, экзэмпляр захаваўся ў добрым стане, хоць на яго долю выпалі сур'ёзныя выпрабаванні. У 2004 годзе ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі адбыўся моцны пажар.

Наступствы пажару, якія адбыўся ў 2004 годзе ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары. Фота: Wikimedia Commons

Кніга Скарыны ўратавалася ад агню, але пацярпела ад вады падчас тушэння. Сляды ад вільгаці асабліва прыкметныя на апошніх старонках. У 2009 годзе выданне прайшло грунтоўную рэстаўрацыю.

Пераплёт віленскага выдання «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава

Асобнай увагі варты скураны пераплёт кнігі, які эксперты папярэдне датуюць XVI стагоддзем. Ён аздоблены цісненнем і пазалотай. На пярэдняй частцы вокладкі ў рамцы з расліннага арнаменту змешчана выява цара Давіда з гуслямі (ці псалтырам). На задняй частцы — гербавая выява. Спражкі на кнізе не захаваліся — верагодна, іх зрэзалі падчас мінулых рэстаўрацый.

Пераплёт віленскага выдання «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава
Пераплёт віленскага выдання «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава

Загадкі мінулых уладальнікаў

Хто трымаў гэтую кнігу ў руках да таго, як яна трапіла ў Германію? На пераплёце захавалася некалькі інтрыгуючых надпісаў.

Справа ўверсе нехта напісаў алоўкам «Psalter Slavon» (Славянскі псалтыр), а злева тым жа почыркам напісана і перакрэслена слова «Polotzk» (Полацк) — родны горад Скарыны.

Ёсць і больш старажытны запіс чарнілам, датаваны лютым 1678 года. Ён сведчыць, што ў той час кніга належала чалавеку на імя Давід Каспар Слуйс (Davidis Caspari Sluiÿs).

У саміх фондах веймарскай бібліятэкі кніга знаходзіцца ўжо не адно стагоддзе. Першы запіс пра яе з'яўляецца ў бібліятэчным каталогу прыкладна ў 1754 годзе.

Што ўнутры

Змест і афармленне веймарскага асобніка цалкам адпавядаюць класічнаму апісанню скарынаўскіх выданняў. Ён адкрываецца тытульным аркушам з характэрнай рэнесанснай арнаментальнай застаўкай.

Тэкст надрукаваны з выкарыстаннем чырвонага колеру. Знізу на старонцы можна пабачыць друкарскія знакі Скарыны: злева — сімвал сонца і месяца, справа — трохкутнік з галгофскім крыжам.

Адзін з аркушаў віленскага выдання «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года, выяўленага ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі. Фота: Вольга Шутава

Усяго ў кнізе 75 прыгожых гравюр-заставак і 164 ініцыялы (вялікія літары) трох розных памераў. Заканчваецца кніга калафонам (пасляслоўем), ідэнтычным таму, што маецца ў капенгагенскім асобніку.

Што далей

Адкрыццё пятага заходнееўрапейскага асобніка «Псалтыра» 1522 года — гэта толькі пачатак працы. Як адзначае Вольга Шутава, наперадзе яшчэ шмат даследаванняў. Трэба высветліць, якімі шляхамі старабеларускае выданне трапіла ў Цюрынгію, хто былі яго ўладальнікамі да 1678 года і чаму на ім напісалі слова «Полацк».

Даследчыца ўжо працуе супольна з кіраўніцтвам Бібліятэкі герцагіні Ганны Амаліі, каб раскрыць усе таямніцы гэтага ўнікальнага помніка беларускай кніжнай спадчыны.

Каментары16

  • ну?
    04.03.2026
    Зноў будзе схавана ад народу чарговым даследчыкам? Можна ж зрабіць копію і выставіць для агульнага карыстання, а не даваць паўразмытыя старонкі.
  • Iмя друкара было памылкова запісана як «Георгій»
    04.03.2026
    гэта не Беларуская мова статута і канцылярыі ВКЛ,
    "у каталогу імя друкара было памылкова запісана як «Георгій» (Georgi), за якое вельмі чапляліся ў часы расійскай імперыі і савецкі час, абгрунтоўваючы «расейкасць» першадрукара."

    доўгія вушы маскоўскага д'ябла, як заўсёды...
  • Гісторык
    04.03.2026
    ну?, гэтая кніга – уласнасьць бібліятэкі (асабліва калі бібліятэка прыватная, што не такая ўжо і рэдкасьць у Нямеччыне). Тут трэба падзякаваць, што далі пафоткаць і выкласьці хоць столькі.

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць