Грамадства22

Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі стварыў мерч для беларускіх ВНУ

У 2017—2018 гадах адразу ў трох вышэйшых навучальных установах Беларусі з’явіўся свой універсітэцкі мерч з фірмовай сімволікай — брэндаванае адзенне і сувенірная прадукцыя. Продаж ішоў праз студэнцкія крамы ў карпусах ВНУ. 

Фота: інстаграм @bsuir_studentstore

Першапраходцам стаў БДУІР. Следам за ім падцягнуліся Медуніверсітэт і БНТУ. Як паведамляла прэс-служба БДУІР, «ідэю стварыць такі пункт прапанавала кампанія «Універсітэцкія традыцыі», якая, у сваю чаргу, пераняла яе з досведу еўрапейскіх ВНУ».

«Бюро» высветліла, што ў момант адкрыцця пунктаў з мерчам «Універсітэцкія традыцыі» мелі трох уласнікаў. Першы — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, бяззменным кіраўніком якога больш за дваццаць гадоў з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка.

Другая фірма — «Саюзтрэйд». Яе асноўны від дзейнасці — гуртовы гандаль іншымі бытавымі таварамі. Аднак мы высветлілі, што кампанія з’яўляецца партнёрам «Яндэкс.Таксі» — яна мае ўласны аўтапарк і займаецца падборам і наймам кіроўцаў. Фірму заснаваў Яўген Кукушкін. Вывучыўшы яго біяграфію, «Бюро» можа сцвярджаць, што фірма «Саюзтрэйд», як і сам Кукушкін, звязаныя з Дзмітрыем Лукашэнкам.

Яўген Кукушкін быў выхаванцам СДЗЮШАР «Юнацтва» — адной з самых тытулаваных хакейных школ Беларусі, якая выпусціла мноства зорак нацыянальных зборных, НХЛ і КХЛ. У пачатку 90‑х ён нават спрабаваў рабіць прафесійную кар’еру ў хакеі, але пасля падаўся ў дзяржапарат.

Фота: інстаграм @bsuir_studentstore

Дзякуючы Альянсу расследавальнікаў Беларусі журналісты даведаліся, што ў пачатку нулявых Яўген Кукушкін займаў пасаду інспектара ў камітэце па каштоўных паперах пры Савеце міністраў РБ. Але ў 2002 годзе яго затрымалі супрацоўнікі КДБ за спробу прадаць «расійскім бізнэсоўцам» вайсковую дзяржаўную таямніцу пра дзейнасць абароннага прадпрыемства «Пеленг». На ўгодзе Кукушкін планаваў зарабіць 4,3 тысячы даляраў.

Кукушкіна асудзілі на 5 гадоў паводле артыкула 433 КК РБ — атрыманне незаконнага ўзнагароджання службоўцам дзяржапарату. Аднак, як высветліла «Бюро», экс-чыноўнік не сеў, а атрымаў тыя самыя 5 гадоў умоўна. У 2004 годзе, калі скончыўся выпрабаваўчы тэрмін, судзімасць яму анулявалі.

Пасля скандалу з крымінальнай справай Яўген Кукушкін вярнуўся ў спорт. Ужо ў пачатку дзясятых ён гуляў за аматарскую хакейную каманду «Рубеж» на пазіцыі абаронцы. У адкрытых крыніцах няма інфармацыі, што ён займаў у клубе нейкую адміністрацыйную пасаду, аднак мы высветлілі, што юрасоба «Рубяжа» была звязаная з нумарам тэлефона Кукушкіна.

Паралельна з гэтым ён развіваў у Беларусі жаночы хакей — быў генеральным дырэктарам адзінага ў Беларусі жаночага хакейнага клуба «Пантэра». Каманда праіснавала з 2010 да 2013 года і была расфармаваная з-за адсутнасці фінансавання.

Як мінімум апошнія чатыры гады Яўген Кукушкін займае пасаду старшыні савета ў аматарскай хакейнай камандзе «Шчыт». У 2025 годзе ён таксама значыўся ў «Шчыце» як трэнер на 0,25 стаўкі — яго месячны аклад складаў 1860,6 беларускага рубля. Менавіта ў гэтай камандзе гуляе ягоны партнёр па студэнцкіх крамках з мерчам — Дзмітрый Лукашэнка. Адрас рэгістрацыі юрыдычнай асобы «Шчыта» — у суседнім кабінеце з «Універсітэцкімі традыцыямі», у інтэрнаце БНТУ на праспекце Незалежнасці, 63.

Трэцяя фірма, якая валодала «Універсітэцкімі традыцыямі», — ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс». Гэтая юрыдычная асоба займаецца вытворчасцю алеяў і шроту. Структура ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канцавых бенефіцыяраў, аднак «Аблрапсаграсэрвіс» звязаны з электроннай поштай [email protected].

Фота: інстаграм @bsuir_studentstore

Гэты адрас выкарыстоўваўся для рэгістрацыі некалькіх юрыдычных асоб, звязаных з Яўгенам Кукушкіным і Дзмітрыем Лукашэнкам: «Універсітэцкія традыцыі», «Аматарскі клуб «Шчыт» і «Спорт-сістэм». Апошняя валодала доляй ва «Універсітэцкіх традыцыях» да «Аблрапсаграсэрвіса». З 2011 да 2023 года «Спорт-сістэм» у розны час валодалі юрыдычныя асобы хакейных клубаў «Рубеж» і «Шчыт», якія таксама звязаныя з Кукушкіным і Лукашэнкам.

Такім чынам, усе тры ўласнікі, якія адказвалі за стварэнне і продаж мерчу беларускіх ВНУ, наўпрост ці ўскосна звязаныя з сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі.

«Бюро» вывучыла фінансавую справаздачнасць «Універсітэцкіх традыцый», каб ацаніць, наколькі прыбытковай была ідэя адзець беларускіх студэнтаў у мерч сваіх альма-матар. На жаль, рэдакцыя не мае дакументацыі за перыяд адкрыцця шопаў. Аднак фінансавыя дадзеныя пачынаючы з 2023 года таксама вельмі паказальныя.

У 2023 годзе выручка «Універсітэцкіх традыцый» склала 52 тысячы рублёў, а чысты прыбытак — усяго дзве тысячы рублёў.

У наступныя гады фінансавая сітуацыя значна пагоршылася. У 2024 годзе кампанія атрымала ўжо 10 тысяч выручкі і страты на 5 тысяч рублёў. 2025 год «Універсітэцкія традыцыі» скончылі з даходам 6 тысяч рублёў і чыстым прыбыткам на 3 тысячы рублёў.

Тое, што бізнэс-ідэя правалілася, уладальнікі, здаецца, зразумелі яшчэ раней. Акаўнты шопаў у «Інстаграме» перасталі абнаўляцца з 2022 года. У лютым 2024 года «Універсітэцкія традыцыі» закрылі ўсе стацыянарныя пункты і зарэгістравалі опцыю гандлю без выкарыстання гандлёвага аб’екта — цяпер замовы, калі такія маюцца, ажыццяўляюцца праз асабістыя паведамленні ў сацыяльных сетках.

Каментары2

  • Indrid Cold
    14.07.2026
    Гіперрэальны сімулякр - копія амерыканскіх фільмаў, якія капіруюць сапраўдныя амерыканскія ўніверсітэты.
  • копія амерыканскіх= CUDOUNA
    14.07.2026
    Indrid Cold, "копія амерыканскіх " tak, CUDOUNA!

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус пешкі ідзе 3000 кіламетраў з Варшавы да Іспаніі — гатовы ночыць у лесе і мыцца ў рэчцы9

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны2

У Беларусі ўжо +30°C1

Cклады Wildberries: пад Масквой і ў Цверы — міма, у Пецярбургу пайшло з дымам. Ёсць пападанне і ў НПЗ12

Расійскі дрон ганяўся за прадаўцом на вуліцы Херсона і выбухнуў ВІДЭА3

Шмыгаль назваў, якую новую мэту па знішчэнні ва Украіне паставіла сабе Расія9

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка2

Беларускі бізнэс просіць улады дапамагчы пацярпелым прадаўцам Wildberries16

Расійскі вайсковец адкрыў агонь у вёсцы пад Севастопалем. Чатыры чалавекі загінулі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць