У Вільні адкрылі і асвяцілі памятную шыльду на надмагіллі Яна Цеханоўскага
У Вільні 21 лістапада на Свята-Ефрасіннеўскіх (Ліпаўскіх) могілках адкрылі і асвяцілі памятную шыльду на надмагіллі Яна Цеханоўскага — беларускага педагога, аднаго з арганізатараў і першага дырэктара Наваградскай беларускай гімназіі, піша Радыё Рацыя.

Правёў малебен і асвячэнне праваслаўны святар беларускай царквы Канстанцінопальскага патрыярхата Георгій Рой, які зазначыў, што гэта адна з першых магіл, якую знайшла іх валанцёрская група:
— Гэта першае пахаванне, на якім мы, аб’яднаўшы свае сілы, змаглі штосьці зрабіць, упарадкаваць, выраўняць крыж, пафарбаваць. А вось сёння разам з Асацыяцыяй бацькоў мы маем і вось гэтую шыльду. Яна была нечытабельнай. А гэта і ёсць памяць — калі мы можам падысці, пабачыць аблічча чалавека, прачытаць яго імя, яго прозвішча.

Гэтую ініцыятыву падтрымала таксама і Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве. Кажа кіраўнік асацыяцыі Вадзімір Заранкін:
— Мы адкрываем і асвячаем новую шыльду Яну Ціханоўскаму — выбітнаму дзеячу беларускага школьніцтва міжваенных часоў, былога дырэктара Наваградскай беларускай гімназіі. У Вільні свая супольнасць валанцёраў, даследчыкаў, аматараў, якія шукаюць інфармацыю пра беларускія пахаванні ў Вільні і апякуюцца і даглядаюць гэтыя пахаванні. І Асацыяцыя падтрымала гэту важную справу, таму што гэта адпавядае нашым мэтам, у прыватнасці — ушанаванню памяці беларускага школьніцтва, настаўнікаў, вучняў Віленскай, але і іншых беларускіх гімназій.
Нагадаем, Ян Цеханоўскі нарадзіўся 30 сакавіка 1888 года ў вёсцы Якімаўка (цяпер Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці). Скончыў Менскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў выкладчыкам, а ў 1918—1921 гадах узначальваў рэальную школу ў Ракаве.
У 1921 годзе за беларускую нацыянальную дзейнасць быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення пераехаў у Наваградак, дзе стаў першым дырэктарам Навагрудскай беларускай гімназіі. Выкладаў беларускую літаратуру і французскую мову.




Каментары