Грамадства11

«Сцены вільготныя, цвіль паўсюль». Што адбываецца ў сталінках на вуліцы Леніна ў Мінску праз месяц пасля пажару

Мінула крыху больш за месяц з дня, калі ў сталінках №9 і №11 на вуліцы Леніна ў Мінску адбыўся буйны пажар. Што зараз адбываецца ў кватэрах?

Агонь успыхнуў увечары 28 чэрвеня. Полымя пашкодзіла больш за 1000 квадратных метраў даху, а амаль усе кватэры ў дамах былі моцна залітыя вадой. Якая сітуацыя цяпер? Як жыхары спраўляюцца з наступствамі пажару і затаплення? Што адбываецца сёння, піша Onliner.by.

У пад'ездах дагэтуль адчуваецца пах гару — ужо не такі моцны, як адразу пасля пажару, але ўсё яшчэ заўважны. Да таго ж з'явіўся пах сырасці. На сценах і пад лесвіцамі паўсюль бачныя разводы і падцёкі. У некаторыя кватэры працягнутыя правады — верагодна, для забеспячэння цеплавых гармат і асушальнікаў паветра электраэнергіяй.

Як выглядаюць кватэры?

Кватэра Святланы знаходзіцца ў доме № 11 на вуліцы Леніна. Прасторную сталінку яны з былым мужам набылі 35 гадоў таму. Аднак апошні месяц жанчыне даводзіцца жыць у розных месцах: спачатку ў сяброўкі, потым у знаёмых, пасля — у інтэрнаце, а цяпер трэба пераязджаць у іншы інтэрнат.

Роднае жыллё пакуль непрыдатнае для пражывання, а маёмасць — мэбля, карціны, кнігі — пашкоджаная.

— Пасля тушэння пажару вады ў кватэры было па шчыкалатку, — успамінае Святлана. — Мы думалі, што ўсё высахне і будзе добра. Але чым далей, тым горш. Дом наскрозь прамок. Бачыце, якія тоўстыя сцены? Як іх высушыць?

— Нам бясплатна далі цеплавыя гарматы, але яны мала дапамаглі. Цяпер даводзіцца за ўласныя грошы арандаваць асушальнікі паветра. Я ўзяла два — гэта каштуе 500 рублёў за 10 дзён.

На столі кроплі вады. Адкуль? Святлана тлумачыць:

— Учора быў дождж, і са столі зноў капае. Маю кватэру ўжо шосты раз залівае. Часовы дах зрабілі хутка, але потым пачаліся дажджы, і вада зноў палілася са столі. Атрымліваецца, грошы былі патрачаныя дарэмна. З кожным днём цвілі на сценах становіцца ўсё больш.

У найбліжэйшых планах суразмоўцы — поўны дэмантаж аздаблення. А што будзе далей — пакуль незразумела.

— Мы спадзяваліся, што ў кватэрах удасца хоць нешта захаваць. Але тут няма чаго захоўваць. Усё разабранае, прасякнутае непрыемным пахам. Адсюль ужо шмат што вывезлі, і за ўсё гэта я плачу са сваёй кішэні. І грошы немалыя. Кватэра цалкам разбураная. Трэба зрываць шпалеры, разбіраць падлогу. Мне даводзіцца наймаць грузчыкаў, а іх паслугі таксама каштуюць нятанна. Няўжо я магу зрабіць усё гэта сама?

Таццяна Іванаўна запрашае ў сваю кватэру ў доме № 9 на вуліцы Леніна, дзе яна жыве з 1996 года. Тут на свае вочы можна ўбачыць, як працуе асушальнік паветра.

— Асушальнік збірае ваду ў бак, а потым яе трэба выліваць. Раней ён напаўняўся кожныя 2—3 гадзіны, цяпер на гэта сыходзіць каля чатырох гадзін. Уключаю яго, адыду некуды, потым вяртаюся і выліваю ваду. Арэнда асушальніка абыходзіцца мне 210 рублёў на тыдзень, — расказвае жанчына. — Нам далі цеплавыя гарматы, але з-за іх пайшла цвіль. У адным куце я ўжо яе прыбрала, але над шафамі не дацягнуся — трэба купляць струйны апарат.

Таццяна Іванаўна праводзіць экскурсію па сваёй кватэры: вось кнігі, якія яна збірала ў асабістую бібліятэку на працягу 50 гадоў, вось старадаўні дыван, падушкі, адзенне ў шафе. Усе гэтыя рэчы былі наскрозь прамоклыя і толькі нядаўна высахлі.

— Я час ад часу прыходжу сюды, а потым з'язджаю на лецішча, бо жыць тут немагчыма — такі жудасны пах. Найперш трэба прывесці ў парадак сцены, а ўжо потым думаць, што рабіць далей. Добра яшчэ, што муж калісьці пакрыў падлогу лакам, таму яна не вельмі моцна пацярпела. Прывяду кватэру ў парадак, калі хопіць сіл і здароўя. А так я б яе прадала, калі б знайшоўся пакупнік.

Ірына паказвае трохпакаёвую кватэру свайго бацькі. Адметны факт: каля ўваходных дзвярэй проста са сцяны вырас сапраўдны грыб.

— Ну а як інакш, калі сцены наскрозь мокрыя? — каментуе жанчына.

— Тут жыве мой бацька, 1936 года нараджэння. Ён інвалід другой групы з-за захворванняў апорна-рухальнага апарату. Чалавек навуковай працы: пачынаў выкладчыкам, потым быў загадчыкам кафедры, дэканам, прарэктарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

На шчасце, у нас ёсць лецішча, і цяпер бацька знаходзіцца там. Мне даводзіцца прасіць суседзяў глядзець яго, пакуль я тут вырашаю ўсе пытанні. Але што будзе, калі скончыцца дачны сезон?

Жанчына падкрэслівае, што асушальнік паветра працуе ў кватэры практычна кругласутачна.

— Я перыядычна зліваю поўную каністру. Знутры мы сушымся, а як жа пад'езды? Як можа сцяна высахнуць, калі з другога боку яна мокрая? Гэта цяпер яна крыху падсохла, а спачатку дакранаешся пальцам да пабелкі — і быццам трапляеш у смятану.

У адным з пакояў заўважаем кварцавую лямпу. Ірына знайшла яе ў сябе і вырашыла паспрабаваць выкарыстаць.

— Вентылятар ганяе паветра, а лямпай я хоць крыху абеззаражваю гэтую цвіль, якая з'яўляецца паўсюль: чорную, зялёную, аранжавую. Усімі гэтымі выпарэннямі немагчыма дыхаць — адразу пачынаецца кашаль.

Ірына дзеліцца найбліжэйшымі планамі:

— Паспрабуем аднавіць кватэру. Трэба будзе цалкам зняць не толькі паркет, але і чарнавыя дошкі. Гэта значыць, трэба прыбраць усё да жалезабетону. Са сценамі такая ж сітуацыя. Міжпакаёвыя перагародкі зроблены з сілікатнага блока — яны таксама мокрыя. Верагодна, іх давядзецца зносіць. Ускрыццё столі паказала, што там цэгла. Гэта добра. У многіх людзей столі зроблены з дранкі.

Кватэра Аляксандра ў доме № 9 на вуліцы Леніна. Пакуль яго сям'я жыве ў іншым месцы.

— Ну, натуральна. А як тут можна жыць? — кажа мужчына, паказваючы на разабраную падлогу. — Вось, атрымалі дэфектны акт, цяпер будзем усё збіваць да падставы. Трэба будзе падняць падлогі, збіць тынкоўку, агаліць столі да дранкі. Потым памяшканні трэба будзе прасушыць — вада да гэтага часу стаіць у сценах.

Інакш цвіль будзе расці шалёнымі тэмпамі. Потым будзем рабіць рамонт. Мэблю і матрацы ўжо выкінулі. Яны ж былі залітыя не толькі вадой, але і прадуктамі гарэння.

Аляксандр дзеліцца інфармацыяй: кватэра была застрахаваная, таму сям'я чакае, пакуль спецыялісты падлічаць памер страхавых выплат. Пры гэтым ён адзначае, што ЖЭС дапамагае добра (вываз смецця, праца майстроў).

А вось у кватэры Ігара можна ўбачыць, што наогул можа хавацца ў падлогах сталінскіх дамоў. Мужчына прасвідраваў адтуліны ў драўляных бэльках, каб хутчэй прасушыць канструкцыі, і выявіў пласт зямлі, пяску, камянёў і трэсачак — тэхналагічнае рашэнне таго часу. І, на думку жыхароў, менавіта яно цяпер значна ўскладняе прасушку залітага вадой жылля.

Жыхары: «Уласных сродкаў для ліквідацыі шкоды не хапае»

Жыхары дамоў аб’ядналіся для сустрэчы з гарадскімі ўладамі. Акрамя таго, яны расказалі, якімі бачаць далейшыя дзеянні па выратаванні будынкаў, якія для іх з’яўляюцца родным месцам жыхарства, а для горада — гісторыка-культурнай каштоўнасцю:

— Неабходна прамысловае асушэнне канструкцый будынка (бэлек, дранкі, лагаў), кватэр, пад’ездаў, падсобных і іншых памяшканняў, а таксама прамысловая апрацоўка ад цвілі. Сёння маштабы распаўсюджвання грыбка велізарныя! Драўняны грыбок чапляецца за бетон, і ў выпадку непрыняцця мер па сушцы і апрацоўцы гэта прывядзе да разбурэння канструкцый дома. Але зрабіць гэта немагчыма без аднаўлення бяспечнай эксплуатацыі інжынерных сетак. У дамах №9 і 11 даўно не было капітальнага рамонту, а існуючая алюмініевая праводка не здольная забяспечыць магутнасць для бяспечнага выкарыстання сучаснага абсталявання з мэтай сушкі ўсяго будынка адначасова.

Жыхары дамоў таксама занепакоеныя неабходнасцю самастойна і бясконца прыбіраць памяшканні ад прадуктаў гарэння і наступстваў заліцця. Акрамя таго, яны просяць правесці замеры адпаведнасці якасці паветра ў кватэрах устаноўленым нарматывам.

— Просім прызнаць пажар, які адбыўся, і наступствы, што за ім рушылі, надзвычайным становішчам. А таксама выдзеліць дзяржаўную дапамогу, субсідыі для ліквідацыі шкоды з-за недахопу ўласных сродкаў уласнікаў, — падсумоўваюць жыхары.

Каментары1

  • Все деньги ушли на реставрацию российской тюрьмы
    31.07.2026
    Денег на государственную помощь, субсидии для ликвидации ущерба из-за недостатка собственных средств собственников нет. Все деньги ушли на реставрацию гнилой, рассыпающейся в труху российской тюрьмы - Пищаловского замка. И превращение её в объект развлечений и общепита.
    Символ российского имперского издевательства над беларусами.

Цяпер чытаюць

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер1

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

Мінчукі выстраіліся ў вялікую чаргу па ўзбекскія дыні ФОТА3

У Кітаі вычысцілі вярхоўнага генерала. Гэтаму папярэднічала вялікая перастрэлка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер1

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць