Золатава: У верасні 2020 года я думала, што гэта будзе цягнуцца максімум год
Журналістка і былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава напісала для арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) эсэ аб працягу рэпрэсій супраць незалежных медыя ў Беларусі, піша БАЖ.

Шэсць гадоў пасля пратэстаў у Беларусі: свабодная прэса па-за законам, 20 прадстаўнікоў медыя ў турмах
«Максімум год гэта яшчэ будзе працягвацца. Немагчыма пабудаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі», — разважала я, калі мы з журналісткай Tut.by Кацяй Барысевіч сядзелі ноччу ў машыне ў верасні 2020 года каля будынка РУУС, куды прывезлі нашых затрыманых калег.
Машыну нам пакінуў адзін з чытачоў Tut.by — ён хацеў падтрымаць нас і нашых журналістаў.
Усяго праз два месяцы Кацю затрымаюць і прысудзяць ёй паўгода калоніі. За артыкул, у якім яна напісала, што збіты праўладнымі актывістамі і памерлы ў бальніцы мінчук Раман Бандарэнка, насуперак заяве Лукашэнкі, быў цвярозы.
Да разгону Tut.by і нашага затрымання заставалася дзевяць месяцаў.
Тады, ужо сутыкнуўшыся з беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэпрэсіямі, мы яшчэ не ўяўлялі, што нас чакае наперадзе.
Незалежныя СМІ Беларусі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»
Аказалася, што можна зачысціць інфармацыйную прастору, не адключаючы інтэрнэт. Дастаткова проста абвясціць усе незалежныя СМІ экстрэмісцкімі арганізацыямі, а за любое ўзаемадзеянне з імі ўвесці адказнасць — адміністрацыйную або крымінальную.
За падпіску на «экстрэмісцкі» паблік або перасылку з яго спасылкі самага бяскрыўднага зместу, напрыклад прагнозу надвор’я, можна атрымаць 15 сутак арышту. А калі дасі інтэрв’ю такому СМІ або высветліцца, што ты на яго працуеш ці калісьці працаваў, калі яно яшчэ не было «экстрэмісцкім», то атрымаеш ужо рэальны тэрмін — тры ці чатыры гады.
Не верыце? Толькі праз мой атрад у калоніі ў 2023—2025 гадах за гэта прайшлі чатыры чалавекі. І гэта без уліку мяне.
Ці маглі мы, чыя юнацкасць прыйшлася на першыя гады незалежнай Беларусі, уявіць, што тэрміны дысідэнтаў эпохі «развітога сацыялізму» пададуцца нам мяккімі ў параўнанні з 10, 11, 12, 14 і 15 гадамі, якія шчодра раздавалі суддзі жанчынам пасля падзей 2020 года?
Гэта тэрміны з 1930‑х гадоў — эпохі Вялікага тэрору.
Так, нас не высылалі ў Сібір, мы не будавалі самі сабе лагеры ў стэпе, не валілі лес пры тэмпературы мінус 50. Можа, падзякаваць за гэта Лукашэнку? А можа, праблема толькі ў тым, што ў Беларусі няма стэпаў і няма Сібіры?
На свабодзе, але не дома
Са снежня 2025 года дзякуючы намаганням, у першую чаргу амерыканскага боку, я на свабодзе. Дакладней: на свабодзе, але не дома.
Цяпер у нас могуць быць толькі два варыянты: «дома, але не на свабодзе» і «на свабодзе, але не дома».
Праз Украіну нашу групу палітвязняў вывезлі з беларускіх калоній на тэрыторыю Еўрасаюза, а я ўжо атрымала міжнародную абарону ў Польшчы. Разам са мной мая сям’я, і, здаецца, я павінна быць шчаслівая? Не.
Не. Таму што ў калоніі дагэтуль застаецца мая калега Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка Tut.by. Шэсць сваіх дзён нараджэння яна ўжо сустрэла за кратамі. Людміла трымаецца і, упэўненая, выпраменьвае аптымізм. Але я ведаю, як ёй цяжка.
Не. Таму што беларускія журналісты працягваюць атрымліваць вялікія тэрміны.
Вось «ураджай» 2026 года. Медыяменеджараў легендарнага рэгіянальнага выдання Intex-press Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку асудзілі да 14 і 11 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Уладзіміру Янукевічу пры гэтым 65 гадоў!
Паўла Дабравольскага асудзілі на 9 гадоў. Па тры з паловай гады атрымалі журналіст Кірыл Пазняк і яго 20‑гадовая дачка Яніна.
У сакавіку пасля пяці з паловай гадоў за кратамі выйшла на волю Кацярына Бахвалава (Андрэева), але яе муж, журналіст Ігар Ільяш, мінулай восенню быў асуджаны да 4 гадоў калоніі.
Усяго за кратамі ў Беларусі цяпер знаходзіцца 21 прадстаўнік медыя.
Не. Таму што рэпрэсіі не спыняюцца.
У выніку перамоваў з амерыканцамі беларускія ўлады на працягу года вызвалілі (або прымусова вывезлі за мяжу) больш за 500 чалавек, сярод іх вядомых палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Аднак за краты працягваюць адпраўляць усё новых і новых людзей.
Апошняе масавае вызваленне адбылося ў сакавіку 2026 года. 28 красавіка з турмы выйшаў журналіст Андрэй Пачобут.
Паводле даных праваабаронцаў, на канец ліпеня 2026 года як мінімум 883 палітвязні працягваюць знаходзіцца ў турмах. Сярод іх шмат людзей з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем, людзей сталага ўзросту. Многія ўжо правялі за кратамі пяць, а то і шэсць гадоў.
Не. Таму што ў Беларусі фактычна забароненая прафесія журналіста.
Гучыць неймаверна: каб працягваць асвятляць падзеі ў краіне, мае калегі былі вымушаныя выехаць за мяжу. Яны пазбаўленыя магчымасці рабіць рэпартажы з месца падзей. Яны не могуць запісваць інтэрв’ю з героямі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Я ўжо не кажу пра ўдзел у афіцыйных прэс-мерапрыемствах.
Журналісты нават не могуць падпісвацца сваімі прозвішчамі. Большасць незалежных медыя ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а значыць, за любое супрацоўніцтва з імі людзям пагражае крымінальная адказнасць.
Тым не менш калегі застаюцца вернымі сваёй справе, і гэта, безумоўна, выклікае павагу і захапленне.
Беларускія журналісты былі вымушаныя змяніць падыходы да працы. З’явілася шмат цікавых расследавальніцкіх і аналітычных праектаў. Знаходзячыся за мяжой, складана трымаць руку на пульсе беларускіх падзей, але, здаецца, маім калегам гэта ўдаецца.
Жнівень 2020 года — лёсавызначальны месяц для Беларусі
Шэсць гадоў таму ў Беларусі адбыліся лёсавызначальныя падзеі.
На старце ўнікальнай у гісторыі краіны выбарчай кампаніі ўлады затрымалі двух самых сур’ёзных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага (першы атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі і быў вывезены з краіны ў снежні 2025 года, другі — 18 гадоў і быў вывезены ў чэрвені 2025-га).
Замест Ціханоўскага рашуча ўступіла ў барацьбу і зарэгістравалася кандыдатам у прэзідэнты яго жонка — Святлана. Разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала яны стварылі ўнікальнае жаночае трыо, сустрэчы з якім збіралі тысячы людзей нават у самых маленькіх і апалітычных мястэчках.
Ніколі раней народ Беларусі не быў так натхнёны і ўцягнуты ў выбарчую кампанію.
Аляксандр Лукашэнка традыцыйна пайшоў на грубыя фальсіфікацыі, якія ў лічбавую эпоху немагчыма было схаваць і пра якія мы ў рэдакцыі Tut.by атрымлівалі мноства сведчанняў.
Абураныя выбарцы выйшлі на пратэсты і сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным гвалтам з боку міліцыі.
Гвалт і рэпрэсіі не спыняюцца дагэтуль. Менавіта таму сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.
Цяпер многія расчараваныя і лічаць, што прайгралі. Я так не думаю: 2020 год паказаў сталасць беларускага народа, яго самастойнасць, гатоўнасць рашуча абараняць свой выбар і адстойваць правы законным шляхам.
Але сёння беларусы абапал мяжы перажываюць складаныя часы.
У гадавіну гэтых важных падзей я хачу звярнуцца да калег па ўсім свеце.
Калі ласка, не забывайце пра Беларусь. Мы ёсць. Нас 9 мільёнаў. І Беларусь — гэта не Лукашэнка. Пачуйце наш голас.
Каментары
яшчэ можна зразумець, калі чалавек, які сапраўды нібы толькі сёння прачнуўся, як тая казала, той сапраўды нічога спачатку не можа разумець... але каб журналістка, ды й шчэ рэдактар, ды не проста рэдактар, а галоўны рэдактар не можа нешта разумець, а значыць і прадбачыць.. прабачце, такое не магу зразумець