Свет66

У Омскай вобласці Расіі адкрылі ўнікальны музейны комплекс «Беларускае падвор'е»

Новае «Беларускае падвор'е» зладзіла наваселле ў Музеі-запаведніку «Даўніна Сібірская». Гасцей пасёлка Бальшарэчча сустрэў дом перасяленцаў часоў сталыпінскай рэформы, пабудаваны па старадаўняй тэхналогіі. Жыхары пасёлка — нашчадкі беларусаў, што некалі прыехалі туды — перадалі музею ўнікальныя сямейныя рэліквіі: адзенне, тканыя дываны, прадметы сялянскага быту канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

Жыхары пасёлка Бальшарэчча — нашчадкі беларусаў — уладкавалі гістарычны падворак. Фота: Музей-запаведнік «Даўніна Сібірская»

Беларускае падвор'е выглядае маштабна, піша «Расійская газета». Гэта комплекс плошчай больш за 800 квадратных метраў. Тут ёсць і двухпавярховы свіран, і выган, і асець. І калодзеж-журавель з шасціметровай жэрдкай.

У цэнтры падвор'я — дом млынара з кухняй, святліцай, высокімі вокнамі і прыгожай пабеленай печчу.

Асноўны паток беларускіх перасяленцаў на хвалі рэформы ў Бальшарэчча адзначаны 1898 годам. У далёкі шлях на край зямлі сяляне выпраўляліся праз малазямелле. Шматдзетныя сем'і трэба было карміць, а ў Сібіры ўрадлівай зямлі — удосталь. Тайга славілася багаццем звяроў, птушак, рыбы, грыбоў, арэхаў і ягад. А рукі ў беларусаў заўсёды былі, як кажуць, на месцы.

Добрым стымулам для пераезду стала сталыпінская рэформа, якая падтрымала перасяленцаў рублём. І беларусы аблюбавалі паўночныя тэрыторыі Омскай вобласці.

Дамы перасяленцаў выглядалі сціпла і аднолькава: печ, палаці, стол, драўляныя лаўкі, іконы ў покуці, ложкі, накрытыя лапікавымі коўдрамі. На акне — герань. Доўга гатавалася ў чыгунках наварыстая і сытная ежа. Дзверы без засоўкі. І сучаснае беларускае падвор'е бальшарэчанцы пастараліся стварыць у тым жа духу.

Паводле слоў спецыялісткі музея Аксаны Крынінай, дом і пабудовы будавалі з дабротнага чырвонага лесу. Бярвенню, як належыць, далі два гады адляжацца, і толькі потым прыступілі да будаўніцтва. З паўбярвення ўшчыльную ставілі плот. Сабраць рэчы дапамаглі мясцовыя жыхары, якія здолелі зберагчы каштоўную спадчыну далёкіх продкаў.

Адной з першых дарыльшчыц стала нашчадак перасяленцаў Вольга Райн, якая перадала ў фонды музея сямейныя рэліквіі. «Вось гэты дыван спецыяльнай іголкай пляла мая бабуля. Такі падарунак на наваселле лічыўся найбагацейшым. А колькі яна падарыла дзецям і ўнукам вось такіх вышываных ручнікоў, цяпер ужо і не палічыць. Вось газавая лямпа, якая асвятляла хату. Электрычнасці ж тады не было. Вось кошык, сплецены рукамі дзеда», — распавядае Вольга Барысаўна.

Улазіны сабралі ў Бальшарэччы велізарную колькасць гасцей. Дом асвячае святар. Маладыя навасёлы ў нацыянальных строях сустракаюць ля варот аднавяскоўцаў і турыстаў, якія прыйшлі на ўрачыстасць.

Гістарычна традыцыя прадугледжвала падарункі: хто курачку прынясе, хто пірог ці каравай, хто вышываны ручнік.

Гаспадары, як водзіцца, накрываюць шырокі стол з пачастункамі: блінамі, каўбасой, хлебам з сялянскім маслам, кавалкамі сала таўшчынёй на шэсць сантыметраў. На патэльні сквірчаць дранікі. Гаспадыня проста з кадушкі дастае духмяныя агурочкі, вырашчаныя на агародзе побач з домам.

Дбайна дагледжаныя градкі з морквай, цыбуляй, памідорамі, жоўтыя сланечнікі ўздоўж агароджы — усё выглядае гэтак жа, як і сто гадоў таму. У свірне — снапы лёну, часалкі, мялкі. У кошыках — ураджай яблыкаў. Беларусы былі моцнымі гаспадарамі. І ўсё ўмелі рабіць.

Сведчанне таму — не толькі дабротныя пабудовы, але і прадстаўленыя ў экспазіцыі кавальскія і ганчарныя вырабы. Саламяны воз у натуральную велічыню. Лялькі ў чалавечы рост у вышываных нацыянальных касцюмах, цацкі-сувеніры. Госці могуць таксама ўсяму гэтаму навучыцца ў беларускіх майстроў у межах майстар-класаў.

Ствараючы нацыянальныя строі, спецыялісты «Даўніны Сібірскай» сутыкнуліся з цікаўнай асаблівасцю. «У Бальшарэччы здаўна жывуць і беларусы, і рускія, і ўкраінцы. За доўгія гады добрасуседства ўсё пераплялося. Склалася агульная славянская культура. І таму адрозніць нацыянальныя асаблівасці было зусім няпроста», — прызналася Аксана Крыніна.

Павесяліцца беларусы таксама ўмелі. Вось і цяпер застольныя пасядушкі змяняе шырокае гулянне — з песнямі, танцамі, прыпеўкамі. 

Паводле слоў стваральнікаў «Беларускага падвор'я», праект будзе развівацца. У планах пабудаваць яшчэ адзін аб'ект. Бо які ж мельнік без сапраўднага млына.

Каментары6

  • Збышак
    17.08.2026
    трэба каб улады рабілі "карту беларуса" і заахвочвалі людзей вяртацца. ніц там не бэндзе
  • бабруйчанін
    17.08.2026
    Збышак
    ?? З Лёндана і Штатаў?? Ніц там ні бендзе))
  • Гісторык
    17.08.2026
    123, у 1898 годзе, самі сябе яны так не звалі:

    «Названіе «Белоруссь» искусственное, книжное и офиціальное. Сами себя потомки Кривичей подъ этимъ именемъ не знають. /.../ Подъ именемъ Белой Руси понимаетъ тамошній народъ Великороссію. Местная интеллигенція начала считать названіе «Белоруссомъ» даже обидным»...- русский этнограф С.В. Максимов. "Живописная Россия". 1877.

Цяпер чытаюць

Брэндавая сумачка за $4 тысячы і брыльянты. Віцэ-міс Беларусі Алія Кароткая схадзіла з сяброўкай паесці дранікаў7

Брэндавая сумачка за $4 тысячы і брыльянты. Віцэ-міс Беларусі Алія Кароткая схадзіла з сяброўкай паесці дранікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Стваральніца сеткі кафэ Myloverberry распавяла, як разам з мужам загнала паспяховы бізнэс у даўгі11

«Як беларус, бульбу вырошчваю». Як жыве Віталь Тысеў, які перажыў аперацыю на хрыбетніку2

Мядзведзь напаў на намётавы гарадок з турыстамі на Алтаі і разарваў дзяўчыну8

Telegram падаў заяўку на рэгістрацыю новага дамена .gram4

Міністр адукацыі: Рэпетытараў не ўспрымаю ад слова «зусім»34

Беларус абакраў расійскага вайскоўца1

35 гадоў таму ў СССР адбыўся путч. Як адрэагавалі беларусы?5

Украінскія беспілотнікі атакавалі Ніжагародскую і Тульскую вобласці2

Дзюдзя, кока, лёля, буба і з таго ж шэрагу — папа. Прычым колішняя папа — зусім не цяперашні13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брэндавая сумачка за $4 тысячы і брыльянты. Віцэ-міс Беларусі Алія Кароткая схадзіла з сяброўкай паесці дранікаў7

Брэндавая сумачка за $4 тысячы і брыльянты. Віцэ-міс Беларусі Алія Кароткая схадзіла з сяброўкай паесці дранікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць