Культура33

У Беластоку адкрылі беларускую кнігарню Kamunikat.shop. Як прайшло адкрыццё і што абмяркоўвалі?

Кнігарня Kamunikat.shop пачала працаваць у Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку 8 верасня. Пасля адкрыцця прайшла размова пра дачыненні беларусаў і палякаў на Беласточчыне ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны, піша Радыё Свабода. 

Як расказаў кіраўнік кніжнага выдавецтва Kamunikat Яраслаў Іванюк, у краме Kamunikat.shop можна набыць кнігі не толькі іхняга выдавецтва, але і іншых: Gutenberg, «Янушкевіч», «Логвінаў», Skaryna Press, «Полацкія лабірынты», «Чабор», Цэнтра беларускай культуры, Музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, а таксама грамадска-культурны тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва».

«Кожны знойдзе тут нешта для сябе, бо ёсць мастацкая паэзія, проза, нон-фікшн, гістарычныя працы, дзіцячая літаратура. Беларуская кніга жыве, пакуль ты чытаеш», — расказвае Яраслаў Іванюк.

Крама будзе адчыненая з панядзелка па пятніцу з 15‑й да 18‑й гадзіны па адрасе Варшаўская вуліца, 1А. Гэта ўжо другая кнігарня Kamunikat.shop. Першая з вясны працуе ў Варшаве ў Цэнтры беларускай салідарнасці.

Пасля адкрыцця кнігарні прайшла сустрэча з пісьменніцай беларускага паходжання з Беласточчыны Анэтай Прымакай-Онішк і перакладчыцай Наталляй Русецкай з нагоды выхаду кнігі «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» ў перакладзе на беларускую мову.

Гэта дакументальны рэпартаж пра гісторыю праваслаўных беларусаў у Польшчы ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны. Яна расказвае пра гвалт з боку польскага антыкамуністычнага падполля (атрадаў Рамуальда Райса «Бурага» і іншых) у дачыненні да мірных праваслаўных беларусаў, якіх часам беспадстаўна залічвалі да камуністаў.

«Гэтая кніга, таксама як і «Бежанства», — гэта гісторыя тваёй сям’і, але не толькі, бо праз яе ты паказваеш гісторыю беларусаў Беласточчыны. Гэта тое, што ў нас крышку забытае», — адзначыў у пачатку Яраслаў Іванюк, звяртаючыся да пісьменніцы.

«Людзі жывуць у сітуацыі нерасказанай, балючай гісторыі»

Анэта Прымака-Онішк расказала, што ёй было ў пэўным сэнсе прасцей працаваць над гэтай кнігай, чым над тэмай бежанства 1915 года, бо яшчэ шмат людзей памятала той пасляваенны перыяд.

«Але гэта была балючая памяць. Найбольшы канфлікт памяці паміж польскай і беларускай перспектывай. Тут пасля вайны суседзі выступілі супраць суседзяў. Мацнейшыя суседзі, то-бок большасць — супраць нашых людзей (беларусаў. — РС). Пасля гэтага прыйшла стабілізацыя. Усё супакоілася. І людзі па сённяшні дзень жывуць у сітуацыі нерасказанай вельмі балючай гісторыі», — заўважыла аўтарка.

Яна звярнула ўвагу, што калі беларусы на Беласточчыне жылі побач з палякамі, то яны ведалі, што можна публічна гаварыць, а чаго нельга.

«Каму можна сказаць, што майго дзеда забілі банды, а каму лепей гэтага не гаварыць», — адзначыла яна.

Іванюк заўважыў, што беларусам такая сітуацыя зразумелая на прыкладзе сталінскіх рэпрэсій 1920— 1930‑х гадоў, калі пра расстрэл кагосьці з родных многія таксама не казалі публічна.

Падчас прэзентацыі кнігі

Прымака-Онішк вырашыла адкрыць гэтую скрыню Пандоры, хаця некаторыя гісторыкі казалі ёй, што не варта гэтага варушыць, лепей забыцца. Пры гэтым пісьменніца бачыла, што тых, ад каго беларуская меншасць цярпела, хто забіваў беларусаў на Падляшшы, ушаноўваюць у публічнай прасторы ў Польшчы — маршамі або помнікамі.

Адначасна распаўсюджвалася меркаванне, што калі ў пасляваенны час антыкамуністычнае падполле і забівала кагосьці, то гэта былі здраднікі і калабаранты. Урэшце Анэта Прымака вырашыла расказаць сваю гісторыю.

Яраслаў Іванюк прыгадаў на сустрэчы гісторыю з ягонага роднага мястэчка Бельска на Беласточчыне пра ўплыў рэйдаў, якія праводзілі ў тым ліку атрады «Бурага», падчас якіх таксама забівалі беларусаў.

«Непадалёк ад маёй роднай хаты жыў праваслаўны чалавек, які ніколі па-свойму (на падляскай гаворцы. — РС) не адазваўся і заўсёды ялінку ўпрыгожваў на 24 снежня. Мой бацька запытаў: «Слухай, Коля, што ты сабе думаеш? Па-нашаму не гаворыш і на каталіцкія Каляды ялінку ўпрыгожваеш». А ён сказаў па-польску: «Слухай, Коля, калі праз нашу вёску прайшоў «Буры», то ён нічога не зрабіў. Але ад гэтага часу ніхто ў нас ужо па-свойму не казаў. І ўсе ставілі ёлку на каталіцкія Каляды», — расказаў Іванюк.

Ён таксама звярнуў увагу, што да Прымака-Онішк ніхто з аўтараў на Беласточчыне публічна не ўздымаў гэтую тэму і не ўжываў у друку лексіку, якой карысталіся ў народзе. Не згадваў, што прадстаўнікоў гэтых антыкамуністычных атрадаў людзі, у тым ліку, называлі «бандамі», а мясцовыя палякі называлі беларусаў «кацапамі».

«Пытанне памежжа заўсёды хвалявала мяне»

Перакладчыца кнігі Наталля Русецкая расказала, што яе часткова выхоўвалі на беларуска-польскім памежжы, калі яна прыязджала да бабулі ў Гродна. Яны ўлетку хадзілі ў суседнюю вёску да мясцовых гаспадынь па малако.

«І гэта называлася «схадзіць да палякаў». І сапраўды цётка гаварыла па-польску. Пытанне памежжа мяне заўсёды хвалявала з таго самага моманту, як цётка мяне ўпершыню забрала ў закрытую яшчэ ў Савецкім Саюзе памежную зону — яна працавала экскурсаводам — у вёску, якая была на самай мяжы. Хаткі, лясок. Там — ужо Польшча. Я бачу: нічога не мяняецца. Я чакала, што за мяжой адразу будзе нешта ўсё не наша, усё чужое, так, як расказвала савецкая прапаганда, а тут проста рыса ў полі», — успамінае свой досвед жыцця на памежжы Наталля Русецкая.

Другі момант, які паўплываў на яе зацікаўленасць памежжам, — выпадак у польскай вёсцы ў 1995 годзе. Тады Наталля пачула, як вяскоўцы на лавачцы гавораць «па-нашаму».

«Мы там пад Гродна хадзілі ў вёску і ламалі языкі, гаварылі па-польску. А тут яны ў Польшчы і па-нашаму гавораць. Гэта было вельмі моцнае здзіўленне. Потым я шмат чытала пра розныя памежжы, дзе так, як торт, не адрэжаш. Яно заходзіць адно на адно», — успамінае выступоўца.

«Мой дзед з боку мамы меў сем грамадзянстваў за сваё жыццё», — дадаў пра адметнасць жыцця на памежжы Яраслаў Іванюк.

На закіды, што, маўляў, яна не можа аб’ектыўна напісаць пра гэтую гісторыю, Анэта Прымака адказвае, што калі палякі могуць пісаць свой погляд на гэты перыяд, то чаму беларусы не могуць пісаць пра свае перажыванні тых часоў. Пытанні пра аб’ектыўнасць яна лічыць маніпулятыўным.

Анэта Прымака-Онішк, Яраслаў Іванюк, Наталля Русецкая

Аўтарка дадае, што яна слухала розныя галасы па гэтай тэме, чытала тое, што раней было напісана пра ўзаемаадносіны палякаў з беларусамі на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд, у тым ліку дакументы ў архівах. Яна імкнулася глядзець на з’яву шырока і сумленна гэта апісваць. Пісьменніца падзялілася, што яе даследаванне ў выніку аказалася цікавым не толькі для беларусаў, але і для палякаў.

«Мне было важна напісаць у кнізе, што я беларуска. І расказаць гэтую гісторыю справядліва, але сваім голасам з нашай беларускай перспектывы», — адзначыла Анэта Прымака-Онішк.

«Мяне захапіла тое, наколькі Анэта па-майстэрску спалучыла асабістую шчырасць з сумленным журналісцкім даследаваннем і працай у архівах. Мы атрымалі гісторыю, якая ўражвае, якая прымушае задумацца», — падсумавала перакладчыца кнігі Наталля Русецкая.

Каментары3

  • Віленчук
    09.09.2026
    А ці ёсць на Віленшчыне беларускія кнігарні?
  • .
    09.09.2026
    Віленчук, у Ашмянах, Астраўцы, Смаргоні, Вілейцы, Мядзелі, Глыбокім, Паставах, Лідзе, Іўе, Маладзечне дакладна ёсць
  • Настасся
    09.09.2026
    працуе з 15 до 18 пн-пт. Працоўнаму чалавеку проста не патрапіць да вас:( Зрабіце хаця б у суботу пару працоўных гадзінак і будзе ўсім шчасце

Цяпер чытаюць

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў16

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін і Трамп пагаварылі пра вайну ва Украіне1

Абнавілі Дырэктыву №1 аб умацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны3

У Беларусі з’явіўся вінаград са смакам клубніц1

Дачка Ілана Маска стала тварам правакацыйнай кампаніі супраць штучнага інтэлекту17

У Беларусі пачалі шыць зімовую вопратку для цялят1

Вілейскі хлебазавод стаў выпускаць торты для будучых бацькоў

Трамп апублікаваў карту, на якой у склад ЗША уключаныя ўся Паўночная і Цэнтральная Амерыка, а таксама Ісландыя12

Сябар Пачобута: Пасля тыдня ў Беларусі Андрэй паедзе ў Амерыку7

Да вёскі пад Гроднам прыбілася знясіленае казуляня. У заапарку паказалі, што з ім цяпер ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў16

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць