Новы ці ўжываны? Колькі каштуюць Geely і Belgee з прабегам і ці моцна яны страчвалі ў цане
Апошнія некалькі гадоў аўтамабілі беларускай вытворчасці, якія выпускаюцца пад маркамі Geely і Belgee, займаюць больш за 50% рынку новых аўто. Паглядзелі, што сабой уяўляе другасны рынак машын айчыннай зборкі.

Belgee S50
Седан Belgee S50 новым прадаецца па цэнах ад 58 200 рублёў (каля $19 250) за базавую версію з механічнай каробкай перадач.
За патрыманыя Geely Emgrand (да рэбрэндынгу так называўся Belgee S50) з механічнай каробкай перадач 2022—2024 гадоў выпуску, якія не паспелі папрацаваць у таксі, просяць ад 33 да 45 тысяч рублёў (каля 10 900—14 900 даляраў).

Belgee S50 з аўтаматычнай каробкай перадач новым прадаецца па цэнах ад 62 400 рублёў (каля $20 650) у камплектацыі Comfort+ і ад 67 800 рублёў (каля $22 400) у камплектацыі Flagship Plus.
За машыны 2025 года з аўтаматычнай каробкай перадач у залежнасці ад прабегу і камплектацыі просяць ад 45 да 55 тысяч рублёў (каля 14 900—18 200 даляраў).
Сярод аб’яў аб продажы хапае машын, у якіх папярэдні ўласнік ужо зрабіў дадатковую антыкаразійную апрацоўку або наклеіў браняплёнку, каб абараніць лакафарбавае пакрыццё ад пашкоджанняў.

Самыя танныя машыны, натуральна, тыя, што пасля працы ў таксі. За аўтамабіль з прабегам пад 400 тысяч кіламетраў просяць 22 700 рублёў (каля 7500 даляраў), і гэта найтаннейшы варыянт, калі не ўлічваць машыны, пашкоджаныя ў ДТЗ. Аўтамабіль 2023 года выпуску, мае газавае абсталяванне на метане.
На фота бачна, што на парогах ёсць сляды карозіі, фарба лушчыцца і ёсць пагнутасці — тыповыя «асаблівасці» аўтамабіляў, якія доўга працавалі ў таксі.
Яшчэ адзін Emgrand 2023 года на метане, які працуе ў таксі і мае прабег каля 370 тысяч кіламетраў, прадаюць за 31 700 рублёў (каля 10 500 даляраў).
Агулам сярод ужываных Emgrand і S50 прадаецца нямала машын, якія выкарыстоўваліся ў таксі. Большасць з іх мае заяўлены прабег каля 200 тысяч кіламетраў.

Наколькі добра карыстаюцца попытам такія аўтамабілі на другасным рынку, дакладна не вядома. Але агулам S50 мае даволі неблагія водгукі ад уласнікаў. Як бюджэтнік, S50, можна сказаць, мае няшмат канкурэнтаў на беларускім рынку, бо пасля сыходу з Расіі сусветных аўтавытворцаў, у Беларусі зніклі з продажу раней папулярныя VW Polo, Skoda Rapid і Renault расійскай зборкі.
Галоўнай парадай для ўласнікаў Geely/Belgee называюць нанясенне дадатковай антыкаразійнай апрацоўкі. Гэта маст хэв, інакш на днішчы аўтамабіля і ў схаваных паражнінах даволі хутка пачынае з'яўляцца іржа.

Belgee X50 — сапраўдны бестселер
Самы папулярны аўтамабіль у Беларусі, які прадаюць новым, — гэта кампактны кросовер Belgee X50, які да рэбрэндынгу называўся Geely Coolray.
Новы Belgee X50+ (рэстайлінгавая версія X50) прадаюць па цэнах ад 61 900 рублёў ($20 600) за аўто ў камплектацыі Comfort, ад 64 900 рублёў ($21 600) у камплектацыі Luxury і ад 71 900 рублёў ($23 950) у камплектацыі Flagship.
За ўжываныя Belgee X50 2023 года просяць ад 45 500 рублёў (каля 15 150 даляраў).

Столькі просяць за аўтамабіль з прабегам пад 100 тысяч кіламетраў. У апісанні пазначана, што машына абклееная ахоўнай плёнкай і прадаецца ад першага ўласніка, які набыў яе новай у дылера і там жа пасля абслугоўваў.
Geely Coolray 2020—2021 гадоў прадаюць па цэнах ад 40 тысяч рублёў (каля 13 500 даляраў).

Наколькі высокім попытам карыстаюцца шасцігадовыя Coolray з прабегам каля 100—150 тысяч кіламетраў па цэнах ад 40 тысяч рублёў, калі новыя і ўжо пасля рэстайлінгу каштуюць ад 58 тысяч, — пытанне складанае. Тым больш новыя аўто можна набыць з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання.
З другога боку, даволі высокія цэны на ўжываныя аўто — гэта добры сігнал для тых, хто збіраецца набыць такое аўто, у тым ліку новае. Бо выглядае, што Geely і Belgee у Беларусі не паўтараюць гісторыі са шматлікімі кітайскімі машынамі, якія за першыя два-тры гады гублялі палову цаны.
Агулам у Беларусі цяпер прадаецца каля 300 ужываных Coolray і X50 — прыкладна ў роўных прапорцыях.
Atlas
Яшчэ адзін бестселер з мінулага, Geely Atlas, каштуе ад 33 тысяч рублёў (11 тысяч даляраў). Столькі просяць за машыны 2017—2019 гадоў выпуску з прабегам каля 200 тысяч кіламетраў.

Што да агульных лічбаў, то на av.by размешчана амаль 2000 аб'яў аб продажы Geely і Belgee. Натуральна, што не ўсе яны сабраныя ў Беларусі, бо некаторыя мадэлі прывозяць наўпрост з Кітая. Але ў любым выпадку гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што Geely/Belgee сталі сапраўды народнымі аўтамабілямі.
Каментары