Маладога бацьку з Кармы асудзілі за Гаюна. Яго адзначалі як адданага сацыяльнага работніка
Уладзіслаў Беднякоў працаваў у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання і атрымліваў граматы за дапамогу людзям. Але нядаўна маладога бацьку асудзілі за палітыку.

Уладзіславу Бяднякову 31 год. Ён з Хойнікаў. Мужчына скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
Некалькі гадоў ён працаваў у Расіі ў маскоўскіх сэрвісах дастаўкі і арэнды самакатаў, аднак нядаўна вярнуўся ў Беларусь. У яго ёсць сям'я: пара чакае другое дзіця.
Апошнім часам Уладзіслаў працаваў у Кармянскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яшчэ на пачатку 2026 года, падчас святкавання Дня работнікаў сацыяльнай абароны, Беднякоў атрымаў ганаровы дыплом ад кіраўніцтва ўстановы за актыўнасць і адданасць прафесіі.
Аднак у гэтым годзе Уладзіслава асудзілі за палітыку. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Хутчэй за ўсё, пераслед звязаны са справай Гаюна. Мужчыну прысудзілі хатнюю хімію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Бо ёсць пэўны досьвед, які надыхае гэтых *******.
Як бы на Латушку не нападалі лукашня з пазьнякоўцамі і інш., ён распачаў адказную справу па МКС, каб спыніць беспакаранасць злачынцаў.