У выпадку нападу Расіі Швецыя больш не будзе абмяжоўвацца толькі абаронай сваёй тэрыторыі. Пра гэта заявіў начальнік Цэнтра вядзення паветранай вайны ВПС Швецыі палкоўнік Карл Бергквіст. Паводле яго слоў, новая канцэпцыя прадугледжвае наступальныя дзеянні і знішчэнне цэляў у глыбіні тэрыторыі праціўніка.

Бергквіст падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра прэвентыўныя ўдары. Мэта такой стратэгіі — стрымліванне патэнцыйнага агрэсара, які павінен разумець, што ў выпадку вайны баявыя дзеянні не будуць адбывацца толькі на шведскай тэрыторыі.
На перагляд стратэгіі шведскіх ВПС паўплываў і досвед вайны ва Украіне. У Швецыі лічаць важным не дапусціць атрымання праціўнікам перавагі ў паветры. Таму да ўжо наяўнай тактыкі хуткага перабазавання і рассейвання авіяцыі вырашылі дадаць магчымасць наносіць удары па аб'ектах на тэрыторыі праціўніка.
Паводле новай канцэпцыі, удары па лагістычных аб'ектах, штабах і авіябазах у глыбіні тэрыторыі Расіі маглі б на пачатковай стадыі запаволіць або сарваць ваенную аперацыю.
Адным з ключавых элементаў стратэгіі павінна стаць інтэграцыя крылатых ракет Taurus KEPD 350 знішчальнікамі JAS 39 Gripen. Далёкасць гэтых ракет перавышае 500 кіламетраў, яны могуць ляцець на вышыні да 50 метраў і прызначаныя для знішчэння ўмацаваных аб'ектаў. Акрамя таго, шведскія ўзброеныя сілы плануюць набыць сістэмы з яшчэ большай далёкасцю. У дакументах, накіраваных ураду, запытваліся крылатыя і балістычныя ракеты, здольныя знішчаць цэлі на адлегласці да 2000 кіламетраў. Адлегласць ад Стакгольма да Масквы складае каля 1200 кіламетраў.
Новая канцэпцыя таксама прадугледжвае выкарыстанне аўтастрадаў у якасці ўзлётна-пасадачных палос, узмацненне супрацьпаветранай абароны, барацьбу з беспілотнікамі і развіццё разведвальных магчымасцяў з выкарыстаннем дронаў і спадарожнікаў.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Швецыя перагледзела ацэнку пагроз сваёй бяспецы і ў 2024 годзе ўступіла ў НАТА. Так краіна, якая больш за 200 гадоў захоўвала нейтралітэт, стала часткай абароннай структуры паўночнага флангу Альянсу разам з Фінляндыяй, Нарвегіяй і краінамі Балтыі.
Раней шведская разведка папярэджвала, што ў перспектыве некалькіх гадоў Расія можа правесці абмежаваныя ваенныя аперацыі ў рэгіёне. Сярод пераваг Швецыі называецца яе геаграфічнае становішча: блізкасць да Балтыйскага рэгіёна дазваляе хутчэй рэагаваць на пагрозы, а магчымасць выкарыстоўваць знішчальнікі Gripen з рассеяных пазіцый павышае ўстойлівасць шведскай авіяцыі.
Фінляндыя і Швецыя ўпершыню разам паднялі ў паветра знішчальнікі для перахопу расійскіх вайсковых самалётаў
Данія папярэдзіла, што ў найбліжэйшыя месяцы Расія можа атакаваць адну з краін НАТА
Еўрапейскія спецслужбы папярэдзілі пра магчымую эскалацыю аперацый Расіі супраць НАТА ў бліжэйшыя месяцы
У Швецыі левыя партыі атрымалі большасць на выбарах, прэм’ер пайшоў у адстаўку
Каментары