Як будзе выглядаць Акадэмія КДБ, якую будуюць на Залатагорскіх могілках
Пра тое, што за Залатагорскіх могілках у Мінску будецца новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі, якая знаходзіцца ў ведамстве КДБ Беларусі, стала вядома яшчэ ў 2023 годзе. «Наша Ніва» падрабязна расказвала пра ход будоўлі. Цяпер «Радыё Свабода» даведалася, як будзе выглядаць гэтая Акадэмія КДБ.
У праектнай дакументацыі, якую атрымала і вывучыла «Радыё Свабода», за назвай «шматфункцыянальнага будынку» хаваецца рэжымны навучальна-жылы комплекс з уласнай сталоўкай і спартовай інфраструктурай.

Комплекс складаецца з трох асноўных частак: блока А — навучальнага корпусу з інтэрнатам, блока Б — сталоўкі і блока В — басэйну з спартовай заляй. На агароджанай тэрыторыі аб’ект прадугледжаны кантрольна-прапускны пункт з боку вуліцы Залатой Горкі.
Галоўная частка комплексу — БЛОК А. У тлумачальнай запісцы ён названы «навучальным корпусам з інтэрнатам». Гэта шасціпавярховы будынак з падземным і тэхнічным узроўнямі. Яго агульная плошча — амаль 28,9 тысячы квадратных метраў. Праектная колькасць навучэнцаў — 1250 чалавек, з іх для 627 прадугледжаныя месцы ў інтэрнаце.
Ніжні, падземны ўзровень блока А, размешчаны на глыбіні пяці метраў.
Тут запраектаваная стралковая галерэя плошчай 597,8 м² і даўжынёй каля 56 метраў, асобны склад зброі, два пакоі для яе захоўвання і адзін для яе выдачы, склад РХБА (радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны), два склады з пазнакай НЗ (у вайсковай тэрміналогіі звычайна азначае недатыкальны запас на выпадак надзвычайнай сітуацыі), чатыры склады КЭС (у вайсковай тэрміналогіі азначае кватэрна-эксплуатацыйную службу, якая адказвае за будынак, інжынэрную і гаспадарчую маёмасць).

Астатнюю частку падземнага ўзроўню займаюць тэхнічныя, складскія і бытавыя памяшканні для персаналу. Сярод іх — склады «матэрыяльнай маёмасці», мужчынская і жаночая гардэробныя для 80 чалавек абслуговага персаналу, склад лыжаў, а таксама дэбаркадар для разгрузкі аўтамабіляў тыпу «Газель-3302».
Падземны паркінг у комплексе, разлічаным на больш як тысячу чалавек, праектам не прадугледжаны.

На першым паверсе ў плане пазначаныя пост аховы, асобныя пакоі для захоўвання зброі і мабільных тэлефонаў, гардэроб, а таксама сістэма кантролю доступу ў вестыбюлі. Тут жа запраектаваныя камп’ютарныя класы, рознага фармату аўдыторыі, трэнажорная заля і заля агульнай фізічнай падрыхтоўкі. Ёсць і ўласны медычны блок — кабінеты тэрапеўта і стаматолага, працэдурны пакой.
Другі паверх — больш адміністрацыйны. Тут запланавана шмат кабінетаў, бібліятэка, некалькі аўдыторыяў, кіна-лекцыйная/актавая заля на 300 месцаў, а таксама дзве канферэнц-залі.
Асобнае крыло адведзена для кіраўніцтва ўстановы. Паводле праектнай дакументацыі, тут прадугледжаныя два кабінетныя блокі плошчай 104,5 і 93,5 м². Кожны ўключае «кабінет кіраўніка», уласную прымальню, пакой адпачынку і санвузел з душам. Зважаючы на структуру кіраўніцтва АНБ і наяўнасць толькі двух такіх памяшканняў, можна меркаваць, што гэтыя памяшканні прызначаюцца для двух кіраўнікоў установы — начальніка акадэміі Валянціна Платонава і яго першага намесніка Генадзя Краско. Аднак у праекце не пазначана, хто менавіта будзе карыстацца гэтымі памяшканнямі.
Трэці паверх пазначаны ў дакументах як тэхнічны і амаль не мае вокнаў. Тут знаходзіцца ніжні ўзровень дзвюх лекцыйных аўдыторыяў на 150 чалавек і тэхнічныя памяшканні.
З чацвёртага паверху па шосты значную частку плошчы займае інтэрнат, які сумяшчаецца з вынесенымі ў асобнае крыло навучальнымі класамі і лекцыйнымі аўдыторыямі. На кожным з трох паверхаў па 209 спальных пакояў — агулам 627. Пакоі пераважна чатырохмясцовыя, ёсць і трохмясцовыя. Вынік падліку супадае з праектнай ёмістасцю інтэрнату, пазначанай у тлумачальнай запісцы.

БЛОК Б — асобны аднапавярховы корпус сталоўкі з падвалам і дахам, ён таксама ўключае спартовы комплекс.
Агульная плошча 4,3 тысячы квадратных мэтраў. На першым паверсе запланаваныя тры абедныя залі — на 240, 88 і 12 месцаў, агулам на 340 чалавек. Паводле дакументаў, сталоўка будзе мець поўны цыкл прыгатавання ежы: гарачы, халодны, рыбны, мясныя цэхі, цэх гародніны, склады для рознага кшталту прадуктаў і спецыяў, асобнае памяшканне для разбірання мяса, халадзільныя камеры і тэхнічнае абсталяванне.
На «эксплуатаваным даху» будынку праект прадугледжвае спартовы стадыён з бегавымі дарожкамі і пляцоўкамі для міні-футболу, баскетболу, валейболу, бадмінтону і тэнісу. Асобную частку даху адводзяць пад вулічныя трэнажэры.
БЛОК В — двухпавярховы спартовы корпус з падземным тэхнічным узроўнем, агульнай плошчай каля 2,8 тысячы квадратных мэтраў. На першым паверсе заплянаваны 25‑мэтровы басэйн, разьдзявальні, душавыя і дзьве саўны. На другім — спартовая заля плошчай 634 квадратныя мэтры з дапаможнымі памяшканьнямі.
Разам агульная плошча толькі трох асноўных блокаў складае каля 36 тысяч квадратных мэтраў. Звонку комплекс плануюць выканаць пераважна ў шэрых, светла-шэрых танах зь белымі карнізамі. Сцены з вентыляванымі фасадамі з керамаграніту. Толькі для блока А закупная дакументацыя прадугледжвае каля 7,9 тысячы м² керамагранітнага пакрыцця, за якое аддадуць амаль 3,11 мільёна рублёў (прыкладна 1,04 мільёна даляраў).
Будуюць навучальную ўстанову КДБ за бюджэтныя сродкі. Як вынікае з дадзеных дзяржаўных інвестыцыйных праграмаў, сума вылучаных на будаўніцтва грошай складае не менш за 25,7 мільёна рублёў.
Архітэктурны праект навучальнага корпусу з інтэрнатам распрацаваў «Інстытут Белдзяржпраект». Галоўная інжынерка праекту — Юлія Серада. Праекты басейну і кантрольна-прапускнога пункту выканала прыватнае прадпрыемства «Гомельінтэрпраект». Галоўным архітэктарам праекту навучальнага корпусу з інтэрнатам пазначаны архітэктар «Інстытуту Белдзяржпраект» Валеры Куцко. У 2012 год ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за стварэнне «Менск-Арэны», а сярод ягоных праектаў — спецыялізаваны ліцэй МУС на вуліцы Стаханаўскай, 13 і сярэдняя школа міліцыі на 500 навучэнцаў на вуліцы Філімонава.
Каментары