Статкевіч: Сапраўдная мэта вайны ва Украіне — ліквідацыя ўкраінцаў як нацыі
Экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале разважае пра расійска-ўкраінскую вайну, яе прычыны і наступствы.

«Расійска-ўкраінская вайна ідзе ўжо пяты год. Нягледзячы на пераможныя ды супрацьлеглыя рэляцыі бакоў, у сухой рэшце — Расія дагэтуль не здолела захапіць нават увесь Данбас. Невялікая незахопленая частка гэтай разбуранай тэрыторыі чамусьці абвешчана прапагандай Масквы ледзь не галоўнай мэтай вайны, дасягненне якой будзе лічыцца яе перамогай.
Трэба адзначыць, што заяўленыя Крамлём мэты вайны неаднаразова змяняліся. Спачатку гэта было спыненне прасоўвання «злавеснага НАТА» да расійскіх межаў. Але, пасля далучэння да «пагрозлівага» блоку Фінляндыі ды Швецыі, якое не пацягнула за сабой заўважнай рэакцыі РФ, пагроза далучэння да НАТА Украіны ў расійскай прапагандзе неяк адышла на другі план.
Калі тое НАТА ўжо пад Піцерам, то казаць пра вайну за прадухіленне пагрозы яго прасоўвання пад Курск неяк ужо пазнавата. Толькі нагадаць падданым, што яно ўжо наблізілася «па самае не магу». Таму цяпер афіцыйная мэта вайны для Крамля — захоп рэшты тэрыторыі шматпакутнага Данбаса.
Дзеля гэтай «вялікай» мэты Крэмль адмаўляецца ад спынення агню, выракае на пакуты і смерць сотні тысяч расіян і ўкраінцаў, ахвяруе ўласнай эканомікай і будучыняй сваёй краіны. Непазбежна ўзнікае пытанне, а дзеля чаго ўсё гэта, дзеля чаго вайна і страты?
Дзеля «народаў ДНР і ЛНР»? Дык іх да 2022 года і без вайны можна было аб'явіць «суб'ектамі РФ». Украіна наўрад ці пачала б з-за гэтых, што ўжо адкалоліся, тэрыторый вайну з Расіяй. Прыклад анексіі Крыма гэта паказаў. Пратэсты і санкцыі Захаду? У любым выпадку, меншыя, чым зараз.
Дык чаму цяпер невялікае павелічэнне тэрыторый тых «ДНР і ЛНР» зрабілася настолькі важным, што Крэмль ледзь не гатовы пачаць з-за іх ядзерную вайну?
Падаецца, што гэта хлуслівая мэта. Але яна аб'яўленая, шмат разоў паўтораная ды ўбіта ў галовы прапагандай і цяпер адмова ад яе можа быць успрынятая расіянамі як параза.
Ужо тут, што сапраўдная мэта вайны іншая, і таксама заснавана на хлусні.
Гэта мэта — знішчэнне ўкраінскай дзяржавы і нацыі. Некалі, каб пазбыцца памяці пра ганебныя стагоддзі мангольскага рабства ды атрымаць правы на Украіну і Беларусь, Масква нахабна прысвоіла сабе гісторыю сучасных украінцаў, абвясціла яе сваёй.
Так, сапраўды, некалі значныя тэрыторыі сучаснай Расіі падпарадкаваліся Кіеву. Але аб'яўляць сябе з-за гэтага сапраўднымі ўладальнікамі Украіны ды яе старадаўняй і славутай гісторыі — нахабна хлусіць. Гэта, як бы прэзідэнт ЗША абвясціў Вялікабрытанію і Францыю амерыканскімі тэрыторыямі, бо некалі гэтыя краіны валодалі землямі на тэрыторыі сучасных ЗША. Хаця, зараз такія часы, што і такое можа здарыцца.
Гістарычная хлусня, некалі падмацаваная стратэгічна правальным выбарам Багдана Хмяльніцкага, стала асновай расійскага гістарычнага міфа, апірышчам нацыянальнай самасвядомасці расіянаў.
Але з'яўленне ва ўкраінцаў сваёй дзяржавы, іх законныя прэтэнзіі на ўласную гісторыю, нанеслі моцны ўдар па нацыянальнай самапавазе расіян. Таму само існаванне ўкраінскай нацыі было абвешчанае праявай «нацызму». І расійская грамадская думка падтрымала сапраўдную мэту вайны — ліквідацыю ўкраінцаў як нацыі.
Цяпер, калі гэта нацыя, у вачах усяго свету і расіян, у тым ліку, даказала сваё права на існаванне, і, такім чынам, на сваю старадаўнюю гісторыю, у Крамля ўзнік яшчэ адзін матыў да працягвання вайны — страх помсты ўкраінцаў за зробленае іх народу і краіне.
Дарэчы, Крэмль ужо зрабіў спробы стварэння новага гістарычнага міфа для сваіх падданых. Пабудова каля Севастопаля новай «святыні» замест ужо разбомбленай ім Кіева-Пячэрскай Лаўры — з гэтай серыі.
Улічваючы, якія праблемы ўтвараюць рэгіёну і свету гэтыя спробы Масквы ўзброеным чынам уратаваць свой фальшывы гістарычны міф, мушу дапамагчы ўсходнім суседзям знайсці новы. Парада — шукайце ва ўласнай рэальнай гісторыі ды на сваёй зямлі.
Бярыце прыклад з беларусаў. Мы не прэтэндуем на чужое. Грунтуемся на сваім. Хай гісторыя Полацкага княства крыху пазнейшая за Кіеўскае і было яно ненадоўга (нашы гісторыкі кажуць пра 70 гадоў агулам) падпарадкавана Кіеву, але ж, затое, сваё. І дае нам несумненнае права весці ад яго гісторыю сваёй дзяржаўнасці.
Болей за тысячу год — гэта нямала.
Магу канкрэтызаваць сваю параду — прыгледзьцеся да сваёй гісторыі. Не, я не пра выразаны маскоўцамі вольны Ноўгарад са сваёй адметнай мовай. Вось Уладзіміра-Суздальскае княства — бясспрэчна ваша. Старадаўняе, у пэўны час паднялося вышэй за Кіеў. З вельмі цэнтралізаванай, як і цяпер у вас, уладай. Не кажучы ўжо пра сапраўды старадаўнія ды прыгожыя храмы.
Дзякаваць за параду не трэба. Толькі перастаньце лезці да суседзяў са сваім «трыадзіным», якога ніколі не было, «народам». Нам вашы фальшывыя міфы вельмі дорага каштавалі раней і каштуюць цяпер. Вам, думаю, таксама не мала. Займіцеся лепей уладкаваннем уласнага жыцця і захаваннем уласнай тэрыторыі», — рэзюмаваў Мікалай Статкевіч.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары