Белы дом рыхтуецца дзейнічаць без згоды Кангрэса, калі на выбарах перамогуць дэмакраты
Каманда Дональда Трампа некалькі месяцаў распрацоўвае рашэнні ў сферах іміграцыі, мытаў, жылля і бюджэтных выдаткаў, якія прэзідэнт зможа прымаць самастойна. Адначасова чыноўнікаў рыхтуюць да магчымых расследаванняў Кангрэса, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.

Падрыхтоўка ідзе з красавіка. У ёй удзельнічаюць намеснік кіраўніка апарату Белага дома Стывен Мілер, дырэктар бюджэтнага ўпраўлення Расэл Воўт і юрысты прэзідэнта ЗША.
Паводле аднаго з чыноўнікаў, юрысты вывучаюць, «што Трамп можа законна зрабіць самастойна, дзе ён мог бы выпрабаваць межы сваіх паўнамоцтваў і як абараняць гэтыя рашэнні ў судзе».
Трамп ведае пра падрыхтоўку і ўдзельнічае ў яе абмеркаванні.
На пытанне, наколькі камфортна яму будзе кіраваць пры Кангрэсе пад кантролем дэмакратаў, адна з крыніц адказала: «Вельмі камфортна».
Прамежкавыя выбары пройдуць у аўторак, 3 лістапада. Апытанні аддаюць перавагу дэмакратам у барацьбе за Палату прадстаўнікоў, а вынік выбараў у Сенат пакуль немагчыма прадказаць.
Якія рашэнні рыхтуюць
Паводле крыніц Reuters, адміністрацыя разглядае новыя мыты на імпарт крытычна важных мінералаў і ветраных турбін, больш жорсткія візавыя правілы для замежных студэнтаў і часовых работнікаў, а таксама захады для зніжэння кошту жылля і будаўніцтва.
Федэральныя ведамствы ўжо перадалі свае прапановы і юрыдычныя ацэнкі таго, што можна зрабіць без згоды Кангрэса.
Афіцыйна Белы дом адкінуў сцэнар паразы рэспубліканцаў і абвінаваціў медыя ў прасоўванні непраўдзівай карціны.
Што змогуць дэмакраты
Перамога на выбарах дазволіць дэмакратам блакаваць законапраекты Трампа, абмяжоўваць ягоныя бюджэтныя прыярытэты і праводзіць расследаванні. Кантроль над Сенатам дасць магчымасць не зацвярджаць ягоных кандыдатаў на пасады ў адміністрацыі і судах, у тым ліку ў Вярхоўным судзе.
Аднак прэзідэнт захавае шырокія паўнамоцтвы ў гандлі, замежнай палітыцы і кіраванні федэральнымі ведамствамі.
З вяртання ў Белы дом у студзені 2025 года Трамп ужо выкарыстоўваў іх для ўвядзення шырокіх мытаў, узмацнення іміграцыйнага кантролю, скарачэння федэральнага апарату і замежнапалітычных дзеянняў, у тым ліку вайны супраць Ірана. Важным выключэннем стаў вялікі пакет падатковых і бюджэтных скарачэнняў, які Кангрэс ухваліў у ліпені 2025 года.
«Прэзідэнт Трамп апошнія два гады фактычна ігнараваў Кангрэс і спрабаваў зрабіць як мага больш праз прэзідэнцкія ўказы і выканаўчыя паўнамоцтвы», — сказаў рэдактар аналітычнага выдання Inside Elections Натан Гансалес.
Ён чакае працягу гэтай практыкі і пры дэмакратычнай большасці.
Рашэнні, якія выходзяць за межы законных паўнамоцтваў прэзідэнта, могуць блакаваць суды. Таму Белы дом плануе атрымаць юрыдычныя заключэнні Міністэрства юстыцыі аб тым, што Трамп можа рабіць самастойна і як абараняць такія дзеянні ў судзе.
Чыноўнікаў рыхтуюць да расследаванняў
Расследаванні Кангрэса — перашкода, якую нельга абысці прэзідэнцкім указам.
Раней Reuters паведамляла, што дэмакраты абмяркоўвалі слуханні, выклікі для дачы паказанняў і запыты дакументаў, каб праверыць, ці выкарыстоўваў Трамп уладу на карысць сябе, сваіх саюзнікаў або донараў.
Паводле крыніц агенцтва, юрысты Белага дома ўжо тлумачаць кіраўнікам ведамстваў, як рэагаваць на такія запыты. Ім раяць быць асцярожнымі з тым, што яны фіксуюць пісьмова.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары