Аляксандр Саладуха планаваў прадставіць у Наваполацку свой новы альбом «Играй, музыкант». Але ж цяпер нешматлікім гледачам вяртаюць грошы за квіткі.

Саладуха планаваў выступіць 4 лістапада ў наваполацкім доме культуры «Нафтан» з праграмай «Играй, музыкант», прысвечанай выхаду яго ажно 15 альбома. З той праграмай, паводле слоў самога Саладухі, ён выступіў ужо ў 74 гарадах Беларусі, а за кампанію з сабой вазіў спевака Цімура Прахіна — той выступае ў перапынку.
Спявак абраў салідную па рэгіянальных маштабах пляцоўку — асноўная канцэртная зала ў тым доме культуры налічвае 600 месцаў. Выглядае, гэта яго і падвяло: за суткі да канцэрта з'явілася абвестка, што Саладуха ў Наваполацку не выступіць.
У каментарах успомнілі скандал з хайповай рэкламай букмекерскай канторы «Макслайн», дзе Саладуха раіў «круціць гусь». Выпадак атрымаўся настолькі гучны, што пазней Лукашэнка выказаўся — маўляў, «у нас усе гэтую гусь круцяць».
Але ж выступ сарваўся з больш празаічнай прычыны. Як кажуць арганізатары, канцэрт адмянілі, бо спявак не здолеў сабраць залу.
Выглядае, ужо не спрацоўвае унікальная для Беларусі схема продажу квіткоў, якую некалі прыдумаў Саладуха. Перад канцэртам у нейкім райцэнтры спявак асабіста званіў кіраўнікам тамтэйшых прадпрыемстваў з прапановай выкупіць квіткі на яго канцэрт.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары