Навука і тэхналогіі22

Навукоўцы знайшлі планету, якая круціцца вакол сваёй зоркі «не ў той бок». Як такое магчыма?

Звычайна планеты і іх зоркі захоўваюць адзін кірунак вярчэння яшчэ з моманту фарміравання сістэмы. GJ 3090 b парушае гэтае правіла, прычым звычайныя тлумачэнні такой анамаліі ў яе выпадку не працуюць.

Так мастак уяўляе экзапланету, якая круціцца вакол зоркі з нахіленым пратапланетным дыскам. Крыніца: NASA / JPL-Caltech / R. Hurt, K. Miller (Caltech / IPAC)

У чылійскай абсерваторыі Ла-Сілья астраномы з дапамогай 3,6‑метровага тэлескопа вывучалі планетную сістэму вакол цьмянага чырвонага карліка GJ 3090. За 23 гадзіны назіранняў спецыяльныя прыборы зафіксавалі дзесяць праходжанняў экзапланеты па дыску зоркі.

Як піша Live Science, аналіз гэтых праходжанняў выявіў анамалію: новаадкрытая планета GJ 3090 b абарачаецца вакол свайго свяціла ў зваротным кірунку, нібы гумавая качка, што рухаецца супраць віру.

Гэтая знаходка збянтэжыла навукоўцаў, бо супярэчыць базавым законам фармавання планетных сістэм. Звычайна зорка і яе спадарожнікі ўтвараюцца з адзінага газапылавога протапланетнага дыска і таму круцяцца ў адзін і той жа бок.

Каб пасля змяніць кірунак руху планеты, патрэбнае моцнае ўздзеянне. Астраномам ужо вядомыя экзапланеты з падобнымі рэтраграднымі арбітамі. Часта іх з'яўленне тлумачаюць гравітацыйным уплывам іншых масіўных аб'ектаў, якія з часам могуць моцна змяніць арбіты суседніх планет.

Але з GJ 3090 b гэтае тлумачэнне не спрацоўвае. Яе зорка належыць да М-карлікаў. Гэта невялікія, адносна халодныя і цьмяныя зоркі. Пры гэтым яны складаюць каля трох чвэрцяў усіх зорак Млечнага шляху, таму такія сістэмы асабліва цікавяць даследчыкаў.

Вакол GJ 3090 круцяцца дзве, а магчыма, тры планеты, меншыя за Нептун. Усе яны знаходзяцца вельмі блізка да зоркі і робяць поўны абарот менш чым за 16 дзён. GJ 3090 b размешчаная найбліжэй і аблятае зорку ўсяго за 2,9 дня. І менавіта яна адна рухаецца па настолькі незвычайнай арбіце.

У чым прычына?

Спачатку навукоўцы шукалі ў сістэме масіўную планету або схаваную другую зорку, гравітацыя якой магла б калісьці змяніць арбіту GJ 3090 b. Але нічога падыходзячага не знайшлі.

Да таго ж такое тлумачэнне дрэнна стасуецца з будовай самой сістэмы. GJ 3090 b знаходзіцца найбліжэй да зоркі, тады як больш аддаленыя планеты не маюць такіх моцна нахіленых арбіт. Калі б прычынай было магутнае гравітацыйнае ўздзеянне звонку, яно, як мяркуюць даследчыкі, павінна было мацней закрануць якраз больш далёкія планеты.

Зорка, акружаная пратапланетным дыскам. З рэчыва, якое засталося пасля яе фарміравання, з часам могуць утварыцца планеты. Крыніца: NASA / JPL-Caltech

У выніку навукоўцы вылучылі новую гіпотэзу. Магчыма, GJ 3090 b ніхто не «пераварочваў» ужо пасля яе ўтварэння. Яна магла адразу сфармавацца на такой арбіце.

На раннім этапе існавання сістэмы ў яе магла трапіць вялікая колькасць газу і пылу звонку. Гэта рэчыва магло ўтварыць вакол зоркі другі дыск, арыентаваны пад іншым вуглом адносна першапачатковага. У гэтым новым дыску і магла сфармавацца GJ 3090 b.

Пры гэтым масы рэчыва, з якога ўзніклі ўнутраныя планеты, было недастаткова, каб прымусіць саму зорку змяніць кірунак вярчэння. У выніку зорка захавала ранейшую арыентацыю, а адна з планет апынулася на амаль перавернутай адносна яе арбіце.

Пакуль гэта толькі адно з магчымых тлумачэнняў. Але калі такая гіпотэза правільная, гісторыя фарміравання некаторых планетных сістэм можа быць значна складанейшай, чым звычайная схема з адным дыскам газу і пылу.

Каментары2

  • Astranom
    02.10.2026
    Калі планета абходзіць сваю зорку за 2,9 дня, навукоўцы не маглі назіраць 10 раз за 23 гадзіны, як яна праходзіць праз дыск зоркі. Таму недзе ў вас памылка атрымалась
  • Жвір
    03.10.2026
    Гэта магла быць блукаючая плянэта, што прабілася да той зоркі пасьля таго, як зь нейкай прычыны яна страціла сваю ўласную. У такім выпадку плянэта магла атрымаць незвычайны кірунак руху, кірунак адпавядальны траекторыі па якой яна набліжалася да той зоркі й патрапіла да яе ў "палон". Такая плянэта можа быць старэйшая за сваю новую зорку.

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджару Алегу Ларычаву выклікалі хуткую на суд4

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць