Днямі ў Польшчу заляцелі і выбухнулі тры расійскія ракеты.
Расійскі беспілотнік парушыў паветраную прастору Польшчы падчас начной атакі на захад Украіны. Польскія вайскоўцы атрымалі дазвол збіць яго, аднак устрымаліся праз магчымую небяспеку для мірных жыхароў, паведамляе Reuters.
Як заявілі Узброеныя сілы Польшчы ў X, пасля выдачы дазволу на знішчэнне беспілотнік змяніў курс і накіраваўся на ўсход.
Улічваючы «патэнцыйную пагрозу для цывільнага насельніцтва і магчымыя наступствы збіцця аб’екта», вайскоўцы вырашылі не выкарыстоўваць зброю.
Гэта новае парушэнне польскай паветранай прасторы пасля падзення ў краіне трох расійскіх ракет Х-101 у пятніцу, 20 лістапада. Іх паходжанне пацвердзіла польская пракуратура.
У адказ на інцыдэнт з ракетамі НАТА накіруе ў Польшчу самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення AWACS — самалёт-радар, які выяўляе паветраныя цэлі на вялікай адлегласці.
Каментары