У Карэліцкім раёне памёр Яўген Краскоўскі. Просты, сціплы дзяцюк, які любіў Беларусь, прысвячаў ёй вершы. Некаторыя з іх вершы гучалі на радыё «Свабода», а адзін, падпісаны псеўданімам Корвін, надрукавала «Наша Ніва». Пахавалі Яўгена на могілках у суседнім Заполлі. Зямля табе пухам, Яўгене.
Ад Рэд. «Мае вершы захаляўныя. Бо я пастух — пішу вершы ў лузе і хаваю аркушыкі з імі за халявамі ботаў», — расказваў ён нам, калі прыехаў у Рэдакцыю «НН» у 2001 годзе. Светлая памяць!
***
Яўген Корвін
***
Вось з года ў год, ад веку ў век
Блукае ў цемры чалавек.
Дарог як быццам не знаходзіць,
І вось ён ходзіць, ходзіць, ходзіць…
А ноччу — жах, страшэнны сон,
Ідзе бясконцы батальён
Барацьбітоў, што з веку
Спазналі крыўду, боль і здзек.
Я не крыўдую — продкаў боль,
Я маю хлеб, я маю соль,
Я маю працу ды сяброў,
Слоў не хапае, толькі слоў.
Пра тое, як мы з году ў год
Шукаем Волю, не прыгод.
Шукаем веру ды спакой
З узнятай горда галавой.
Наша Ніва, № 50, 10 снежня 2001 г.
Каментары