З участка для галасавання ў Гомелі выдалілі незалежнага назіральніка
З участка для галасавання № 22 у Цэнтральным раёне Гомеля выдалілі незалежнага назіральніка Уладзіміра Анфілава.
Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі АГП, адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Васіль Палякоў, назіральніка выдалілі за тое, што ён сфатаграфаваў пячатку на скрыні для датэрміновага галасавання. Паводле слоў Палякова, старшыня ўчастковай камісіі, прарэктар ГДУ імя Ф.Скарыны Сяргей Ханеня заявіў назіральніку, што фатаграфаваць можна толькі з дазволу ўчастковай камісіі. Адхіленне ад назірання Анфілаў збіраецца абскардзіць. Участак № 22 размешчаны ў корпусе ГДУ імя Ф.Скарыны.
Грамадзянская кампанія «За справядлівыя выбары» арганізавала назіранне ў Гомельскай вобласці на 39 участках, на якіх працуюць 160 назіральнікаў, у Гомелі ад кампаніі працуюць 68 назіральнікаў на 17 участках.
Каментары