Меркаванні11

Павал Севярынец. Бібліятэка ў прыбіральні

Ані Борхэсу, ані Орўэлу й ня сьнілася такая бібліятэка – абавязковыя 10 хвілінаў штодня, індывідуальныя кабінкі замест агульнае чытальнае залі, і напрыканцы – непазьбежная ўтылізацыя.

Мае інтэрнацкія суседзі штодня чытаюць клясыку. «Як нам рэарганізаваць Рабкрын» Уладзімера Ільліча Леніна, «Пётар І» графа Аляксея Талстоя, «Трывожнае шчасьце» Івана Шамякіна ці, на скрайні выпадак, «Тэхніку бясьпекі ў лясной вытворчасьці» з прадмовай, прысьвечанай вынікам ХХІІ Зьезду КПСС. Прычым дзеля таго, каб даведацца, якія глыбіні філязофскае думкі вымяраюць «хімікі» ды работнікі сёньня, не абавязкова наведвацца да іх у пакой. Дастаткова зайсьці ў драўляную прыбіральню (дзьве кабінкі ў паўсотні мэтраў ад інтэрнату), ёмка ўладкавацца і прабегчы вачыма па радкох на шчодра раскіданых вакол ашмётках кніжных старонак. Некалькі цэлых клапатлівыя чытачы пакідаюць наступнікам: заткнутыя ў шчыліны паміж дошкамі, яны ўтвараюць зручны каталёг з формуламі самае папулярнае літаратуры за апошні тыдзень.

Ані Борхэсу, ані Орўэлу й ня сьнілася такая бібліятэка – абавязковыя 10 хвілінаў штодня, індывідуальныя кабінкі замест агульнае чытальнае залі, і напрыканцы – непазьбежная ўтылізацыя.

Здаецца, яны не чыталі Рабле, але...

Можна зразумець роспач сіценскай бібліятэкаркі, пэнсіянэркі Людмілы Пятроўны, якая скардзіцца: «Раней жа ў нас 5 тысячаў тамоў было – а цяпер некалькі соцень. Разьбіраюць і не вяртаюць. На самакруткі скурваюць іх, ці што?..»

Ці што, Людміла Пятроўна, ці што.

І застаецца ў выніку ў сіценскай бібліятэцы няпоўны Збор твораў Леніна, Маркса, рэшткі фундамэнтальных савецкіх сэрыяў накшталт «ЖЗЛ» ды «Замежная літаратура», «Васёк Трубачоў», «Паўка Карчагін»... Беларуская літаратура захоўваецца крыху лепей (пэўна, у прыбіральні чытаецца тугавата) – Крапіва, Чорны, Караткевіч. Ёсьць нават «Таямніцы полацкай гісторыі» Ўладзімера Арлова.

Але ўсё гэта – тоўшчай на дальніх пыльных паліцах. На самым бачным месцы (там, дзе раней быў чырвоны куток), вокладкамі навонкі, быццам піраміда чакалядак ці кансэрваў у сельпо – «Дзяржаўная ідэалёгія». Тут, натуральна, ніякіх табе сяброў СБП. Афіцыйная біяграфія Аляксандра Рыгоравіча, глянцавы агітпроп «Мы – беларусы», тлумныя тамы пра інтэграцыю з Расеяй. Калі бярэш у рукі які-небудзь з гэтых нарожных камянёў сучаснай, так бы мовіць, нацыянальнай дзяржаўнасьці – Людміла Пятроўна войкае й сумятліва бяжыць папраўляць, каб піраміда раптам ня рухнула. «А газэтныя падшыўкі ёсьць?» – пытаюся. «Канечне», – выкладвае бібліятэкарка «Советскую Белоруссию» і тутэйшы «Полацкі весьнік». Зьвяртаю ўвагу, што раёнка месцамі папсаваная. «А, гэта з райвыканкаму загадалі сьпісы ўчастковых камісіяў з усіх мінулых выбараў выразаць і ім адправіць». Ага. Вось, значыцца, як.

Вяскоўцы наведваюцца ў сіценскую бібліятэку параўнальна часта (апроч «Первого канала», «максімкі» й суботніх танцаў зь дзяжурнай бойкай забаваў тут небагата) – штодня чалавек па пяць-сем. Першае, што пытаюцца – дэтэктывы. Маецца на ўвазе pulp fiction данцовых-варанцовых – «Фінал краба» таварыша Чаргінца браць чамусьці ня хочуць. Інжынэры ды майстры просяць адмысловую літаратуру, прысьвечаную лясной гаспадарцы. Астатняе бяруць гады ў рады.

Гісторык Андрэй Катлярчук напісаў мне, што яшчэ ў XVII–XVIII ст. у беларускіх вясковых бібліятэках можна было трапіць на цудоўныя зборы замежнай літаратуры на некалькіх мовах. На пачатку ІІІ тысячагодзьдзя бібліятэка ў родных краях Эўфрасіньні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага ня мае ані Бібліі, ані слоўнікаў, ані Інтэрнэту. Затое зь перадавіцы «Саўбелкі» ў падшыўцы ганарыста пазірае «дыямэнт» Нацыянальнай Бібліятэкі – агромністая спаруда, напханая камуністычным ды расейскамоўным чытвом, куды людзі заходзяць хіба што падзівіцца на грандыёзныя перакрыцьці са шкла ды бэтону. Паводле сьведчаньня наведнікаў, амаль пустая. А чаму б не паставіць у тых беларускіх бібліятэках, куды людзі ўсё яшчэ ходзяць, хаця б па адным кампутары, падлучаным да Інтэрнэту, – і плату за карыстаньне пускаць на набыцьцё новых кніг?.. Апроч іншых выгодаў – электронныя тэксты прынамсі не прападуць у чорнай дзіры.

Уладзімер Арлоў прывёз у Сітна колькі кніг зь бібліятэкі Саюзу пісьменьнікаў, наваполацкая літаратарка Ірына Жарнасек – каталіцкія часопісы, «Бацькаўшчына» пераправіла сэрыю кніжак са свайго выдавецтва. Дамовіліся, што перадам у школу падчас месячніка беларускай культуры, ладжанага мясцовай суполкай ТБМ. Падрыхтаваў каля сотні тамоў хрысьціянскае й беларускае літаратуры са сваіх або падараваных кніг і для Людмілы Пятроўны. Адзінае, трэба яе будзе папярэдзіць, каб не выдавала дахаты.

Якую ролю выконваюць цяпер вясковыя бібліятэкі ў Беларусі? Бясплатнага складу туалетнай паперы? Мясцовага інфармацыйнага цэнтру артадаксальнага марксізму й ваяўнічага атэізму? Установы, якая дапамагае жыхарам забіваць час?..

Занядбаньнем Бібліятэкі, непавагай да кнігі й увогуле сваёй хлусьнёй дзяржава культывуе недавер і нават грэблівасьць да друкаванага слова. Людзі ня вераць кнігам (аказваецца, Ленін – такая ж фантастыка, як і Гары Потэр), ня вераць газэтам, ня вераць указам ды дырэктывам. А непавага да напісанага чорным па белым, у сваю чаргу, разбурае падмуркі самой дзяржавы. Культуру. Адукацыю. Закон. Тое, што нашчадкі Скарыны на ягонай радзіме падціраюцца друкамі, насамрэч сьведчыць пра руйнаваньне 500-гадовай цывілізацыі.

Дзе-небудзь у Пакістане ці Інданэзіі знаходка вырваных старонак з Карану адразу выклікае шматтысячныя маніфэстацыі пратэсту. А ў Малым Сітне на нашае з майстрыцай пытаньне: хто скарыстаў прынесеную эвангелісткамі кніжку з цытатамі зь Бібліі?! – работнікі абыякава цепаюць плячыма: тае бяды...

Адной з надзённых задачаў новай улады ў Беларусі будзе паўсюдная адбудова, упарадкаваньне й мадэрнізацыя бібліятэк і напаўненьне іх хрысьціянскай, патрыятычнай, беларускамоўнай літаратурай.

Новай Беларусі давядзецца пачынаць з таго ж, з чаго паўтысячы гадоў таму пачынаў палачанін Скарына. З Кнігі кніг. Зь бібліятэк Бібліі.

Бо на пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам, як напісана ў Эвангельлі паводле Яна 1:1.

Бібліятэка любое эўрапейсксе нацыі вам пацьвердзіць, што менавіта з гэтага Слова пачынаецца нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Каментары1

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі4

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць