Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»66

Шушкевіч у фартуху

Уяўляеце, які быў час! Расейшчына — но пасаран! Згадвае Аляксандар Класкоўскі.

Калі ў выходныя выпадкова бачу на экране чарговае кулінарнае шоў, прыгадваю свой тэлевізійны досьвед пачатку 90-х. Было трохі і сьмешнага.

Аўтару гэтых радкоў прапанавалі весьці жывыя этэры — так званыя простыя лініі — з Шушкевічам. Спадар Стась на той час кіраваў Вярхоўным Саветам. То бок лічыўся ў краіне найвышэйшай службовай асобай (была ж, была ў нас парлямэнцкая рэспубліка!).

Іншая рэч, што рэальна галоўныя вагары трымаў прэм'ер Кебіч. Не ставала толькі фармальнага статусу. Каб дагадзіць шэфу, атачэньне і заварыла кашу з інстытутам прэзыдэнцтва.

Слушна кажуць: не чапай ліха!..

Дык вось, на пачатку 90-х назіралася нешта падобнае на двоеўладзьдзе. І калі Кебіч лічыў за лепшае заставацца ў цені, то Шушкевіч трымаўся за кошт публічнасьці.

А жывыя этэры акурат уваходзілі ў моду. Прыклад паказала падчас гарбачоўскае перабудовы Масква — тагачасная Цэнтральная тэлевізія.

Памятаю, як на буйным пляне расою блішчэў пот на лбе ў Аляксандра Любімава. Мусіць, ён найболей хваляваўся, калі са Зьмітром Захаравым ды Ўладам Лісьцевым (тым самым, якога пазьней застрэліў кілер) вёў 2 кастрычніка 1987 году першы наўпроставы выпуск праграмы "Погляд". Хлопцы за адзін вечар сталі вядомыя на ўвесь СССР.

Досьведу жывых этэраў бракавала і на БТ. За савецкім часам стараліся найболей запісваць, каб крый божа ня выпусьціць крамолу.

Тое-сёе, натуральна, даводзілася даваць і жыўцом. Дыктары — мне распавядала пра гэта Зінаіда Бандарэнка — страшэнна баяліся зрабіць нейкую "палітычную" агаворку, як чыталі навіны ці вялі рэпартаж са сьвяточнай дэманстрацыі.

Такое, са слоў Бандарэнкі, здарылася некалі зь яе расейскім калегам Віктарам Балашовым. Жадаючы паведаміць, што да трыбуны набліжаецца задрапаваная кумачом машына, небарака ляпнуў — "задрыпаная".

Ратуючыся ад "разбору палётаў", Балашоў у той самы дзень мусіў зьехаць у іншы горад і залегчы на дно. І толькі цудам празь нейкі час здолеў вярнуцца ў прафэсію ды стаць зоркай.

Я ў тэлезоркі ня рваўся, хутчэй адгукнуўся на просьбу калегаў. Тыя патлумачылі: патрэбен вядоўца, здольны нязмушана размаўляць у жывым этэры па-беларуску.

Уяўляеце, які быў час! Расейшчына — но пасаран!

Зь іншага боку, як ні шчыраваў Генадзь Бураўкін, калі стаяў на чале Дзяржтэлерадыё, адпаведных кадраў было, пэўна, не задужа.

Не скажу што і я перад першай наўпроставай лініяй пачуваўся надта ўпэўнена. Адна рэч — звыклае рамяство газэтчыка. Там фраза не спадабалася — закрэсльліў ды перапісаў. А тут калі што змарозіш — ўмомант абняславісься на ўсю маладую сувэрэнную дзяржаву!

Тым часам заводзяць нас са сьпікерам Вярхоўнага Савету ў грымёрку. Маўляў, варта прыпудрыць твары, каб не блішчэлі як патэльня пад сьпякотнымі юпітарамі.

— Галоўнае — глузды не запудрыце, — няўклюдна жартую я. — І так дах едзе.

Гляджу: Шушкевіч ужо ў крэсле перад люстэркам, а на ім — во гэта відовішча! — чырвоны фартушок.

Высьветлілася, што грымёры так клапоцяцца, каб іхнім кліентам пудра адзежу не запэцкала.

Для тэлевізійнікаў уся гэтая закулісная касмэтыка — рэч зусім звыклая, ніхто і ўвагі не зьвяртае.

А мяне стаў душыць дурны сьмех. Старшыня Вярхоўнага Савету, найвышэйшая службовая асоба краіны — у чырвоным фартуху на строгі гарнітур з гальштукам! А грымёр сьпікеру нейкім пэндзлікам твар казыча.

Тым часам Шушкевіч, гледзячыся ў люстэрка, і сам сьмяецца: маўляў, уяўляю, каб у такім вось экзатычным выглядзе у этэр выйшлі!

І тут я зразумеў, як пераадолець сваю скаванасьць.

Калі праз колькі хвілінаў у студыі запаліліся чырвоныя вочкі камэраў і мы ўдвох апынуліся пад прыцэлам мільёнаў поглядаў, то ўявіў сабе, нібыта ладзім шоў у тых фартушках.

І ўмомант аслаблі псыхалягічныя сьціскачы, запанаваў нейкі карнавальны кураж.

Па-аехалі!

Потым знаёмыя казалі, што ўсю перадачу з майго твару не сыходзіла шырокая ўсьмешка. Маўляў, малайчына, разьняволіўся!

Пра сваё псыхатэхнічнае ноў-хаў я не распавядаў.

Дарэчы, калі ужо працягваць тэму "Шушкевіч у фартуку", дык скажу вам, што ён сапраўды выдатны кухар. Яшчэ ў дзяцінстве, калі бацька быў у ГУЛАГу, Стась навучыўся, дапамагаючы маці, квасіць капусту, саліць гуркі... І потым, стаўшы ўжо вялікім чалавекам, рэгулярна прыводзіў гасьцей у захапленьне ўласнаручна прыгатаванымі закускамі. Звычайны селядзец ператварае ў мастацкі выраб. Гарбату запарвае фантастычна смачную, нават калі гэта ардынарны гатунак.

Карацей, у якім-небудзь кулінарным шоў ён бы ў бруд тварам ня ўдарыў.

Але тады кухонны жанр на тэлеэкраны яшчэ не прыйшоў. На пачатку 90-х жывую палітыку, наўпроставыя трансьляцыі з парлямэнту, выступы куміраў-дэпутатаў глядзелі лепей за любыя забаўкі.

Між іншым, тыя простыя лініі рабіліся сумленна, без імітацыяў. У студыі працавала некалькі тэлефонаў, і на стол вядоўцы траплялі дзясяткі запісак з толькі што атрыманымі пытаньнямі.

Часьцяком яны былі зусім нечаканыя і ня надта прыемныя для Шушкевіча. Час нэрвовы, інфляцыя шалёная, артадоксы не маглі дараваць развал Саюзу...

"Шуш", як фамільярна называлі яго між сабой ў атачэньні, чалавек эмацыйны, іншым разам чырванеў і адказваў рэзка. Але пасля перадачы ніколі не вылучаў прэтэнзіяў, што журналіст падклаў сьвіньню.

У нас добрыя кантакты і па сёньня.

А на айчынным тэлеэкране (зараз, зрэшты, дэградаваў і расейскі) пануюць ужо іншыя жанры. Рэй вядзе прапаганда. Замест вольнага абмену думкамі — убогія бутафорскія ток-шоў. Замест палітычнага дыялёгу — прамываньне мазгоў, гульня ў адныя вароты.

Рэшту часу займаюць збольшага прымітыўныя забаўкі. У тым ліку на тэму "ням-ням".

Зараз знакамітыя пэрсоны насамрэч зьяўляюцца пэрад камэрамі у фартухах. Крышаць салаты, смажаць мяса, артыстычна каштуюць стравы ў розных кулінарных шоў.

Не спрачаюся, і лёгкія жанры патрэбныя.

Але дзе жывая палітыка (акрамя маналёгаў аднаго чалавека)?

Палітыка сышла на кухню. Затое кухонныя сюжэты — і норавы! — запанавалі на тэлевізіі.

Такі час.

Каментары6

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля9

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →