Беларускі Чарнобыль — гэта не толькі Брагін ды Хойнікі.
Беларускі Чарнобыль — гэта не толькі Брагін ды Хойнікі.
У вёсцы Востухава, што на мяжы Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў, на месцы былой школы цяпер пустка. Ад цаглянага будынка засталіся фрагменты падмуркаў ды рэшткі ганка, на якім раней фатаграфаваліся выпускнікі. А некалі тут віравала жыццё. Школьны двор патанаў у квецені саду.
Апошні выпуск у Востухаўскай школе, пяты з моманту аварыі на ЧАЭС, адбыўся ў 1991 годзе. Будынак школы разбурылі, з двара і стадыёна знялі грунт і вывезлі на спецыяльную пляцоўку. Разам з іншымі школу разбіралі настаўнікі. Сярод іх быў мой бацька, які адпрацаваў у той школе настаўнікам амаль 10 год.
Бацькі прыгадвалі, што першыя гады пасля аварыі дарога з працы давалася цяжка. «Ішлі ад лавы да лавы: пройдзеш кіламетр — прывалішся на лаве да плоту».
«Мы доўгі час нічога не ведалі. Потым з’явіліся дазіметры. У школе выявілі высокі радыяцыйны фон», — прыгадвае настаўніца біялогіі Галіна Лейка, класная кіраўніца апошняга выпуску Востухаўскай школы.
Свае-чужыя
У 1991-м я пайшоў у пяты клас васьмігодкі ў Заполлі, што побач з Карэлічамі. У той год да нас далучыліся вучні і настаўнікі ліквідаванай Востухаўскай школы. Спачатку мы, дзеці, успрымалі навічкоў з насцярогай (таямнічай напружанасці дадавалі бязглуздыя, як на сённяшні розум, байкі пра ліквідатара Федзю «Чэрапа» з Востухава, які, нібыта, пасля вахты ў Чарнобылі аблысеў і свяціўся ўночы, як лямпачка).
Востухаўскія таксама не адразу змірыліся з пераменамі, і хоць не былі перасяленцамі, і жылі ў лічаных кіламетрах ад нас, здаецца, доўга яшчэ адчувалі на сабе адбітак сваёй асаблівасці.
Дзякуючы таму, што ў нас пачалі вучыцца дзеці з забруджанай тэрыторыі, школу ўключылі ў так званыя чарнобыльскія праграмы. Гуманітарная дапамога, аздараўленне за мяжой — усё гэта стала будзённасцю. Як і захворванні шчытападобнай залозы, якія выяўлялі не толькі ў дзяцей-прыбышоў, але і ў тых з нас, хто бавіў лета ў дзядоў у забруджаных вёсках.
Мяжа паміж намі, дзецьмі, паступова знікала. Затое расла прорва паміж нашымі вёскамі. У маім Красным пабудавалі навюткую трохпавярховую школу са спартзалай. З’явілася некалькі новых вуліц, забудаваных прасторнымі катэджамі, у некаторыя з якіх перасяліліся сем’і нашых «чарнобыльцаў». У іхніх жа вёсках тым часам пусцелі хаты, зачыніўся клуб…
Радыяцыя не кусаецца
Дарога з Карэліч у Шчорсы, імклівы ўзлёт трасы ўгару — і перад вамі адкрываецца фантастычны від на Шчорсы, а таксама на лясы і паплавы, што цягнуцца да гарызонту. Калі грымнуў Чарнобыль, гэтая траса стала дарогай у мясцовую зону. У першыя пасля аварыі гады ў тутэйшых вёсках плацілі кампенсацыю сем’ям, чый падворак зачапіла радыяцыя. У народзе тыя выплаты хутка празвалі «грабавымі». Многія зайздросцілі суседзям, якім «пашчасціла» атрымліваць тыя грошы. Хтосьці праз гэта перастаў нават вітацца між сабой.
Калі ў шчорсаўскіх лясах знайшлі радыяцыю, большасць перастала наведвацца туды па грыбы ды ягады. У Востухаве пачалі зарастаць сажалкі з карасямі ды акунямі. Многія пабралі дзяцей ды з’ехалі з забруджаных вёсак падалей.
Але не ўсе паддаліся паніцы. Хтосьці з ахвотай прыняў веру ў ачышчальныя якасці «чарніла», а некаторыя, як сябар маіх старэйшых братоў, бадзёрылі сябе самападманам. «Якая радыяцыя?» — пытаў ён мяне перад тым, як выправіцца ў грыбы пад Шчорсы. — «Яна ж не кусаецца. Яе нават не бачна!»
Свой Чарнобыль
За чвэрць стагоддзя, што мінула ад выбуху ў Прыпяці, некалі шматлюднае Востухава ды іншыя навакольныя вёскі апусцелі. І не адна радыяцыя тут вінаватая, бо такую ж карціну можна пабачыць і ў «чыстых» вёсках Карэліччыны. Але жыццё тут усё ж цепліцца. Але ёсць тое, што не дае забыць зусім, свой знак бяды. Пляцоўка, на якой некалі стаяла Востухаўская сярэдняя школа, нібы стары шнар, паступова зацягваецца хмызняком і горамі смецця. Яна нібы напамін, што беларускі Чарнобыль — гэта не толькі Брагін, Нароўля ды Хойнікі. Гэта і Століншчына, і Валожыншчына, і Усходняя Магілёўшчына ды іншыя раёны краіны, у якіх трагедыя 25-гадовай даўніны таксама пакінула свае сляды.
Каментары