Культура44

Святы з «амерыканкай»

Пад вечар заскрыгатаў ключ у замку, расчыніліся дзверы: «Мусор!»  Піша Уладзімір Някляеў.

25 снежня, калі Еўропа святкавала Каляды, ва ўнутранай турме беларускага КДБ я быў прызначаны дзяжурным па дзявятай камеры. Пад вечар заскрыгатаў ключ у замку, расчыніліся дзверы: «Мусор!» 

Каляды, 2010 год

Выносіць з камеры смецце — абавязак дзяжурнага. «Быстро, б.! Бегом, б.!" У абдымку са сметніцай выскокваю ў прыбіральню, дзе ў змерзлых выкідах челавечай жыццядзейнасці бачу абрывак газеты. Скарыстаны ў клазеце шматок.

У турме, дзе цябе спрабуюць растаптаць, абязволіць, вельмі цяжка вытрываць, не маючы ўяўлення пра тое, што адбываецца за турэмнымі сценамі.
Ізаляваны ад усялякай інфармацыі, ты сквапна ловіш любое слова турэмшчыкаў, адчайна намагаешся прачытаць нешта ў іх абыякавых вачах. А тут раптам — шматок газеты… І ўправа, у заляпаную кардонку выкідваючы смецце, я ўлева выварочваю шыю і разбіраю на газетным абрыўку ў жоўтых расплывах апошнія словы: «Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко».

Мне горла перахапіла…

У людзях нельга вынішчыць чалавечае. Яно незнішчальнае. Яго не вытравіць, не спаскудзіць ні брудам, ні лайном. З-пад бруду, з-пад лайна яно прарываецца хараством. І калі ў чым-небудзь ёсць на зямлі паэзія, дык у гэтым.

Паэзія патрабуе эмоцый. Моцнай энергетыкі. Скалечаны, фізічна я пачуваўся горш, чым кепска, — не было дзе энергію ўзяць, каб аддаць. І я не пісаў нічога, нават не спрабаваў пісаць. Да той каляднай ночы — самай доўгай ночы ў халоднай зіме 2010 года:

калі, як перажыўшы катарсіс, я зноў адчуў неверагодную моц жыцця, якая вулканічна можа вырвацца з самай, здавалася б, слабой, але яшчэ не сканалай клетачкі;

калі я ўспамінаў тых, каго любіў, люблю, хто любіў і любіць мяне, — і ўдзячна за іх маліўся;

калі ў кругласуткава бляклым мігценні лямпачкі, якая, здавалася, ніколі не гарэла, але й не гасла ніколі, з’явіліся ў паўмзроку камеры Турма разам з Воляй — і я пачаў пісаць паэму, якую скончыў 31 снежня. Якраз пад Новы год.

Новы год

(З турэмнага дзённіка)

1.01.2011

Сустрэў Новы год у кампаніі чатырох мужыкоў (я сам пяты) у 9-й камеры ўнутранай турмы КДБ
 — той самай «амерыканкі», у якой пабываў герой «Лабуха». Між іншым, аднаго з мужыкоў (наймалодшага, яму 33 гады), з якімі сустрэў я 2011 год, зваць, як і майго лабуха, Раманам. Ён у турме ў чаканні суда ўжо 18 месяцаў. Да ўсяго на судзе яго могуць апраўдаць (налічаную яму матэрыяльную шкоду за нейкія мытныя парушэнні ён пагасіў), і выйдзе, што два гады ён адсядзеў ні за што. «Але так не выйдзе, — кажа Раман. — Нешта яшчэ прыпаяюць». І ўсе сакамернікі згодна ківаюць: «Сто пудоў — прыпаяюць. За нешта ж два адбытыя гады трэба будзе прысудзіць».

Ніхто тут не верыць ні ў якое правасуддзе. Кожны ведае: сістэма зробіць з ім усё, што захоча.

Якраз учора, на Новы год, Раману пад вечар, як падарунак, перадалі ліст з дому. А ў тым лісце вестка пра тое, што памерла ягоная бабуля. Ён узяў той ліст, прачытаў — і з ім пасярод камеры стаіць, не ведае, што рабіць… Кажа: «Вось… бабуля памерла… а чаму ніхто не сказаў… чаму я яе не пахаваў… маю бабулю…» Я падышоў, пагладзіў яго, як дзіця, па галаве, ён сеў на нары і заплакаў…

Чаму, сапраўды, не сказалі, не паведамілі, не адпусцілі пахаваць?

Бо напляваць. На чалавека напляваць. Вось што як было, так і засталося ў гэтай краіне найпершай праблемай. Нечыя там стогны, слёзы — цьфу! І свіння стогне. І кракадзіл плача.

Прозвішча Рамана Яскевіч. Ён з Міёраў, з Віцебшчыны. Стараецца трымацца, але з лёсам змірыўся. Проста чакае, што будзе…

Зрэшты, што ён яшчэ можа зрабіць? Нічога.

Таму Юрка Міхальчанка (ён з Любаншчыны, яму 42, і яго вінавацяць у нейкіх эканамічных махінацыях, за якія — да 10 гадоў зняволення) запарвае моцную (да чарнаты, чыфір) гарбату, каб было што выпіць на нашым навагоднім свяце. І мы выпіваем, а 12-й з аднаго алюмініевага кубка па чарзе па глытку нашага турэмнага напою за тое, каб наступны Новы год мы сустрэлі на волі.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў1

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Захоп закладніка і катаванні: у Закапанэ будуць судзіць беларуса за выкраданне чалавека2

У Беларусі прадаюць унікальны 47‑гадовы BMW 5‑серыі — часоў Машэрава. Цана — $25 тысяч6

Ізраіль заявіў пра забойства архітэктара ядзернай праграмы і адной з самых уплывовых фігур Ірана Алі Ларыджані10

Ізраіль заяўляе, што забіты кіраўнік іранскай арганізацыі «Басідж», якая падаўляе пратэсты5

Турчын заявіў, што Беларусь не будзе канфіскоўваць літоўскія фуры10

Беларускі добраахвотнік збіраецца адкрыць у Кіеве рэстаран3

Рыбакі знайшлі на Бярэзіне дзіўную палонку, побач ляжаў ледабур2

Венгрыя цісне на ЕС адмяніць пошліны на беларускія ўгнаенні2

«Прывязалі да турніка, галаву абматалі скотчам». Блізкія вайскоўцаў у «ДНР» паскардзіліся на катаванні 10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў1

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць