У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
За некалькі гадоў Алена Саўчанка стала саўладальніцай сыравіннага бізнэсу і пачала назапашваць дарагую нерухомасць. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра выявілі: бацькам яе сына пазначаны Віктар Уладзіміравіч Саўчанка. Але такога чалавека не існуе ў пашпартнай базе. У той жа час гэтыя даныя супадаюць з данымі Віктара Уладзіміравіча Шэймана. На Шэймана паказвае і іншае.

Новае расследаванне журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтра, падрыхтаванае дзякуючы «Рабочаму Руху», «Кіберпартызанам» і супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg, звяртае ўвагу на гісторыю дзіўнага і імклівага ўзбагачэння ўраджэнкі Бабруйска Алены Саўчанка.
У студзені 2005 года 26‑гадовая Алена Саўчанка ўладкавалася на Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод (МДСЗ), які працаваў побач з дзяржаўным прадпрыемствам «Граніт» — адным з найбуйнейшых вытворцаў шчэбню ў Еўропе. Да гэтага, паводле афіцыйных звестак, яна працавала толькі сакратаркай у прыватнай кампаніі. Аднак ужо праз дзевяць месяцаў Саўчанка стала ўладальніцай 40% завода.
Яе сям’ю можна назваць уплывовай: у сярэдзіне 2000‑х бацька служыў начальнікам раённага ўпраўлення КДБ у Касцюковіцкім раёне, а маці працавала ў прадстаўніцтве расійскай прыватнай кампаніі. Аднак, на думку аўтараў расследавання, нават гэта не тлумачыць, як Саўчанка атрымала амаль палову прадпрыемства, якое мела доступ да аднаго з сыравінных рэсурсаў краіны.
Прывід у пашпартнай базе
Сын Алены Саўчанкі Уладзімір нарадзіўся ў 2002 годзе. На той момант жанчыне было 24 гады, яна не была замужам, а звестак пра яе афіцыйную працу ў той перыяд БРЦ не знайшоў.
Паводле выпіскі з пашпартнай базы, атрыманай ад «Кіберпартызанаў», бацькам яе сына пазначаны Віктар Уладзіміравіч Саўчанка. Але такога чалавека не існуе — даныя бацькі не прывязаныя ні да аднаго сапраўднага пашпарта. У той жа час яны часткова супадаюць з дадзенымі Віктара Шэймана.
Аднак аднаго гэтага супадзення было б недастаткова, каб меркаваць пра сваяцтва. Таму БРЦ праверыў, ці былі паміж Шэйманам, Саўчанка і яе сынам іншыя сувязі. І знайшоў іх.
У 2009 годзе сямігадовы Уладзімір Саўчанка і яго бабуля Зоя Саўчанка ляцелі прыватным самалётам з Мінску ў Сімферопаль разам з Віктарам Шэйманам і яго даверанай асобай Аляксандрам Раманоўскім. Апроч іх, на борце быў толькі экіпаж. У тым жа складзе яны прыляцелі назад у Мінск, таксама бізнэс-джэтам. У тым жа годзе Шэйман, Алена Саўчанка і яе сын разам паляцелі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У 2012‑м яны паўтарылі гэты маршрут.
А ў 2021 годзе на імя Шэймана, Уладзіміра Саўчанкі і Міхаіла Пушкарова (меркаванага сына Шэймана ад Ганны Пушкаровай, цяперашняй меркаванай спадарожніцы) былі разам забраніраваныя квіткі на Кубу, у курортны горад Варадэра. Бронь на Уладзіміра пазней адмянілі, ён не змог паляцець, імаверна, праз выпускныя экзамены.
На гэтым супадзенні не скончыліся. У 2022 годзе Уладзімір Саўчанка разам з Віктарам Шэйманам, Ганнай і Міхаілам Пушкаровымі здаваў тэсты на COVID-19 у Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры. У базе ўстановы іх аналізы зарэгістраваныя паслядоўна.
Самі па сабе ні запіс у пашпартнай базе, ні сумесныя пералёты, ні наведванне клінікі не даводзяць, што Віктар Шэйман з'яўляецца бацькам Уладзіміра Саўчанкі. Аднак разам гэтыя факты сведчаць пра іх працяглыя і блізкія сувязі. На іх фоне імклівае ўзбагачэнне Алены Саўчанкі ўжо не выглядае выпадковым.
З Мікашэвіч на Нямігу
Актывы Алены Саўчанкі пачалі павялічвацца з нараджэннем сына. Праз два гады пасля прыходу на Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод яна выйшла з гэтага бізнэсу.
Яна атрымала долі ў некалькіх кампаніях групы «Гіперком», а таксама два камерцыйныя памяшканні ў бізнэс-цэнтры «Няміга Сіці», дзе ў розны час размяшчаліся кампаніі, якія звязваюць з атачэннем Віктара Шэймана.
Такім чынам менш чым за тры гады жанчына, якая да гэтага працавала сакратаркай, стала саўладальніцай некалькіх кампаній і ўладальніцай каштоўнай камерцыйнай нерухомасці ў цэнтры Мінска.
БРЦ не знайшоў дакументаў, якія б наўпрост тлумачылі, чаму долі ў гэтых кампаніях пераходзілі менавіта да Саўчанкі, але ўжо ў 2008 годзе гэтым пытаннем зацікавіліся следчыя Міністэрства ўнутраных спраў ды распачалі адразу дзве крымінальныя справы.

Першая датычыла выкарыстання падробленага дыплома пры працаўладкаванні ў МДСЗ і «Гіперком». Другая — выдзялення без аўкцыёну чатырох зямельных надзелаў у вёсцы Тарасава пад Мінскам Алене Саўчанка і кіраўніку гандлёвага дому «Ждановічы». Зямля ў Тарасаве — адна з самых дарагіх у краіне.
Як расказваў «Беларускаму партызану» былы начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй МУС Вячаслаў Дудкін, які кіраваў расследаваннем, Саўчанка прызнала выкарыстанне падробленага дыплома, а праверку яе даходаў, паводле яго слоў, спынілі пасля ўмяшання Віктара Шэймана, які пераканаў Аляксандра Лукашэнку даць адпаведную каманду і «згубіць» матэрыялы справы.
Крымінальную справу аб падробленым дыпломе закрылі, а незаконна перададзеныя зямельныя надзелы засталіся ў распараджэнні Алены Саўчанка, нягледзячы на тое, што старшыня сельсавета атрымаў за іх выдзяленне чатыры гады калоніі.
Па суседстве з Шэйманам
Крымінальныя справы не паўплывалі на фінансавы стан Алены Саўчанка. Паводле БРЦ, яшчэ да таго, як МУС зацікавілася паходжаннем яе маёмасці, яна ўжо валодала домам і зямельным участкам у Раўбічах, двума ўчасткамі ў Тарасаве, дзе пазней з'явіўся катэдж плошчай каля 700 квадратных метраў, а таксама двума камерцыйнымі памяшканнямі ў бізнэс-цэнтры «Няміга Сіці».

Журналісты ацэньваюць, што толькі гэтыя памяшканні могуць прыносіць ад 15 да 20 тысяч рублёў арэнднага даходу на месяц.
Да сакавіка 2012 года Саўчанка выйшла са складу ўсіх мінскіх кампаній. Тады ж адбылася апошняя сумесная паездка, якую БРЦ здолеў пацвердзіць, — у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты разам з Віктарам Шэйманам.
Пасля гэтага ў расследаваннях побач з паплечнікам Лукашэнкі ўжо фігуруе іншая жанчына, Ганна Пушкарова, а калі і пры якіх абставінах завяршыліся адносіны Шэймана і Саўчанка, невядома.

Нягледзячы на гэтыя змены ў асабістым жыцці, пасля 2012 года актывы Саўчанка працягвалі павялічвацца. У 2013 годзе яна атрымала ў падарунак два катэджы ў Вялікай Сляпянцы — раёне каля Нацыянальнай бібліятэкі з прэстыжнай нерухомасцю, пазней набыла яшчэ два камерцыйныя памяшканні, а ў 2019 годзе стала адзінай уладальніцай кампаніі «Куверадзеў», якой належыць буйны гандлёвы цэнтр у Мінску.
Паводле падлікаў БРЦ, разам з іншай камерцыйнай нерухомасцю гэтыя актывы цяпер могуць прыносіць каля 100 тысяч рублёў штомесяц ($33 500).
Цяпер, як сцвярджаюць расследавальнікі, Саўчанка жыве ў вялікім доме ў Шчомысліцы пад Мінскам. Ён размешчаны на ўчастку плошчай каля паўгектара са штучным вадаёмам і мастком.

Сын Алены Саўчанкі Уладзімір у 2017—2021 гадах вучыўся ў швейцарскім Institut auf dem Rosenberg — самай дарагой прыватнай школе свету. У 2025‑м адзін год вучобы каштаваў $215 тысяч. То-бок без уліку дадатковых выдаткаў кошт навучання за чатыры гады мог скласці каля $800 тысяч.
Невядома, хто менавіта аплачваў вучобу Уладзіміра — маці ці Віктар Шэйман. Паводле знойдзеных дакументаў, ён захоўваў адносіны з Уладзімірам Саўчанкам у перыяд ягонага навучання ў Швейцарыі і пасля заканчэння вучобы. Так, у чэрвені 2022 года Уладзімір прыехаў у Абхазію ў тыя самыя дні, калі там па афіцыйных справах знаходзіўся Віктар Шэйман.
Фігуранты расследавання не сталі даваць каментароў.
Каментары
У канцы 80 х пачатку 90 х падобнае чул нават Нобель лаурат совруспаэт Іося Бродскі вымавіл для падобнага
Мне бліжэ вор чем людоед ))
Яе падхапілі ад чубайса гайдара немцова да беразоўскага хадаркоўскага каламойскага кучмы да сённяшніх маралістаў ДБыкава Пастухова іньшых
Не даражэнькія як у 90 х ні пройдзе ..Як ваш любімы жэглов высоцкі казал ..
Вор должен сідеть в тюрьме ...іх ляді рядом...