Грамадства

Своеасаблівы Янка Юхнавец

Анатоль Сідарэвіч піша пра зборнік вершаў эміграцыйнага пісьменніка Янкі Юхнаўца.

Юхнавец Я. Паэзія / Янка Юхнавец; уклад., прадм. і камент. Л. Юрэвіч; пад рэд. Н. Гардзіенкі. — Мінск: Лімарыус, 2012. — 620 с.: іл. — (Галасы Айчыны).

Паланёны кананізазаванымі формамі, прост закаханы ў Максіма Багдановіча Алесь Салавей… Здавалася б, за Салаўём павінен быў бы ісьці яшчэ адзін аматар формаў — Уладзімір ІV Клішэвіч, як яго назваў Антон Адамовіч (Уладзімірам І быў Дубоўка, Уладзімірам ІІ — Жылка, Уладзімірам ІІІ — Хадыка), а там — Рыгор, каторы Крушына…

Такі мне бачыўся парадак выхаду кніг нашых эміграцыйных паэтаў у серыі «Галасы Айчыны», якую ў 2010 годзе заснавала выдавецтва «Лімарыус».

Аднак следам за томам твораў Алеся, які старанна ўклаў Міхась Скобла, выйшаў двухтомнік «традыцыйнай», але больш «ад народа», чым «ад школы» Ларысы Геніюш, таксама ўкладзены і пракаментаваны Міхасём Скоблам. Паэтка жыла ў сябе на Радзіме (і на радзіме з малое літары), але была эмігранткай, неграмадзянкай. Такі парадокс. А следам за яе двухтомнікам выйшла кніга твораў Уладзімера Дудзіцкага (калі ісці за Антонам Адамовічам, дык, мусіць, Уладзіміра V). Том той уклаў і пракаментаваў Лявон Юрэвіч з Беларускага інстытута навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку.

Пра кнігу Алеся Салаўя я, калі не падводзіць мяне памяць, пісаў. І пра кнігу Уладзіміра Дудзіцкага, які падарыў Алесю Салаўю вобраз белага негра, таксама пісаў.

Летась кнігі ў серыі «Галасы Радзімы» не выходзілі. На тое была важкая прычына: прамотар серыі, Аляксандр Фядута, мусіў прайсці, як і многія беларускія літаратары да яго, праз славутую «амерыканку».

Краем вуха я чуў, што сёлета «Лімарыус» рыхтуе да выдання двухтомнік Міхася Стральцова, але якое ж было маё здзіўленне, калі я ўбачыў чарговы том чарговага эмігранта. Том нечаканы. Пяцьсот дзевяноста старонак паэзіі (адной паэзіі) Янкі Юхнаўца (1921–2004). Па-за томам засталіся проза і эпісталярый пісьменніка.

Прызнаюся: Янка Юхнавец — цяжкі для майго разумення паэт. Квантэмы Алеся Разанава і ягоныя паэмы я зразумеў з першага прачытання.
(Зрэшты, паэмы зразумелі з першага чытання і ў «інстанцыях». Памятаю, з якою інтанацыяй казаў пра гэта загадчык аддзела культуры ЦК КПБ Іван Антановіч: нас не проведёшь.) Чытаючы том Янкі Юхнаўца, я думаў: вось дзе Алесю Разанаву спажытак для роздуму.

Ужо не раз названы тут Антон Адамовіч, рэцэнзуючы першую кніжку паэта, «Шорах моўкнасці» (1955), адзначаў глыбіннасць таленту Янкі Юхнаўца.
І пісаў: «…як гэта наагул часта бывае, глыбіннасць тая… у Юхнаўца можа абарачацца цямнінёю, няяснасцяй. І запраўды, талент Юхнаўцоў, асабліва на дадзенай ступені ягонага развіцця, у вялікай меры, казаў той, „цёмны“ талент, у тым сэнсе, якім звалі калісь Цёмным гэткага глыбокага філосафа антычнасці, як Геракліт Эфескі». А потым крытык згадаў яшчэ аднаго майстра «цемніні» — Георга Фрыдрыха Вільгельма Гегеля. І зазначыў: «Пэўна ж, „цямніня“ Юхнаўцова — не ад абстрактнасці», як у Гэракліта ці Гегеля, «хоць такое ўражанне й можа паўставаць», а як вынік недацягу ««узроньваных» з вялікіх глыбіняў праекцыяў нутранога да вонкавага, што й спрычыняе ўчастых тое «зацямненьне». З другога боку, пісаў Антон Адамовіч, «няяснасць» у Юхнаўца «часам паўстае… дзеля накладання гэтых праекцыяў нутранога няўсупад з дадзенасцямі вонкавага, г. зн. не на „пустыя“, „чыстыя“, ці тоежна або адпаведна запоўненыя мясціны яго».

Гэтак па-філасофску патлумачыўшы «цемніню» Янкі Юхнаўца, Антон Адамовіч свой водгук на першую кніжку паэта скончыў сказам: «Адылі, з развіццём і ўзмужаннем таленту гэты мамэнты могуць усё часцей асядаць, як тая муць на дно, тым самым глыбіні — усё больш праяясняцца; прынамся, у самай структуры таленту не відаць тым часам нічога такога, што задавался б выразна паложаным на перашкодзе гэтаму».

Чытач хай мяркуе, ці спраўдзілася прадбачанне Антона Адамовіча. Мне ж думаецца, што кнігу паэзіі Янкі Юхнаўца трэба было абавязкова выдаць хоць бы дзеля таго, каб паказаць аматарам беларускай паэзіі яшчэ адну яе грань, яшчэ аднаго самабытнага творцу.

Тое, што ў томе, падрыхтаваным Лявонам Юрэвічам і адрэдагаваным Наталляй Гардзіенкай, сабраныя адны паэтычныя творы Янкі Юхнаўца, падказвае мне, што на чарзе — том прозы і эпісталярыя пісьменніка. Проза гэтая, мяркуючы па тым, што публікавалася на Бацькаўшчыне, таксама своеасаблівая.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Мінску бяспраўнікаў ловяць па камерах. Нават тых, хто едзе з маскай на твары

У Мінску бяспраўнікаў ловяць па камерах. Нават тых, хто едзе з маскай на твары

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі прыбыў у Вашынгтон і зрабіў заяву3

«Калі захоча, Зяленскі можа амаль імгненна скончыць вайну з Расіяй» — Трамп напісаў новы допіс35

Інжынерны цуд коштам $167 мільярдаў павінен зрабіць Кітай энергасамадастатковым. Вось у чым яго сутнасць3

Чаму ў Венеры няма такога спадарожніка як Месяц? Бо сутыкненне з іншай планетай пайшло не па сцэнары Зямлі1

Ва Украіне паказалі новую дальнабойную крылатую ракету «Фламінга»7

«Кааліцыя згодных» гатовая размясціць войскі ва Украіне пасля спынення агню6

Кныровіч лічыць, што «Новая Беларусь» была б здаровай, калі б прыйшлі Пазняк, Усаў, Кавалеўскі, Саннікаў, Цапкала і Радзіна26

Мірсалімава запатрабавала ад «Мінскай праўды» выбачыцца за паклёп Азаронка2

Расійскаму генералу пасля ўкраінскай атакі ампутавалі руку і нагу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску бяспраўнікаў ловяць па камерах. Нават тых, хто едзе з маскай на твары

У Мінску бяспраўнікаў ловяць па камерах. Нават тых, хто едзе з маскай на твары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць