Архіў

ПОШТА

№ 8 (105) 29 красавіка 1998 г.

 

«Жаба ў роце»

(«НН», №6'1998)

Хацеў бы прадоўжыць думку сп. Алеся Менскага аб трасянцы. Чаму з усiх старон iдзе такое непрыняцьце трасянкi?! Гэта ж звычайны беларускi акцэнт. Чаму нiхто не сьмяецца з латыскага цi польскага акцэнту? Напрыклад, у польскiм акцэнце таксама шмат расейскiх словаў, як i ў беларускiм акцэнце, пераробленых на польскую манеру вымаўленьня. Але ж гэта не выклiкае нi ў кога адмоўных пачуцьцяў. Канечне, той, хто размаўляе на трасянцы, ня ведае нi беларускай, нi расейскай моваў, але ж сам факт непрыняцьця беларускага акцэнту выклiкае насьцярогу.

А можа, справа ў нашым стаўленьнi да беларускага? Нават нацыяналiсты пагардлiва адносяцца да беларускага акцэнту i, бачна, не таму, што яны такiя прыхiльнiкi беларускай мовы, а таму, што ў iхнай падсьвядомасьцi ўжо закладзеныя адносiны да беларускага як да нечага другога гатунку. На мой погляд, гэта адзiн з многiх вынiкаў вынiшчэньня беларускасьцi, з мэтай абразiць усё беларускае, нават акцэнт зрабiць другога гатунку.

Для адраджэньня беларускасьцi, пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы трэба зрабiць моднай яе i нават акцэнт, так бы мовiць, трасянку. Над гэтым трэба працаваць дзень i ноч. Таму што ўвесцi беларускую мову праз адно перакананьне немагчыма.

Што мы маем цяпер? 2-3 незалежныя газэты. У нас няма, напрыклад, беларускамоўнага тыднёвага грамадзка-палiтычнага выданьня, дзе можна было б прачытаць думку палiтыка, меркаваньнi эканамiста, праграму партыi. Адкуль у нас зьявяцца папулярны палiтык, эканамiчная праграма, папулярная партыя, калi немагчыма пра iх прачытаць дзе-небудзь? I ў тых газэтах, што ёсьць, таксама мала iнфармацыi. Такое адчуваньне, што надыйшоў крызыс жанру. Напрыклад, у газэце «Свабода» палову газэты займае артыкул «Как питался Ильич». Канечне, цiкавая тэма, але ж не для прыдушанай апазыцыйнай газэты, дзе кожная газэтная паласа на вагу золата. Незразумелая пазыцыя «Народнай волi», дзе ў рубрыцы «Вiншуем» чытаем, што А.Г.Л. узнагародзiў нейкага дзеяча чарговай «правительственной наградой». Тут камэнтары залiшнiя.

Я ўпэўнены, што калi б зараз зьявiлася свабода слова, друку, мы б мелi тыя самыя 2-3 газэты з тым жа зьместам.

А колькi ў нас напiсана кнiг, зьнята кiнастужак, напiсана песень, эканамiчных прац, так бы мовiць, «на палiцу»? Хоць цяперашняя вiдэатэхнiка i друкавальныя магчымасьцi дазваляюць данесьцi ўсё гэта да грамадзтва.

Трэба ствараць крытычную масу напрацовак, якая перарасьце ў ланцуговую рэакцыю i выбухне, зносячы ўсё дрэннае i дасьць на моцным фундамэнце магчымасьць будаваць Беларускi Дом!

Жыве Беларусь!

Павал Круковiч, Менск


 

Трасянiна з-за трасянкi

Не магу падзялiць аптымiзму сп. Алеся Менскага, якi, абмяркоўваючы артыкул С.Квяткоўскага «Жаба ў роце», прыйшоў да высновы аб карыснасьцi такой зьявы, як трасянка.

«Сумнавядомая трасянка — гэта ня мова, а проста набор словаў, якiя ўжо перасталi быць расейскiмi i ў хуткiм часе маюць вялiкi шанец зрабiцца беларускiмi», — сьцьвярджае сп. Алесь Менскi. З гэтым нельга згадзiцца, бо слова ёсьць ня толькi фанэтычнай, але й лексычнай адзiнкай мовы. Напрыклад, можна падвойваць цi нават патройваць «ц» замест «тьс» у расейскiх словах, «казаться», «убедиться» i iнш., але ад гэтага яны ня стануць беларускiмi, як «здавацца» i «ўпэўнiцца», а будуць усяго толькi памылковымi варыянтамi для абедзьвюх моваў: для расейскай — фанэтычна, для беларускай — лексычна. I я б ня быў такiм шчасьлiвым ад таго, што нашу мiлагучную родную мову чакае пэрспэктыва быць зьнявечанай моўнымi кентаўрамi кшталту «ўбядзiцца», «рэзультат» цi «памяшчэньне». Хопiць з нас тых зьдзекаў, якiя мы чуем з вуснаў прэзыдэнта, якi, дарэчы, зьяўляецца выдатным прыкладам носьбiта трасянкi, асаблiва фанэтычнай (узгадайце хаця б «жэншчын»).

Такiм чынам, шлях ад трасянкi да беларускай мовы, як, зрэшты, i да расейскай, адрэзаны, бо яна парушае фанэтычную, лексычную i артаграфiчную еданасьць мовы. Паводле сваёй iснасьцi трасянка зьяўляецца моўным вычварэньнем, таму казаць аб яе значнасьцi як каталiзатара пераходу да беларускай мовы нельга.

Андрэй Аляксандраў


 

«Таямнiчая Туркаль»

(«НН» №6'1998)

Як фiлёляг не магу пакiнуць без увагi артыкул сп. Уладзiмера Скрабатуна. Аўтар разглядае назоў «Орша» («Ворша») як вытворны ад «ор» — «рэчышча» ды «ша» — «вада» (з марыйскае мовы). Насамрэч гiсторыя гэтага назову наступная: да ХII ст. ён вымаўляўся як [ръша] (Ръша). Прыкладна з ХIII ст. гук «ъ» у вынiку эвалюцыi мовы перастаў вымаўляцца, зьнiк, слова пачало вымаўляцца як [рша]. Такое спалучэньне гукаў цяжкае для вымаўленьня, i таму ў вынiку далейшае эвалюцыi ўзьнiкае т.зв. прыстаўны гук [о]: «ор-ша». Такiм чынам, слова «Орша» — спрадвечна лiцьвiнскi (беларускi) назоў: гук [о] мае гэткi ж амаль статус, як i гук [i] ў слове «iльняны» (але: «лён»), як гук [а] ў слове «аржаны» (можна й «iржаны») дый iнш. (Гл. Янкоўскi Ф. Гiстарычная граматыка беларускай мовы. — Менск: Вышэйшая школа, 1989. Ст.93). Гук жа [в] («Ворша») вымаўляецца ўжо паводле аналёгii са словамi «возера», «вакно» ды й iнш.

I вось што яшчэ. Аўтар артыкула выводзiць (як ён сьцьвярджае — «напэўна») нашае слова «выносьлiвасьць» ды вытворныя ад яго — са слова мовы комi «вын», што значыць «сiла». Дазваляю сабе абвергнуць гэтае дапушчэньне. Слова «выносьлiвы» мае корань -нось-, значэньне якога зьвязана з разуменьнем нясеньня ношы. А элемэнт вы- — ня што iншае, як прэфiкс (прыстаўка). Сапраўды, ёсьць жа яшчэ й слова «перанесьцi», як варыянт «вынесьцi». Да прыкладу: 1. вынесьцi ўсе выпрабаваньнi (пакуты); 2. перанесьцi ўсе выпрабаваньнi (пакуты). Урэшце любы нармалёвы шкаляр зробiць вам марфэмны разбор слова: вы-нось-л-iва-сьць.

Уяўляецца недарэчыным тое, што, можа, шмат хто з аршанцаў, прачытаўшы артыкул, возьмуць да веры, дый будуць пасьля тлумачыць, як у тых «Белых Росах», памятаеце? — «Лухта гэта ўсё, князi твае... Бачыў луг? Вось на iм раса ўраньнi выпадае, таму й назоў гэткi — Белыя Росы... А ты скажаеш гiсторыю!..»

Сяргей Абрамовiч, фiлфак БДУ, II курс


 

Iмя краiны

На маю думку, трэба закрыць пустую дыскусiю пра зьмену iмя нашае краiны i павучыцца ў нашых далёкiх i блiзкiх суседзяў. Ня так даўна палякi па прыкладу суседняй Нямеччыны зрэфармавалi адмiнiстратыўны падзел краiны i замест ваяводзтваў-гарадоў (прыкладам, Варшаўскае ваяводзтва) утварылi ваяводзтвы-землi (напрыклад: Вялiкапольская, Сьлёнская, Малапольская землi, Памор’е, Вармiя i Мазура, г.д.). Тым самым яны захавалi гiстарычную тапанiмiку краiны. Тое самае прапаную i я. Зрабiць вобласьцi-адзiнкi па назвах рэгiёнаў Беларусi: Лiтоўская, Палеская (Заходняя, Усходняя) i iншыя, не адкiдаю таксама i — Крывiцкая — для ўсходнiх вобласьцяў Беларусi. Да гэтага яшчэ далёка, але гэта, на маю думку, рэальны праект, i прыклад суседзяў гэта пацьвярджае.

Алесь Моргун, Баранавiчы


«Сьцяна»

Вiншую Вас са зьдзяйсьненьнем праекту «Народная кнiга»! Шчыры дзякуй за «Сьцяну»! Беларушчыны паболела.

Калiсьцi «Наша Нiва» прапанавала надрукаваць усяго Борхеса. А што, калi ўявiць народнага Борхеса? Якi належыць народу Каралеўства Беларусь. Зрэшты, густы i патрэбы духу маюць набiраць крытычнае масы, пакуль ня выбухнуць чарговым праектам. Усе разам яны твораць глябальны праект, iмя якому Свая Краiна.

Янка Храпавiцкi, Глыбокае


 

У справе Пятра Гушчы

З нагоды арышту Пятра Гушчы я знарок ня стаў пiсаць адразу пасьля падзеяў. Не хацелася быць першым — хацелася пачуць водгукi iншых людзей пра чалавека, якога лiчу ледзьве не адзiным рэальна думаючым у сёньняшняй Беларусi. Чаканьнi сталiся марнымi. Я яшчэ раз упэўнiўся, што Лукашэнку няма чаго баяцца ў блiжэйшы час, таму што няма сiлы, якая магла б яго i кампанiю замянiць. Аднак я таксама зразумеў, што гэты рэжым баiцца. Становiцца бачна, дзе яго слабыя месцы, з чаго трэба пачынаць. Фронт для барацьбы, працы ёсьць.

Пачну з таго, што ў Беларусi ёсьць людзi, якiя яшчэ ў савецкiя часы прысьвяцiлi сябе барацьбе з антыбеларускiм рэжымам. Яны падыйшлi да гэтага сур’ёзна i разумна, i рэжым распраўляўся зь iмi жорстка. Да такiх людзей належыць i Пётар Гушча, якi за свае погляды адседзеў у спэцпсыхшпiталi КГБ амаль восем гадоў. Дзякуючы намаганьням арганiзацыi «Мiжнародная амнiстыя» ён быў вызвалены ў 1990-м годзе, пасьля чаго неўзабаве атрымаў дазвол на сталае жыхарства ў ЗША. Але замест эмiграцыi гэты чалавек вырашыў працаваць на карысьць Беларусi. Ён цудоўна разумеў, што весьцi адкрытую палiтычную барацьбу ва ўмовах саўдэпаўскага мысьленьня большай часткi насельнiцтва —безвынiкова. Патрэбная доўгая, маркотная работа ў некалькiх напрамках (культура, гiсторыя, рэлiгiя), якая мусiць даць плён празь некалькi гадоў. Насельнiцтва павiнна найперш усьвядомiць сябе як паўнавартасную, роўную сярод роўных нацыю (хiба ня роўнымi ўсiх людзей i ўсе нацыi стварыў Бог?). Адной з галоўных галiн гэтай доўгай працы была менавiта рэлiгiя. «Галава ў Крамлi, а сэрца ў Храме». А храм — у Маскве. Гэта — пра нас, беларусаў. Але ж сэрцы беларусаў павiнны быць у Беларусi. Выйсьцем з сытуацыi было б стварэньне незалежнага ад Масквы праваслаўнага Патрыярхату.

Масква i Фiларэт глядзелi на гэтую iдэю спачатку са сьмехам —прынамсi, не прымаючы яе ўсур’ёз. Але намаганьнi айца Пятра пачалi прыносiць вынiкi: стаў складвацца штат сьвятароў, пачалi будавацца цэрквы. Тады праз змову з уладамi, з дапамогай сiлавых ведамстваў Пётар Гушча быў ачарнёны i пасаджаны за краты. Што ж, якiмi мэтадамi Масква ў 1589 годзе атрымала патрыярхат, такiмi ж падтрымлiваецца манаполiя «Трэцяга Рыму» i па сёньняшнi дзень! Яскравы прыклад — як фiларэтаўцы закiдвалi населеныя пункты, дзе вёў рэлiгiйную дзейнасьць айцец Пётар, паклёпнiцкiмi ўлёткамi...

Але ж самае цiкавае, што прадстаўнiкi Расейскай праваслаўнай царквы ня хочуць зразумець: такiмi паводзiнамi яны наносяць шкоду ўсяму праваслаўю. Множацца каталiцкiя, пратэстанцкiя суполкi. I калi адмянiць iльготы ў царкве, то натуральна, што Праваслаўная царква ў Беларусi можа зь цягам часу рухнуць. Што да Пятра, то ад яго адвярнулiся сёньня ўсе знакамiтыя «барацьбiты за незалежнасьць». Што ж, ня маючы вушы — не пачуе, каму ня дадзена зразумець — не зразумее... Яны баяцца быць заплямленымi справай «сэксуальнага маньяка». Да iх ня дойдзе, што, паверыўшы ў гэтую лухту, яны выкрэсьлiлi сябе з палiтычнай барацьбы. На iх нi Лукашэнка, нi хтось iншы ўжо не зьвяртае ўвагi. Не паверылi ў «распусныя дзеяньнi» i «злоснае хулiганства» сьвятара толькi людзi, якiя асабiста хадзiлi на яго набажэнствы, якiя ведалi, што гэта за чалавек. Такiя людзi ёсьць. I гэта ўсяляе надзею.

Ван Дзiк Матусэвiч

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна11

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Экс-футбаліст Сяргей Алейнікаў знайшоў працу ў Балгарыі

Ізаляванае племя ў бразільскіх трапічных лясах знялі схаванай камерай9

Жонка Башара Асада знаходзіцца ў крытычным стане з-за лейкозу. Лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна11

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →