Архіў

Славамір Адамовіч. Гарачыня

№ 12 (133) 1999 г.


Бытавуха

Славамір Адамовіч

Гарачыня

 

Ужо болей за месяц нас даймае сьпёка. У правінцыі гнюс гоніць скаціну і лясных зьвяроў у ваду. У горадзе плавіцца асфальт, і няма чым дыхаць ад перагару задрыпаных аўто. Гараць лясы і тарфянікі, чаўрэюць прыватныя гародзікі і калгасныя палі. Кароткачасовыя градабойныя дажджы не прыносяць палёгкі — H2O тут жа і выпараецца.

Горача. Разьліўное піва ў Менску цяпер па сто тысяч, але й такога не хапае. Не хапае добрага марозіва і звычайнай, каб зь лядоўні, вады. Выбары 16 траўня настолькі нічога не зьмянілі, што сёлета ізноў у маім стаяку адключылі халодную ваду. Ужо паляцелі нейкія мошкі і тхне з прыбіральні.

Студэнт палітэхакадэміі, ашалелы ад піцьця, экзамэнаў, сьпякоты і ўласнай дураты, дзікім голасам раве ў бок плошчы Бангалор. Яму ня хочацца быць проста закінутым у жыцьцё, як пра тое даводзіў Гайдэгер. Яму хочацца ў сьвет, на людзі, і таму, сарваўшы голас, ён выстаўляе ў вакно калёнку на 200, можа быць, ват, і ўключае Высоцкага — а трэцяй гадзіне ночы.

У пасёлку Пралетарск, які пекліцца дзесьці паміж Езярышчам і Казянамі, таксама душна і смажыць. Маладая прадаўшчыца ў нядзелю краму не адчыняе, а набываць самагнёт — дык жыць хочацца. Могуць прапанаваць яшчэ нейкую танную чачу, якую называюць напіткам пладова-ягадным, але з гэтых сікаў таксама толку мала. І толькі напісанаму алейнымі фарбамі трохмэтроваму Леніну нядрэнна стаіцца ў старшынёвым пакоі разбуранай калгаснай канторы.

Побач значна меншыя фарматам халадаюцца на сакратарчыным стале члены савецкага палітбюро ў стандартным чорна-белым выкананьні.

У будынку праўленьня сканалага калгасу цэлымі засталіся бібліятэка і пошта, але і яны не працуюць. Так што ў гэтыя сьпякотныя дні пасёлак Пралетарск можа паслужыць файнай пляцоўкай для натурных здымкаў якога-небудзь футурыстычнага фільму пра апошнія дні прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

Ня вытрымаў гарачыні і рэзка адваліў на адпачынак у Польшчу старшыня праўленьня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў. Незразумела толькі, чаму нехта Падгайны настойліва раіць свайму даўняму таварышу Валодзю не дурніцца і хутчэй ехаць назад у Беларусь?

16 чэрвеня ў Саюзе пісьменьнікаў Рада галасавала за новых сяброў арганізацыі. Прынялі пяцёх. І ўжо 23-га адзін з новадалучаных, дзяціны бацька і аўтар жоўтай кніжачкі з рыфмаванымі тэкстамі, на вечарыне, прысьвечанай 75-гадоваму юбілею Васіля Быкава, спрабаваў пераймаць п’яныя рыканьні Анатоля Сыса. На жаль ці на шчасьце, але пераймацца ўжо позна, ды і няма таго галоўнага, што прарастае з душы, «як жоўты дзьмухавец абапал тыну, як лапухі і лебяда».

Асабліва дастаецца сёлета ад сонца тым, хто падахвоціўся на заробкі ў Шклоў. Сей малый град беларускай зямлі рабочыя марафэцяць пад чарговыя «шклоўскія дажынкі». Праўда, пакуль «вэртыкаль» завіхаецца камандаваць марафэтам, «гарызанталь» калгасных палёў сыходзіць пад пякельным сонцам апошнімі сокамі, таму дажынаць прыйдзецца асабліва пільна. І вельмі важна не забыцца пра кантроль над шафярнёй: па маршруце «поле — закрома Ціцянкова» трэба выставіць піянэраў, якія дзе-кольвек яшчэ ўзгадоўваюцца, і кадры Янчэўскага з чырвонымі кніжачкамі правяральшчыкаў. Няхай сабе дапільноўваюць, каб ніводнае зернейка ня ўпала з кузава долу, ніводны мяшэчак каб ня сьцёг брыгадзір і каб ніводная тона з гектару не заехала на прыватны элеватар якога-небудзь Старавойтава-Кудзінава.

Сьпёка, халера на яе. Цела назызае гарачынёй. Тры прастытуткі п’юць піва за чырвоным столікам. Адна з наколкай на костачцы, другая прэе ў чорных калготках, а трэцяя, без асаблівых прыкметаў, пільнуе плястыкавыя куфлі з вадкасьцю, пакуль дзьве першыя, — відаць, надта сіклівыя, — ужо каторы раз адлучаюцца ў бясплатны клязэт, што каля крамы «Акіян», у якой днямі паставілі новы піўны апарат з двума жоўта-блішчастымі кранікамі.

25 чэрвеня 1999г.,
Менск


Каментары

Цяпер чытаюць

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага2

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

Усе навіны →
Усе навіны

У Кітаі вычысцілі вярхоўнага генерала. Гэтаму папярэднічала вялікая перастрэлка1

«Засталося некалькі месяцаў». Тэхкампаніі заклікалі рыхтавацца да кібератак з выкарыстаннем ШІ3

Аляксей Санчук у 2020‑м быў адным з нас, цяпер яму патрэбная дапамога3

Экс-чыноўнік, аб'яўлены ў вышук ва Украіне, будуе новае жыццё ў Беларусі. Ужо заняў высокую пасаду і пабываў у Палацы Незалежнасці1

Былы ўкраінскі міністр Фёдараў уладкаваўся дарадцам міністра абароны Італіі10

Спадкаемцы «Вострава чысціні» закрываюць крамы і фіксуюць страты2

Лукашэнка заявіў, што ў яго на поўдні і ў Расіі на захадзе ёсць супольная праблема30

Пад меркаваным месцам пахавання Ісуса раскрылі 2000‑гадовую таямніцу, якая супадае з біблейскім апісаннем12

У Пінску пільная бабуля не дала махлярам абдурыць свайго ўнука

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага2

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць