Архіў

Натальля Бабіна. ТА

№ 3 (160), 17 — 24 студзеня 2000 г.


 

ТА

А палове на чацьвертую я, пазяхаючы з рызыкай вывіхнуць сківіцы, хутаючыся ў футра, выйшла з пад’езду. Марозіла. Чорны кот скочыў зь вішні пад бэз. Не сьвяціліся вокны ў дамах, маўчалі пеўні ў Сяльгаспасёлку, разьвязваючы тымсамым рукі нячыстай сіле. Ліхтары сьвяцілі аддана, але было іх нямнога.

Навошта ж у такую няпэўную, містычную гадзіну я пакінула дом? Можа, каб, узламаўшы дзьверы суседзкай кватэры, украсьці пустыя бутэлькі, бо не стае на гарэлку? Не. Каб з кіем перастрэць дзе ў цёмным месцы якога ворага? Не. Можа, мяне выцягла з дому прага здабыць на начных вуліцах натхненьне? Не, не і не.

Проста трэ было прайсьці чарговы тэхагляд машыны.

Першыя дзьве спробы, распачатыя ў сьветлы час сутак, скончыліся тым, што зваліўся з тэмпэратурай мой суджаны. Замагільным голасам ён спрабаваў яшчэ давесьці, што клін трэба выбіваць клінам, і каб выздаравець, трэба адсядзець ноч у машыне, але я рашуча перапыніла гэтае трызьненьне. Тыцнуўшы яму градусьнік і наказаўшы глядзець дзяцей, якія самі па сабе могуць лічыцца найбольш моцным клінам з усіх кліноў, я вышла ў ноч.

Калі мы з маёй Бялявай «сямёркай» дабраліся да гарадзкой ДАІ, дзе праходзяць тэхагляды няшчасныя і шчасьлівыя ўладальнікі машын з усяго Менску, пляцоўка была напалову запоўненая. Прыладзіліся ў канец чаргі.

Прыкметаў сьвітаньня не было і блізка. За вокнамі Бялявай рухаліся здані — хто праціраў шматкамі свае транспартныя сродкі, хто калупаўся пад узьнятымі капотамі, хто паліў. З шэрага дабітага «фольксу» час ад часу даносілася музыка і жаночыя віскі — кіроўца яўна прыехаў сюды зь якога-небудзь вясёлага месца, і я глыбока шкадую, што на старонках «НН» нельга апублікаваць тыя значныя па сэнсу і выразныя па форме заўвагі, якімі абменьвалася між сабой гэтая кампанія. Скажу толькі, што збольшага яны датычылі пэўных фізіялягічных патрэб і магчымасьцяў справіць іх дзе-небудзь паблізу, а дакладней, поўнай адсутнасьці такіх і верагодных наступстваў гэтых абставін.

Да васьмі раніцы я варушыла пальцамі ног, каб не адмерзьлі, і ціхенька кімарыла. Затым зьявіўся жвавенькі дзядок са сьвістком, усё арганізаваў, пастроіў, выправіў і направіў, і ў дзесяць Бялявая была агледжана.

Вяртаючыся дамоў па калдобінах Гурскага, Нямігі, а тады Багдановіча, ухіляючыся ад сустрэч з асфальтавымі каткамі і «мэрсэдэсамі», я ня думала «чаму?», ня думала «хто вінаваты?», а думала толькі «дачакаемся ці не?».

Ня маю прэтэнзіяў да ДАІ. Наадварот, глыбока ўдзячная гэтай установе як за клопат аб тэхнічным стане маёй машыны, так і за службу на дарогах. Ня ведаю, у каго як, а ў мяне стаўленьне да дарожнай міліцыі вельмі прыязнае. Спыняць, то заўжды паздароўкаюцца, добры, скажуць, дзень, паважаны вадзіцель, прашу вашыя дакумэнты. Тады пажадаюць добрай дарогі. Карэктна. Але не бязьмежныя і іх магчымасьці, а сродкаў бракуе. Як усюды. Прыкладам, ты да крамы — а мяса толькі для ільготнай катэгорыі грамадзян, ты па даведку — а табе, як слушна заўважыў Віктар Шніп, кажуць «прыходзьце празь месяц», ты па бэнзын — а толькі па 20 літраў у бак, ты за лекі — а іх увогуле няма, скульля табе ў бок… Хто менш стойкі ў веры і мужны ў выпрабаваньнях, даўно далі дзёру ў якую Канаду ці Новую Зэляндыю і цяпер пішуць адтуль зіхатлівыя лісты. «Вось як я праходжу тэхагляд, — дае знаць праз Інтэрнэт Жэня Тумар, былы супрацоўнік «Звязды». — Прыяжджаю да будзь-якой станцыі ТА, аддаю ключы ад машыны хлопчыку ва ўніформе, п’ю каву, гляджу тэлевізар у бары, з ангару выяжджае хлопчык — аддае праштампаваныя дакумэнты, кажа, што прыйшлося замяніць тармазныя шлянгі на пярэдніх колах».

Што ў нас, што ў Новай Зэляндыі — рэчаіснасьць дыктуе тэмы гумарэсак. Выпі кавы або зьеж баршчу. Успомні заказанскую прымаўку «Скачы, вража, як пан кажа». І з новымі сіламі да працы!

Натальля Бабіна


Каментары

Цяпер чытаюць

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці

Усе навіны →
Усе навіны

У Іўеўскім раёне ў лабавым сутыкненні адзін чалавек загінуў, трое пацярпелі1

Украінцы знішчылі расійскі стратэгічны бамбавік на аэрадроме ў Саратаўскай вобласці10

У Беларусі знайшлі баравік памерам з вядро ФОТА5

Расійская армія знішчыла каля 90% складоў гандлёвых сетак ва Украіне5

Пачобут: У верасні я вярнуся ў Беларусь, каб пашыраць там прастору для свабоды выказвання26

12‑гадовая дзяўчынка ў Расіі нарадзіла дзіця9

52‑гадовы Аркадзь з Глуска фіктыўна паступіў ва ўніверсітэт у Смаленску. Застаўся без дыплома, але з крыміналкай

Хокан VIII афіцыйна стаў каралём Нарвегіі

Джона Коўла ўзнагародзілі прэміяй імя Паліткоўскай за вызваленне беларускіх палітвязняў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць