Архіў

Барыс Тумар. Дыякану далі 20 гадоў за забойства папа

№ 30 (187), 24 — 31 ліпеня 2000 г.


 

Дыякану далі 20 гадоў за забойства папа

Але грамадзкая думка ў Берасьці ня ведае, каго больш шкада — ахвяры ці забойцы

 

На 20 гадоў у турму пойдзе дыякан Генадзь Калесьнікаў за забойства настаяцеля берасьцейскай Сьвята-Мікалаеўскай царквы айца Міхаіла (Сацюка). Ды яшчэ й мае сплаціць кампэнсацыю за маральную шкоду сыну й дачцэ забітага (па 250 тыс. руб. кожнаму), а таксама ўдаве (500 тыс.).

Сацюк быў забіты 12 кастрычніка 1998 году нажом у сваёй собскай машыне ў лесе каля Тэльмаў, прыгараднага селішча. Пахавалі яго з асабліваю пашанаю на цьвінтары, адпяваў сам мітрапаліт Філарэт. Ягоная магіла станавілася аб’ектам пакланеньня — бабулькі яе цалавалі, з царквы выходзячы.

Калесьнікаў раней прыслужваў дыяканам у той царкве, што і айцец Міхаіл, вельмі грашовай — яна стаіць у самым багатым берасьцейскім раёне, ля базару і вакзалаў. У савецкі час яна была зачыненая ўладамі, але апошнім часам адрэстаўраваная. Гэта прыход з прыходаў нават на Берасьцейшчыне, дзе праваслаўе дагэтуль шанаванае спасярод шанаваных. Вядома, што ў сьвятароў была вялікая канкурэнцыя за такую парафію, пагатоў, што менавіта пры ёй — рэзыдэнцыя япіскапа Берасьцейскага і Кобрыньскага Канстанціна, паважанага патрыярха (па гадох) беларускага праваслаўя.

Калесьнікава затрымалі былі на наступны ж дзень пасьля знаходкі трупа — міліцыя, аказваецца, сваё дзела знала, і правярала ня толькі вэрсіі, што выказваліся ў праваслаўных колах (пра сатаністаў найперш, а таксама пра грошы, пазычаныя на будаўніцтва сабору і за якія не было як разьлічыцца, а таксама пра помсту мужа нейкай жанчыны, якую Сацюк быццам бы спакусіў). Але праз суткі яго адпусьцілі. Арыштавалі ж Калеснікава наноў у сьнежні 1999 году — у той час ён працаваў дыяканам у адной з гомельскіх цэркваў.

Суд прызнаў яго вінаватым па артыкуле «наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах, учыненае з асаблівай жорсткасьцю». Пракурор вінаваціў яго таксама па артыкуле «разбой», але суд палічыў гэтае абвінавачваньне недаказаным.

Матывамі забойства суд палічыў пагаршэньне фінансавага становішча сям’і Калесьнікавых пасьля пераводу дыякана ў іншую царкву, а таксама сэксуальныя дамаганьні з боку айца Міхаіла. Як піша агенцтва БелаПАН, на судовым пасяджэньні, якое цягнулася больш за месяц пры зачыненых дзьвярах, калегія Берасьцейскага абласнога суда ўстанавіла, што Калесьнікаў злоўжываў гарэлкаю і быў звольнены са Свята-Мікалаеўскай царквы абгрунтавана (у момант учыненьня злачынства Калесьнікаў таксама быў п’яны).

У дзень забойства два царкоўнікі стрэліся, каб пагаварыць пра магчымасьць пераводу Калесьнікава назад у Берасьце. Яны заехалі ў лес і айцец Міхаіл быццам бы прапанаваў арганізаваць перавод, калі Калесьнікаў уступіць зь ім у гомасэксуальную сувязь. Паводле словаў Калесьнікава, ён выхапіў нож і ўдарыў Сацюка ў галёнку, потым, нягледзячы на просьбы зьлітавацца, рэзануў яшчэ пару разоў. Пасьля забойства Калесьнікаў прыехаў дамоў і давай піць далей разам з жонкай і таварышам, як няма нішто. Вось рэканструкцыя падзеяў паводле суда.

Як вядома, праблемай маральнай дэградацыі служак царквы і гомасэксуалізму, пашыранаму між іх, у прыватнасьці, засмучаныя многія праваслаўныя інтэлектуалы. Царква ж са зразумелых прычынаў стараецца не акцэнтаваць увагі на гэтай праблеме. Вынясеньне такіх далікатнасьцяў на публічнае абмеркаваньне не абавязкова прывяло б да ўнутранага ачышчэньня царкоўнае ерархіі, але неадменна паспрыяла б расчараваньню людзей у царкве як інстытуцыі і нават адпадзеньню іх ад Бога ўвогуле, лічаць праціўнікі публічнасьці ў гэтым пытаньні. Беларусы яшчэ не набылі стойкасьці ў веры пасьля савецкага атэізму, уважаюць яны. Менавіта гэтымі меркаваньнямі, трэба думаць, кіравалася Расейская Праваслаўная Царква, ніяк не адрэагаваўшы на леташні артыкул у расейскай газэце Московский комсомолец, у якім беларускі мітрапаліт Філарэт і ўкраінскі Ўладзімер, пастаўленыя на чале каляніяльных аддзелаў РПЦ, называліся прыхільнікамі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, што, паводле газэты, зьмяншае іхныя шанцы стаць наступнікамі патрыярха Алексія.

Цягам тыдня прысуд Берасьцейскага суду можа быць абскарджаны, і Калесьнікаў зьбіраецца гэта зрабіць. Берасьцейская грамадзкасьць, шакаваная падрабязнасьцямі справы, ня ведае, што й думаць.

Барыс Тумар


Каментары

Цяпер чытаюць

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Усе навіны →
Усе навіны

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў2

На ферме пад Гомелем цялят падчас марозу апранаюць у камбінезоны ФОТАФАКТ

На фота з файлаў Эпштэйна брытанскага прынца Эндру знялі на каленях перад ляжачай жанчынай9

Украінская спявачка Ёлка атрымала расійскае грамадзянства5

Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь. І дакладна наведваў нашую краіну10

«Гэта будзе бомба!» У новым мінскім касцёле з'явіцца арган2

Нікол Пашынян правёў вечарыну, на якой сам быў бубначом2

Нямецкі ўрад засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвае «Альтэрнатыва для Германіі»20

За незаконнае пахаванне хатняга гадаванца беларусам пагражае вялікі штраф12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць