Архіў

Валеры Булгакаў. Расія і лукашэнкаўскі плян стварэньня псэўдаапазыцыі

№ 27 (236), 4 ліпеня 2001 г.


 Расія і лукашэнкаўскі плян стварэньня псэўдаапазыцыі

Валеры Булгакаў

 

Як бы ні склаліся вынікі збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, можна прагназаваць, што 9 верасьня ў бюлетэнях будзе ня больш за дзесяць прозьвішчаў. Прыкладна тое самае адбывалася 7 гадоў раней, калі на першых прэзыдэнцкіх выбарах з 19 ахвочых набраць неабходную колькасьць галасоў змаглі толькі 6 кандыдатаў.

Праведзенае інфармацыйнай агенцыяй БелаПАН у Менску апытаньне сьведчыць, што ўжо цяпер менчукі пачынаюць рабіць свой выбар, які збольшага можа супасьці з выбарам усіх беларусаў:

У гэтай выбарцы пакуль яшчэ адсутнічаюць кандыдатуры Міхаіла Марыніча і Леаніда Сініцына. Аднак, мяркуючы па напоры іх перадвыбарнай кампаніі, прозьвішчы і першага, і другога могуць аказацца ў выбарчых бюлетэнях. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталяй Машэравай, Сямёнам Домашам і Зянонам Пазьняком яны ўтвараюць групу найбольш азартных гульцоў у перадвыбарнай гонцы (Міхаіл Чыгір, Віктар Цярэшчанка і інш. падобныя палітычныя дзеячы не ўваходзяць у наш разьлік дзеля вялікай прадказальнасьці іх палітычных паводзінаў).

Перадвыбарная кампанія Лукашэнкі разгортвалася ў чэрвені ў некалькіх кірунках. Бадай, найцікавейшы зь іх — рэалізацыя пасьпяховага пляну па драбненьні апазыцыі.

24 чэрвеня, праяўляючы неабыякія тэатральныя здольнасьці, ён абвінаваціў усіх астатніх кандыдатаў у прадажнасьці і змове. Падобныя выпады Лукашэнкі перасьледуюць дзьве мэты. Па-першае, Лукашэнка ўмела навязвае апазыцыйны статус сваім стаўленікам (Сініцыну, Машэравай, Марынічу і г.д.), па-другое, ён падтрымлівае ў стане “боегатоўнасьці” свой электарат.

Гэта робіцца шляхам выбудовы свайго роду ланцужка: беларускі прэзыдэнт эмацыйна дакарае ў нечым Машэраву і Марыніча, пасьля ў зводках інфармацыйных агенцый зьяўляецца Сініцын і ўпікае Лукашэнку за зробленыя грашкі. Такі вось скетч на чацьвярых, або, гаворачы на дзяцінай мове, гульня ў паравозік.

 

Гульня ў паравозік

Чатыроххадоўка з удзелам Машэравай, Марыніча й Сініцына сьведчыць пра тое, што ў лягеры праўрадавых кандыдатаў адбываецца свайго роду падзел працы. Лукашэнку значна выгадней падзяліцца галасамі беларускіх выбарцаў з “пацешнымі” кандыдатамі, чымся з рэальнымі супернікамі.

Але апроч дасягненьня тактычнае выгады, лукашэнкаўцы зацікаўленыя і ў кардынальным перадзеле беларускага палітычнага поля згодна з пасьпяхова апрабаваным у Расіі сцэнарам “кіраванай дэмакратыі”, выцясьніўшы з гэтага поля несыстэмную ўваччу афіцыйных уладаў апазыцыю. Усьлед за псэўдапарлямэнтам і псэўдаканстытуцыйным судом, псэўдадэмакратыяй і псэўдазаконнасьцю прыходзіць чарга псэўдаапазыцыі, бо толькі псэўдаапазыцыя можа зрабіць уладу Лукашэнкі неабмежаванай, а створаную ім палітычную сыстэму — закончанай і па-свойму дасканалай. Можна не сумнявацца, што наступным крокам пасьля ператварэньня Сініцына і яму падобных у публічных палітыкаў будзе агрэсіўная кампанія лукашэнкаўцаў па стварэньні на іх грунце “сыстэмнай апазыцыі”. (У апазыцыянэры прэцца запісацца нават блізкі сябар Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве намесьнік старшыні палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў — на мінулым тыдні ў Страсбургу ён заявіў аб сваім намеры стварыць і ўзначаліць у “палатцы” магутны апазыцыйны рух, пра што хутчэй-хутчэй паведаміла пад рубрыкай “Сэнсацыя” “Народная Воля”.)

Ня выключана, што Лукашэнка і паслухмяныя яму Машэрава, Сініцын і Марыніч у разгар перадвыбарнай гонкі ня будуць цурацца яўных правакацый — будуць арганізоўваць міжсобку запалохваньне, дасылаць адзін аднаму пагрозы, чыніць акты нападу і зьбіцьця, магчыма, нават з ужываньнем выбуховых рэчываў і агнястрэльнай зброі малой забойчай сілы, а пасьля жвава абмяркоўваць гэта сваім вузкім колам у беларускіх СМІ, тлумачачы ўсё гэта падкопамі праварадыкальных сілаў і патрабуючы іх жорстка пакараць за гэта. У Беларусі пачатак гэтым “самастрэлам” даў Лукашэнка сваім лёзьненскім махлярствам 1994 г., летась пачын падтрымаў Аляксандар Фядута, які падчас восеньскіх выбараў у палату прадстаўнікоў некаторы час зьяўляўся на людзях увесь перабінтаваны. Цяпер Фядута працуе на Сініцына, таму ня будзе нічога дзіўнага, калі першым нэрвы ня вытрымаюць у Леаніда Георгіевіча. Нешта падобнае рабілася на пазалеташніх выбарах ва Ўкраіне, калі найбольш небясьпечнага канкурэнта Кучмы Мароза абвінавацілі ў тэракце супраць найменш небясьпечнага — Наталі Вітрэнкі.

Пэрсона Леаніда Сініцына вымагае асобнага абмеркаваньня. Лукашэнкаўскія паліттэхнолягі, відавочна, рэзэрвуюць яму месца неўраўнаважанага лібэрала, дадаткова адказнага за сувязі зь бізнэсам (хаця няясна, якое дачыненьне да бізнэсу мае віцэ-прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня “Сацыяльныя тэхналёгіі”, арганізацыі некамэрцыйнай паводле дзейнага заканадаўства; зь іншага боку, назоў такой арганізацыі сьведчыць пра тое, што яна ставіць нейкія экспэрымэнты над беларускім грамадзтвам). Сёлетнія акцыі гэтага дзеяча паказваюць яго схільнасьць да махінатарства і танных эфэктаў. Чаго вартая сініцынская заява, што на працягу трох тыдняў яго групе ўдалося сабраць больш за 160 тысяч подпісаў за ініцыятыву “пяць з плюсам” (сэнс гэтай ініцыятывы, відаць, не да канца ясны самому Сініцыну, інакш як растлумачыць тое, што на яго асабістай вэб-старонцы працуюць усе опцыі, за выняткам “ініцыятывы пяць з плюсам”). Або скандальны, але, як высьветлілася, бессэнсоўны ліст пра распродаж дзяржаўнай уласнасьці напярэдадні выбараў (хаця адрасная група — эканамічная эліта — выдатна зразумела сэнс гэтага пасланьня). Самы “смажаны” факт з гэтага ліста, а менавіта тое, што афіцыйны Менск за падтрымку падчас рэфэрэндуму 1996 г. расплаціўся з “арлоўскай групай”, узначаленай сьпікерам Рады Фэдэрацыі РФ Ягорам Строевым, кантролем над Беларускім мэталюргічным заводам, не знайшоў пацьвярджэньня.

 

Лібэрал і скандаліст

Сініцын ніколі асабліва не хаваў таго, што зьбіраецца працаваць на Лукашэнку. Яшчэ летась, калі 27 верасьня пастановай Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусі Сініцын быў зарэгістраваны кандыдатам пасьля зьняцьця выбарчай камісіяй Рагачоўскай выбарчай акругі, ён правёў прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў пра тое, што мае намер вярнуцца ўва ўладу, кансультаваць Лукашэнку на выбарах і што ён падтрымлівае стасункі з Лукашэнкам празь яго памочнікаў. Паказальна, што Сініцын тады быў вылучаны кандыдатам ад двух працоўных калектываў дзяржаўных арганізацый — дарожна-будаўнічай управы і прадпрыемства па вытворчасьці жалезабэтонных канструкцый.

Пра тое, што Сініцын па сутнасьці ніколі не зьнікаў з-пад увагі Лукашэнкі, гаворыць і факт арганізаванай пры канцы 1999 г. пратачэньня інфармацыі з Адміністрацыі прэзыдэнта: “Паводле нашай інфармацыі, на месца Мясьніковіча можа вярнуцца Леанід Сініцын — першы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Акурат Сініцын прыклаў надзвычайныя намаганьні для таго, каб Лукашэнка ўзначаліў Беларусь” (“Белорусская газета” за 13.12.1999).

Дарэчы, аналітыкі сыходзяцца на думцы, што “гонар” вынаходніцтва славутай прэзыдэнцкай вэртыкалі таксама належыць Сініцыну. І яшчэ пару штрышкоў зь яго біяграфіі. Зь імем Сініцына, які ў свой час займаў пасаду кіраўніка Рады па каштоўных паперах пры Радзе міністраў, зьвязаны скандал, які выбухнуў пасьля няўдалага выпуску ў 1995 г. першых беларускіх залатых манэтаў. Задума скончылася судовымі працэсамі. Аўтарам эскізу першай беларускай манэты быў ня хто іншы, як Леанід Сініцын... Празь нейкі час Лукашэнка ў тэлепраграме “Совершенно секретно” абвінаваціў Сініцына ў махінацыях (продажы за бесцань расійскім камэрцыйным структурам матэрыяльных рэзэрваў Беларусі), у адказ на што апошні пагражаў судзіцца, але намер свой так і ня зьдзейсьніў.

Чалавек падобнага лёсу — падазраваны ў карупцыі былы расійскі дзяржаўны дзеяч, а цяпер бізнэсовец-эмігрант Сяргей Станкевіч — называў Сініцына “светлой головушкой”.

 

Таварны знак, і толькі

Разам з Наталяй Машэравай Сініцын актыўна “раскручваецца” расійскімі СМІ. У праграме ОРТ “Времена” Сініцын сэнсацыйна прызнаўся, што беларускія ўлады падрыхтавалі сьпіс людзей, якіх ня будуць пускаць на БТ, і што ён, натуральна, у гэтым сьпісе першы.

Няма сумневу ў тым, што расійцы праз сваё тэлебачаньне будуць заўзята прапагандаваць і працоўную пэнсіянэрку Наталю Машэраву.

Нягледзячы на тое, што імя Машэравай даўно мільгаціць у беларускай прэсе, вакол яе постаці захоўваецца арэол таямнічасьці. Пэўным палітычным крокам Машэравай цяжка даць адназначную інтэрпрэтацыю. Напрыклад, навошта ёй было разам зь яшчэ адным кандыдатам на прэзыдэнта Сяргеем Скрабцом уваходзіць у створаную 24 траўня дэпутацкую групу “Адзінства”, узначаленую былым сябрам АГП і былым намесьнікам генэральнага дырэктара сумеснага беларуска-нямецкага прадпрыемства “Белфарм” Юр’ем Марозавым?

Палітычная актыўнасьць Машэравай заўсёды ішла ў рэчышчы афіцыйна праводжанай палітыкі. Гэта яна стварыла “Беларускі саюз імя П. Машэрава “Зьніч”, каб паглыбляць беларуска-расійскую інтэграцыю на нефармальным узроўні. Гэта яна без ніякіх згрызотаў сумленьня выкарыстоўвала народную памяць аб сваім бацьку для дасягненьня тымчасовай выгады.

Машэрава, як і Міхаіл Марыніч, ня мае ні перадвыбарнай праграмы, ні выразнай праграмы дзеяньняў (у інтэрвію маскоўскай газэце “Коммерсантъ” 22 чэрвеня Машэрава не змагла нават адказаць на пытаньне пра сваю палітычную канцэпцыю: карэспандэнт Юры Сьвірко пытаецца: “Але ўсё-ткі вы будзеце прапаноўваць канцэпцыю, якая адрозьніваецца ад канцэпцыі Аляксандра Лукашэнкі?”, Машэрава адказвае: “А пра гэтае з вамі пагаворым, калі я буду зарэгістраваная”).

Ад Лукашэнкі яе адрозьнівае перадусім тое, што перадвыбарная кампанія першага накіраваная на шырокія слаі грамадзтва, тым часам Машэрава ўсяляк спрабуе ўнікнуць прывязкі да канкрэтнай групы грамадзтва — абы, барані Божа, не перацягнуць на свой бок каго-небудзь з лукашэнкаўскага электарату. Інакш кажучы, Машэрава сьвядома цураецца сацыяльных адрасатаў сваёй актыўнасьці, робячы стаўку на эмацыйную прывабнасьць свайго іміджу “адзінай дачкі загадкава памерлага ўсенароднага кіраўніка” і фактычна разьлічваючы на галасы толькі той меншай паловы беларускага грамадзтва, якая ня вызначылася, за каго галасаваць (каб зрабіць выбар гэтай часткі грамадзтва лягчэйшым, Машэрава можа на нейкі час пачаць выкарыстоўваць лібэральна-дэмакратычную рыторыку ў духу Сініцына і Марыніча). За Машэравай не стаіць ні палітычная праграма, ні самастойная (г.зн. непралукашэнкаўская) палітычная сіла. Яна — папулярны таварны знак на беларускім палітычным рынку, і толькі.

 

ПсэўдаДомаш

Яшчэ адным кандыдатам, за якім стаіць адно вялікае палітычнае “нішто”, зьяўляецца Міхаіл Марыніч.


Каментары

Цяпер чытаюць

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Усе навіны →
Усе навіны

Расія пачала выкарыстоўваць ва Украіне шахеды, падключаныя да Starlink. Што вядома і чаму гэта небяспечна1

« 3‑4 лактацыі прыплоду, малака па 7000 літраў, памножыць на 3». Генерал Караеў патлумачыў сялянам, як вырошчваць цялят6

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам25

Вікторыю Кульшу вызвалялі з гіпсам на шыі: «Пералом пазванкоў — гэта вынік фізічнага гвалту ў калоніі»2

«Часы змяніліся». У Германіі заклікаюць да стварэння еўрапейскай атамнай бомбы9

У Кітаі пакаралі смерцю 11 членаў сіндыката Мін. Яны кіравалі скам-цэнтрамі і казіно ў М'янме

Што рабіць у выпадку пераахаладжэння? Парады ад ратавальнікаў

«Цяпер дастаткова часу». Івулін паклаў Мелказёраву ў труну «Каласы пад сярпом тваім», што Мікіта не паспеў дачытаць6

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць