Архіў

Вінцэсь Мудроў. На дне

№ 43 (252), 22 кастрычніка 2001 г.


Вінцэсь Мудроў

На дне

апавяданьне

 

— Ну... мы пойдзем?!

Галасы прагучалі глуха, няпэўна, і Русін, махнуўшы рукой, зморана выдыхнуў:

— Ідзіце...

Хлопцы — увечары займалася старэйшая група — заляпалі босымі нагамі па мокрай падлозе, грукнулі дзьвярыма, з высокай столі ўпала, зычна гулькнуўшы ў вадзе, самотная кропля, і вушы заклала непрытомная ціша.

Русін зьмежыў павекі. Хваравітая замарач зрабіла цела лёгкім, нават бязважкім, сэрца пакінула біцца, і ўваччу шарай патарочай паўстала піраміда Куікуілька. Піраміда — аж да самага вяршка — была ахутаная смугою. Густая, падфарбаваная вечаровай барвай смуга вісела над горадам, засьціла сонца, рабіла нябачнымі высозныя гмахі Тлальпану; паветра таксама было густым, і, удыхнуўшы яго на поўную грудзіну, Русін стоена пасьміхнуўся.

Дзіўна, але кожнага разу, калі Русіна апаноўвала хваравітая стома і ён ляжаў нерухомы на мулкай лаве, яму мроіўся вечаровы Мэхіка. І ўваччу — дарэшты выяўна — паўставалі старажытная піраміда Куікуілька, што месьцілася за кілямэтр ад Алімпійскай вёскі, стромкія, падобныя да зубоў гіганцкага грабянца калюмны стадыёну “Ацтэка”, хмарачосы на даляглядзе й крануты мэксыканскім сонцам ды чарнаморскім загарам твар баўгаркі Ангелушы, да якой ён спрабаваў смаліць халяўкі, але тая аддала перавагу францускаму рапірысту. А яшчэ мроіўся фінальны матч зь югаславамі: нападнік супернікаў Мештравіч, якога ён “крыў”, вылятаў па самыя сьцёгны з вады, штосьці гарлаў па-свойму, з адчайным замахам закідаў мячык у іхныя вароты, і скрозь лямант трыбунаў Русіну чуліся панічныя трэнэрскія мацюкі. Вось і цяпер яму прымроіўся залатаскуры Мештравіч, але гэтым разам супернік ня вылецеў з вады, як рабіў дагэтуль, а наадварот — даў глыбокага нырца ды неўпрыкмет убрыкнуў пяткай у пахвіну. Русін перакрывіўся ад болю, пашукаў вачыма судзьдзю, а потым, ачуўшыся, доўга лашчыў далонямі ніз жывата: не даваў спакою застарэлы прастатыт.

Здароўе русінскае апошнім часам боўталася на тонкай нітцы. Усё часьцей і часьцей душу й цела апаноўвала хваравітая стома, ногі рабіліся кісельнымі, круцілася галава, і тады ён валіўся на тахту — калі стома засьпявала яго дома, ці на мокрую лаўку, калі замарач падступала ў басэйне; ляжаў, спавіты цяжкой дрымотай, паўгадзіны, а мо й болей, і абуджаўся з халодна-абамлелым сэрцам і з тупой шчымотай у патыліцы.

...Дзесьці непадалёк колькі разоў запар чхнулі, потым мацюкнуліся, гулкае рэха паўтарыла вясёлыя зыкі, і Русін падняўся з лавы.

Два распараныя бамбізы, абвязаўшы прасьцінамі шырокія, па-бабску пукатыя клубы, выйшлі з басэйнавай саўны, прысмакталіся да бутэлечных рыльцаў і разам выдыхнулі: “Ой, бля-а...” Русін, прылашчыўшы рукамі гарачую лысіну, імклівай ластаўкай даў нырца ў басэйн.

У саўне, што працавала пры басэйне, штовечар парыліся валютчыкі ды базарныя рэкеціры. Русін не любіў гэтай публікі і шторанку, вылоўліваючы з вады піўныя пляшкі ды недапалкі, цяжка ўздыхаў і, не саромеючыся сваіх гадунцоў (ад раньня ў вадзе плёхалася малодшая група), гучна лаяўся.

Русін прайшоўся імклівым брасам, пырхнуў носам і пачуў сіпаты голас:

— Гэй, лысы, плыві сюдой! Півам пачастуем.

Піва Русін ня піў, а таму нікуды не паплыў — ухапіўся за канат, з гідлівай усьмешкай зірнуў на бамбізаў.

— Пэнсіянэр, а плаваеш як іхціяндар, — паведаміў сіпаты бамбіза, прыклаўся да піва і смактаў датуль, пакуль яно ня выбухнула ў бутэльцы белымі хлапякамі.

— Год да пэнсіі, — незадаволена буркнуў Русін, даўшы нырца пад канат.

— Ты што... зэмээс па плаваньні? — азваўся бязь ценю іроніі другі бамбіза.

— Міжнароднай клясы... і не па плаваньні, а па ватэрполе, — Русін распластаўся на вадзе, прытоена, але выразна дадаў. — На Алімпіядзе ў Мэхіка за зборную выступаў.

Суразмоўнікі паглядзелі на ўдзельніка Алімпіяды зь непрыхаванай цікаўнасьцю.

— І якое месца занялі?

— У фінале... югаславам прадулі, — Русін з адчаем удыхнуў паветра, крыкнуў штосьці неразборлівае і нырнуў, скалыхнуўшы коркавыя канаты на цёмна-малахітавай вадзе. Ля лесьвіцы, намацаўшы рукою асьлізлую парэнчыну, ён шумна ўсплыў.

— Японкі... што жэмчуг ловяць... па пяць хвілінаў на дне сядзяць... — даляцелі да вушэй прыглушаныя гулкім рэхам і біцьцём уласнага сэрца галасы; перамаўляючыся, бамбізы ішлі ў ягоны бок.

Сіпун адрыгнуў піўным духам, закінуў, накшталт рымскіх патрыцыяў, прасьціну на левы плячук: — Гэй, а табе... пяць хвілін пад вадой... слабо?

Русін нічога не адказаў.

— Ну, а хоць бы дзьве...

Сіпаты падышоў да лесьвіцы, адкаркаваў зубамі чарговую пляшку, і бляшаны корак зычна заляскатаў па кафлевай падлозе.

— Сядзіш дзьве хвіліны і маеш дваццаць даляраў.

Русін стоена азірнуўся. “Куплю красоўкі... са старых палец лезе... А можа, штаны спраўлю...”

Бамбіза паставіў ля ног недапітую пляшку, запытальна тузануў падбародзьдзем.

— Сэкундамер... на лаўцы ляжыць, — прамармытаў Русін і роспачна, да цямноцьця ўваччу, ўдыхнуў паветра.

...Мэтровая тоўшча вады амаль не прапускала сьвятла: там, над галавой, калыхаўся прывідны помрак і варушыліся два размытыя цені. Трымаючыся за лесьвічную білу, Русін перабіраў нагамі, лічыў сэкунды. Далічыўшы да трыццаці, зьбіўся, памкнуўся рвануцца ўгору, але прыкусіў язык і пачаў лічыць ад пачатку. “Раздватрычатырыпяць...” Сэрца гучна затахкала, цені над галавою гайдануліся, і ўваччу паўстала Ангелуша. Масажыстка баўгарскіх гімнастак выбегла з пакою, дзе жылі францускія спартоўцы, і хуценька — Русін бачыў гэта — піхнула ў сумачку дваццаць даляраў...

— Тры хвіліны сядзіць, — прашаптаў сіпун, нахіліўшыся да вады, а ягоны напарнік спалохана заўважыў: — Глянь, у яго ўжо лысіна пазелянела!

Апошнім высілкам, ужо непрытомны, Русін стаў перабіраць рукамі лесьвічныя прыступкі, але на голаў яму абрынулася штосьці важкае і брыклівае...

— Да мяне... йоп... за нагу трымаю... — гукнуў сіпун, ляснуўшыся патыліцай аб лесьвічную білу. Ягоны сябрук, які таксама бухнуўся ў ваду, даў нырца, заехаў сіпатаму каленам у лабешнік і неўзабаве ўсплыў з галавой, шчыльна спавітай мокрай прасьцінай.

— Цягні, бля! — у сіпуна прарэзаўся голас і прагучаў пранізьліва і чыста.

Пачабохтаўшыся, бамбізы выцягнулі Русіна з вады — цягнулі за ногі, долу галавой, — кульнулі на жывот, і калі небарака пачаў ванітаваць, зморана выдыхнулі: “Жывы!” Потым, сьвецячы голымі дупамі, пабеглі ў саўну і адзін зь іх дакорліва выгукнуў:

— Жартун х...ў.

Неўзабаве той, каго так назвалі, — ужо ў штанах і ў чаравіках на босую нагу — падбег да Русіна, адцягнуў ад лужыны ванітаў і спрытным рухам прыляпіў да ягонай мокрай лыткі дваццацідаляравую паперку.

Калі паперка падсохла і адвалілася ад лыткі, яе падхапіла прыбіральшчыца. Піхнуўшы грошы за бюстгальтар, жанчына агледзелася, страсянула рукой нерухомае цела і са здушаным лямантам кінулася выклікаць “хуткую дапамогу”.

Ліпень 2001 г.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча12

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча

Усе навіны →
Усе навіны

Адзін з нямецкіх рэстаранаў уключыў у меню мяса янота5

Беларуска зайшла ў прыбіральню гандлёвага цэнтра і пабачыла там камеры2

Амбасада Францыі не па ўласным жаданні закрыла ў Мінску сваю медыятэку, якая працавала 30 гадоў10

Вось што моцны вецер зрабіў з галоўнай веладарожкай у Мінску ФОТАФАКТ1

На мінскім праспекце дэмантуюць надпіс «Квітней, родная Беларусь»7

У Панаме з пластыкавых бутэлек пабудавалі цэлы жылы комплекс1

Тэмпература Сусветнага акіяна дасягнула рэкорднага ўзроўню3

Мяч, якім Марадона забіў на чэмпіянаце свету гол рукой, прадалі за 3,3 мільёна даляраў1

«Альтэрнатыва для Германіі» хоча вывесці краіну з Шэнгену і еўразоны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча12

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць