Уладзімер Содаль
Удовы
Улетку 1959 году Менск наведала дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая. Яна ж — жонка Язэпа Лёсіка. Яна была першай беларускай кнігаркай у Менcку, адной зь першых выхавацелек беларускага прытулку, адной зь першых настаўніц першай беларускай школы ў Менску, самай маладой аўтаркай “Нашай Нівы”.
Прыехала яна ў места свайго юнацтва з расейскага Ліпецку, куды патрапіла не з свае волі. Здавалася б, ейны прыезд станецца сэнсацыяй: налучылася зручная нагода чарпануць новых, невядомых дагэтуль зьвестак пра наша культурнае і нацыянальнае жыцьцё пачатку ХХ стагодзьдзя. Аднак ніхто не захацеў сустрэцца з дачкой слыннага пісьменьніка. Ніводная газэта не адгукнулася на ейны прыезд. Ад Ванды, паводле яе словаў, усе хаваліся. А як жа: яна жонка рэпрэсаванага Лёсіка! Дый бацькава імя было не ў вялікай пашане. Адна толькі Ўладзіслава Францаўна, Купаліха, ды яшчэ колькіх даўніх “беспасадных” знаёмых па-людзку сустрэлі Ванду.
Прывёз Ванду Лявіцкую да Ўладзіславы Францаўны Кастусь Самахвал, даўні прыяцель Лёсікавай сям’і. Папярэдне пра прыезд дамовіліся па тэлефоне. Жыла тады Ўладзіслава Францаўна на Омскім завулку, 7 (цяпер вул.Румянцава), у двухпавярховым будынку, які ўрад Беларусі збудаваў для Купалавай сям’і. Кастусь Самахвал быў тады пры пасадзе, меў службовую машыну і мог цётку Ванду звазіць куды яна толькі пажадае. А найперш яна пажадала сустрэцца з Уладзіславай.
— Калі мы прыехалі, — згадвае Кастусь Самахвал, — у Купаліхі было людна... Якіясь маладзіцы, кабеты... Гамана, шум... Але як толькі прыехала Ванда Антонаўна, шум гэты аціх, усе неяк неўпрыкмет расьсеяліся, і яны засталіся ўдзьвюх. Першай, як гаспадыня, загаварыла Ўладзіслава Францаўна:
— Вандзечка! Якая ты стала! Ой, колькі ж гэта мы з табою ня бачыліся? Колькі ўсяго перажыта! Ужо даўно няма майго Яначкі, — Уладзіслава Францаўна пасьпяшалася згадаць пра самы свой пякучы боль. — Адна я... Цяпер во музэй будую яму...
— І Язэпа даўно няма, — сказала Ванда. — Зьвялі яго са сьвету нелюдзі... Колькі я за яго паперажывала, вытрывала... Колькі сьлёзаў выплакала... Сэрца адбалела... Усім нам долю пакалечылі... От я і паехала... Можа, мне ўдасца хоць абяліць яго... Калі ўжо не самога, то хоць ягонае сьветлае імя вернуць, рэабілітуюць... Можа, ты мне, Уладачка, нараіш хоць што... Да каго ісьці, з кім гаварыць...
— А як жа, а як жа! — засьпяшалася Купаліха. — Што змагу — дапамагу. Ты толькі мне раскажы ўсё. Мы ж тут нічога і ні пра кога толкам ня ведаем...
Прыяцелькі зручна ўладзіліся на канапе, і Ванда расказала, як замучылі ейнага Язэпа.
— А як жа дзеці? — пацікавілася Ўладзіслава.
— Дзеці даўно вырасьлі. Юрка — у Армавіры. Пры высокай пасадзе. Галоўны энэргетык краю. Але нудзіцца па Беларусі. Хочацца яму тут жыць і працаваць. А яго ў партыю гукаюць. А мы ня ведаем, што й рабіць.
— Я памятаю Юрку. Вельмі здольны быў хлопчык. Яго з малых гадоў цягнула да электрыкі, — сказала Купаліха і нечакана прызналася: — І мяне ж, Вандзечка, сватаюць у тую партыю...
— І ты што? — спалоханая зь нечаканкі, спыталася Ванда.
— Музэй будуецца... Музэй трэба дабудоўваць, — адказала дыпляматычна Ўладзіслава. —Хто-ніхто квапіцца на гэты будынак, пад музэй Леніна хочуць яго забраць. Але гэтага я не дапушчу!
Ванда няблага ведала Ўладку. Але такой рашучай бачыла яе першы раз. Паспрабавала супакоіць прыяцельку, суцешыць, маўляў, да гэтага ня дойдзе: знойдзецца хтось разумнейшы за тых прахіндзеяў, якія наважыліся будынак Купалавага музэю заняць музэем Леніна, і ўсё будзе гэтак, як хоча Ўладка, як яно мае быць.
— Ну, але што мы пра гэта, — спахапілася Ўладзіслава. — Расказвай далей пра дзяцей. Дзе Люцыя? Дзе Алеся? Яны ж усе нашыя хросьнікі...
І Ванда Лёсікава расказала пра сваіх дочак: Люцыя жыве ў Ліпецку, Алеся — у Татарцы на Стаўрапольшчыне. Абедзьве настаўнічаюць. Сама Ванда жыве пры Люцыі. Мае ўжо ўнукаў і ўнучак. Усе яны там — у Расеі. Не забылася Ўладка спытацца і пра Вандзіну матулю: як склалася яе доля. І зноў пачула сумную гісторыю: Люцыя Лявіцкая памерла ў 1945-м у Нежыне — у вялікай нястачы. Не было нават з чаго труну зьляпіць...
А пасьля пачалі згадваць нашаніўцаў — хто зь іх выжыў, ацалеў. Згадалі Паўліну Мядзёлку, Янку Журбу, Костку Буйлу... Іхным успамінам не было канца. Ванда таксама шмат пра што распытвалася. Пацікавілася, ці выходзіць у Вільні хоць якая беларуская газэта ці часопіс. І вельмі зьдзівілася, калі пачула, што ў Вільні ўсялякае беларускае жыцьцё спынена. Ёй гэта было незразумела. Як гэта — каб у Вільні, дзе ў гады іхнага юнацтва віравала беларускае жыцьцё, раптам усё замерла. І тут жа згадала пра долю свайго Язэпа і такіх, як ён. Ейнае сэрца зашчымела, і яна засьпяшалася да Самахвалаў, у якіх спынілася, хоць і зьбіралася заначаваць ва Ўладкі. Але зразумела, што, калі яшчэ пабудзе, сэрца можа ня вытрымаць. Яна нават у Карпілаўку адмовілася зьезьдзіць. І довад адзін і той самы: “Сэрца ня вытрымае, лопне”.
Каментары