Архіў

Адам Глёбус. Рубель жыве!

№ 19 (281), 24 траўня 2002 г.


Рубель жыве!

Грошы трэба паважаць, інакш яны пачнуць помсьціць і пазьбягаць цябе. Містыка? Так. Але грунтуецца яна на ўласным досьведзе і назіраньнях.

 

Тацяна Сапач, фільмуючы вечарыну газэты “Наша Ніва”, зрабіла мікрапартрэты кожнага з тагачасных аўтараў і супрацоўнікаў. Мой партрэт, на яе погляд, выйшаў самы сьмешны. Сядзеў я на сцэне Дома літаратараў і засяроджана лічыў толькі ўведзеныя беларускія рублі з ружовымі вавёркамі ды зялёнымі зайцамі. “Сьмешна?” — спытала ў мяне Тацяна, калі праглядала матэрыял. “Зусім не!” — адказаў я, зазначыўшы яе яшчэ савецкае “хі-хі” у стаўленьні да грошыкаў. Ад гэткіх “хі-хі” ды пагардлівых азначэньняў накшталт “зайцы” тутэйшы люд за дзесяць гадоў так і не пазбавіўся. Дарма. Бо нацыянальная валюта ў гіерархіі каштоўнасьцяў пераўзыходзіць і герб, і сьцяг, нават прэзыдэнта з парлямэнтам. Колькі дзяржаўных утварэньняў маюць і сваю паліцыю, як баскі, і свайго прэзыдэнта, як калмыкі, і свой сьцяг, як габрэйская аўтаномная акруга ў Расеі, а грошай сваіх яшчэ доўга-доўга не пабачаць, калі пабачаць наагул. Так што беларускі рубель заслугоўвае ня толькі ветлівых словаў, а сапраўднай любові і безальтэрнатыўнай павагі.

У мусульманаў з Каўказу ёсьць звычай цалаваць атрыманыя грошы, а потым прыкладаць да вачэй. Такой традыцыі ў беларусаў няма. І прапаноўваць яе ўводзіць было б неразумна. А вось іншы мусульманскі закон я б параіў унесьці на разгляд нашага пасіўнага й малаэканамічнага парлямэнту: дзесяць адсоткаў ад грошай, што год праляжалі бяз руху, ты мусіш аддаць бедным, інакш Аллаг ад цябе адвернецца. Можа, у спрэчках пры абмеркаваньні такога закону і зьявілася б новае стаўленьне да рубля як да жывога арганізму, які вымагае штодзённай увагі і абароны.

Папяровая банкнота, як і манэта, — толькі твар, толькі частка таго, што мы называем беларускім рублём. У сваёй прэзыдэнцкай праграме я прапаноўваў замест прыватызацыйных чэкаў раздаваць грамадзянам залатыя беларускія рублі. Гэта папулісцкая мэтафара. Але выпуск залатых рублёў — не абсурдны крок. Гэта замацаваньне за нашай грашовай адзінкай яе вартасьці, яе значнасьці, яе доўгатэрміновай каштоўнасьці.

Гіджуся тых двуногіх-бязрогіх, што паскудзяць сьцягі, гербы і грошы. Зазвычай яны блытаюць ідэю рэвалюцыйнага анархізму з дробным ананімным хуліганствам. Ананімшчыкаў ненавіджу.

Найгорш абразіў наш рубель ананімны мастак, які зрабіў мярзотны плакацік, дзе на выяве 5000-й купюры напісаў “ФАЛЬШИВКА”.

Жыве рубель!

Адам Глёбус


Каментары

Цяпер чытаюць

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Усе навіны →
Усе навіны

«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц». Скардзіўся на ўмовы працы ў КДБ, а цяпер уцюхвае трэнінгі сілавікам — хто такі Антон Шабуневіч19

Чаму энцыкліку Папы Льва XIV параўноўваюць з Батлерыянскім джыхадам са свету «Дзюны», а галоўную мудрасць ён чэрпае ў словах Гандальфа19

Буданаў сумняецца, што Ціханоўская зможа спыніць правакацыі Лукашэнкі16

Трамп асабіста папрасіў Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне2

Расія ўначы нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Чысты тэрор: 73 ракеты па гарадах і 656 беспілотнікаў4

Якія фігуры людзі насамрэч лічаць найбольш прывабнымі?19

Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак падачы заявы на візу па карце паляка6

Мільёны на «правільных» апытаннях. Як жонка галоўнага прыдворнага сацыёлага Крамля купаецца ў раскошы10

У Полацку паставілі новыя ўязныя знакі. Усе на рускай мове23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць