Увечары 6 жніўня ліцэйскі дворык быў ачэплены міліцыяй і АМАПам, у будынак не пускалі. На наступны дзень увайсьці туды ня здолелі ня толькі ліцэісты і іхныя бацькі, але і многія выкладчыкі: міліцыянты спасылаліся на таямнічы сьпіс, паводле якога прапускалі толькі «абраных». Складаў яго галоўны інжынэр гараддзелу адукацыі. Сьпіс дзівіў бязглуздасьцю. Ён не даваў права ўвайсьці ў будынак нават намесьніку дырэктара Лявону Баршчэўскаму: «Я кажу: у мяне права подпісу, мне трэба падпісваць дакумэнты на аплату за сьвятло. А чыноўнікі адказваюць: гэта няправільна, што ў вас права подпісу, няхай яно будзе ў каго-небудзь іншага».
Уладзімер Колас сам адмовіўся ўваходзіць у ліцэй на знак пратэсту. Ад гэтага часу пачалася вахта бацькоў і навучэнцаў каля будынку.
Забарона на ўваход тычылася й «нячэсных» журналістаў. Затое міліцэйскі эскорт і ўсялякае спрыяньне з боку ахоўнікаў парадку мела карэспандэнтка «Советской Белоруссии». У ліцэй маглі бесьперашкодна трапляць рабочыя, якія прыйшлі рабіць «рамонт».
Бацькі ліцэістаў зьвярнуліся ў Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, каб абараніць будынак ад псэўдарамонту. Падтрымалі іх і спэцыялісты зь «Белжылпраекту», якія лічаць, што навучальны год у ліцэі можна пачынаць і без капрамонту.
Дырэктар Дэпартамэнту Васіль Абламскі з разуменьнем паставіўся да звароту бацькоў: прызначыў навуковым кіраўніком аб’екту Ларысу Панамарову ды загадаў камітэту адукацыі тэрмінова спыніць на гісторыка-культурнай каштоўнасьці рамонт, ня ўзгоднены з спэцыялістамі. Будаўнікі пасьпелі толькі абабіць тынкоўку на двух мурах трысьцену-ўваходу і высадзіць шыбы ў іх. Ад 8 жніўня гэты «рамонт» спыніўся.
Новы тыдзень прынёс новыя падзеі. У аўторак 12 жніўня проста на ходніку перад брамай ліцэю адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Адкусі галаву вароне». З імправізаванай сцэны — хісткага крэсла выступалі празаік, ягоныя госьці: Зьміцер Бартосік, Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч…
Натхнёныя падтрымкай з боку пісьменьнікаў і бардаў, бацькі разам зь дзецьмі прыйшлі 13 жніўня ў гараддзел адукацыі, куды былі запрошаныя чыноўнікамі. Аднак усярэдзіну іх не пусьцілі: інспэктар службы «Ахова» Кастрычніцкага РУУС перагарадзіў праход па лесьвіцы і адпіхваў тых, хто намагаўся прайсьці. Ды так, што ліцэістка Кацярына Савіцкая атрымала расьцяжэньне зьвязак на назе. (Бацькі падалі скаргу ў пракуратуру на неправамоцныя дзеяньні ахоўніка.)
Тым часам да будынку пад’ехалі міліцыянты з аўтаматамі. Разганяць і затрымліваць бацькоў яны ня сталі: чакалі, пакуль скончацца перамовы Л.Баршчэўскага з начальнікам упраўленьня адукацыі Аляксеем Воранавым. «Мне адназначна заявілі, што ніводзін зь цяперашніх выкладчыкаў ліцэю ў новай установе працаваць ня будзе. Акрамя таго, дзецям ня змогуць забясьпечыць навучаньне паводле ліцэйскіх праграмаў… З другога боку, сп.Воранаў запэўніў, што ніякіх перашкодаў у стварэньні недзяржаўнага ліцэю гарадзкія ўлады рабіць ня будуць», — падсумаваў Л.Баршчэўскі.
Аднак працэс стварэньня ліцэю — справа доўгая, дый не ад А.Воранава яна залежыць: атрыманьне атэстацыі й ліцэнзіі новай навучальнай установай вырашаецца на больш высокім узроўні. А пакуль ліцэісты будуць вучыцца самастойна — новы «Закон аб адукацыі» гэта дазваляе. «Хатнія заняткі» зь імі пагадзіліся праводзіць усе цяперашнія ліцэйскія выкладчыкі, прапануюць сваю дапамогу іншыя адмыслоўцы. Прыкладам, былы пасол у Нямеччыне прафэсар Пятро Садоўскі зьбіраецца выкладаць ліцэістам нямецкую мову. Згоду вучыць сваіх дзяцей у «дарэктараў» далі ўжо больш за 120 сем’яў.
Працягваюцца й акцыі пратэсту. 16 жніўня ў Цэнтральным дзіцячым парку і парку Чалюскінцаў ліцэісты пісалі на ходніках лёзунгі, раздавалі малечы, якая гуляла ў парках, рознакаляровыя балёнікі ды зьбіралі подпісы ў абарону ліцэю. Адміністрацыя і міліцыя пагражалі дзецям затрыманьнямі, але нікога не пахапалі.
19 жніўня акцыя «Я люблю ліцэй», як і на пачатку лета, прайшла на праспэкце Скарыны. Паўгадзіны стаялі навучэнцы зь лёзунгамі «Беларускім дзецям — беларускі ліцэй», «Я люблю ліцэй» ды інш., сьпявалі гімн ліцэю, «Простыя рэчы» з «Народнага альбому», NRM-аўскіх «Трох чарапахаў», зьбіралі подпісы мінакоў. Агулам тых подпісаў ужо больш за 7000.
Увечары 19 жніўня адбыўся чарговы канцэрт пад сьценамі Ліцэю з удзелам Уладзімера Някляева і Тодара Кашкурэвіча. Гэта не апошняя сустрэча творчае інтэлігенцыі з абаронцамі ліцэю: на 26 жніўня заплянаваная паэтычна-бардаўская вечарына з удзелам Віктара Шалкевіча. Пачатак а 18-й. На 24 жніўня заплянаваны футбольны турнір (гл. старонку 12).
Працягваецца і вахта каля ліцэю. Штодня з 9.00 да 19.00 тут можна атрымаць сьвежую інфармацыю пра падзеі, падпісацца пад зваротам у абарону навучальнай установы. А яшчэ ліцэісты вельмі просяць усіх, хто зможа, дапамагчы ім: цэлы дзень стаяць на вахце цяжка, таму варта прыносіць з сабой прадукты, напоі, паперу (на ёй друкуюцца блянкі для збору подпісаў і г.д.), каляровую крэйду. Тутсама можна перадаць падручнікі, неабходныя для далейшага навучаньня, сшыткі, мапы, грошы.
Аркадзь Шанскі
Зварот ліцэістаў
Камітэт абароны Ліцэю прыняў зварот да суайчыньнікаў і беларусаў замежжа. «Мы вымушаны пералічыць усіх, хто проста ці ўскосна прыклаў руку да руйнаваньня Ліцэю, з чыёй маўклівай згоды ці чыімі намаганьнямі вядзецца вайна зь Ліцэем. Гэта міліцыя і АМОН: Вараб’ёў, Падабед; гарадзкія ўлады: Турко, Воранаў, Ціцянкоў, Паўлаў; чыноўнікі Міністэрства адукацыі: Шчарбачэвіч, Шчэрба, Фарына, Жук, Брыгадзін; супрацоўнікі Савету Міністраў і Адміністрацыі прэзыдэнта: Навіцкі, Сідорскі, Праляскоўскі, Латыпаў; Лукашэнка.
Барацьба за Ліцэй — гэта барацьба за Беларусь. Нам патрэбная ваша падтрымка, падтрымка кожнага з вас. Вы можаце прыйсьці і паставіць ці даслаць свой подпіс у абарону НДГЛ. Вы можаце расказаць пра гэтую праблему сваім родным і знаёмым. Нарэшце, можаце стаць побач з намі», — гаворыцца ў звароце.
Каментары