Архіў

Тысяча гадоў беларускай Кнізе

Сёлетняе сьвяткаваньне Дня беларускага пісьменства будзе адбывацца ў Тураве, які наноў, пасьля многіх стагодзьдзяў, набыў афіцыйны статус гораду. Сівы Тураў ад ХІІІ ст. ня меў гэткае ўвагі да сябе. Улады парупіліся нават пра тамтэйшыя платы, расфарбаваўшы іх. Чакаецца багата гасьцей. Ва ўсёй гэтай перадсьвяточнай куламесе забыліся толькі на адно: менавіта ў Тураве тысячу гадоў таму было створана славутае Эвангельле, самая старажытная беларуская кніга, што дайшла да нас.

Здавался б, самы час, каб на сьвята згадаць пра гэты ўнікальны помнік нашага пісьменства й мастацтва. Але не. Нічога пра тысячагадовы юбілей Тураўскага Эвангельля ніхто пакуль не сказаў.

Тым часам гэта наша рэліквія, што паходзіць з ХІ ст. і да сёньня зьберагаецца ў Вільні. Там мне пашчасьціла пабачыць яе двойчы. Першага разу — 10 гадоў таму, у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Тады, працуючы там, я стаў сьведкам таго, як Тураўскае Эвангельле вымалі з мэтаю прафіляктычнага нагляду. Фарбы рукапісу зусім не пабляклі за тысячагодзьдзе. Бальшыня тых ініцыялаў-літарак расфарбаваныя адно трыма колерамі: чырвоным, зялёным і сінім, а астатнія тэксты — брунатна-барвовымі, нібы запечаная кроў. Шчыра кажучы, я гатовы быў пабачыць усё што хочаце, толькі ня гэткія дзівосна жывыя літары, напісаныя нібы толькі ўчора.

Напэўна, гэтае Эвангельле, зважаючы на яго выкшталцонае аздабленьне, мела й багата мініятураў. Але, на вялікі жаль, яны не захаваліся. Наагул, да нас дайшло толькі 10 аркушаў гэтага рукапісу на шчыльным глянцаваным пэргамэнце. На кожнай з 20 старонак — па 18 радкоў тэксту. Загалоўныя літары — ініцыялы — займаюць па 8 радкоў, а таму глядзяцца манумэнтальна й ўрачыста, як асобныя дэкаратыўныя элемэнты. Месцамі трапляюцца й маргінальныя аздобы ў выглядзе гронак. Упэўненая графіка й дасканалая арнамэнтыка ініцыялаў сьведчаць пра высокі ўзровень каліграфічнага майстэрства безыменнага творцы з Турава. Сама стылістыка рукапісу й яго дэкарацыі ўзыходзіць адначасова і да бізантыйскай, і да раманскай традыцыяў. Наша Тураўскае Эвангельле вельмі блізкае стылістыкай выкананьня да гэтак званага Рэймскага Эвангельля, таксама ХІ ст.

Таксама вялікую каштоўнасьць маюць так званыя ўкладныя запісы, што зьберагліся на палёх рукапісу. Яны былі зроблены ў 1508, 1513 і ў 1781 гадах. Зь першых запісаў, зробленых уласнай рукою славутага гетмана Канстанціна Астроскага, пераможцы маскоўскай арды пад Воршаю, вынікае, што кніга належала найстаражытнейшай царкве Раства Багародзіцы ў Тураве, на прадмесьці Заяцельле.

У 1800 г. на месцы тае найстаражытнейшае царквы была ўзьведзена на сродкі прыхаджанаў новая й высьвечана пад найменьнем Спаса-Праабражэньня. Менавіта адсюль у 1865 г. Эвангельле было вывезенае М.Сакаловым у Віленскую публічную бібліятэку.

Другога разу я змог пабачыць Тураўскае Эвангельле ў 2000 г. Было гэта на выставе, прымеркаванай да міленіюму. Наша кніга адкрывала ўсю шыкоўную экспазыцыю. Бо гэта самая старажытная з кніг, што ёсьць цяпер у Літве. Трэба зазначыць, што й дэманстравалася яна шыкоўна — у асобным шкляным сэйфе з падсьветкаю, зь ніцямі-заціскачкамі з золата. У Вільні гэты скарб добра даглядаецца. Яшчэ ў 1962—1963 г. Тураўскае Эвангельле было адрэстаўраванае, увабранае ў новы пераплёт. Дарэчы, стары пераплёт, ХVІІ ст., зьберагаецца таксама, але асобна.

Што б чакала гэтую рэліквію ў Беларусі, сказаць цяпер цяжка. Ці вынесьлі б яе з полымя ХХ ст.? Не засталося й знаку ад тае царквы, дзе яна некалі зьберагалася. Зьніклі бязь вестак тысячы іншых беларускіх рэліквій. А нават тое, што ёсьць у сховах Беларусі, патрабуе да сябе несувымерна большае ўвагі, чым ёсьць.

Вось і цяпер, рыхтуючы ў Тураве чарговае сьвята, арганізатары не згадалі пра нашую сьвятыню — Тураўскае Эвангельле. Не парупіліся яго выдаць ні дзяржава, ні царква.

Бадай, за гэтым рэжымам гэта нерэальна. Культуры не хапае. Для некаторых гісторыя Беларусі пачынаецца ад 1995 г. Аднак стагодзьдзе толькі пачалося. Мяркую, 20 старонак у пяць колераў зможам выдаць і прыватным чынам.

Сяргей Харэўскі

Каментары

Цяпер чытаюць

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў46

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Усе навіны →
Усе навіны

З цэнтра горада прыбралі дызельныя аўтамабілі. Праз некалькі гадоў у дзяцей сталі здаравейшыя лёгкія5

«Я страціў 140 суседзяў». Рэпарцёры пабывалі ў зоне паводкі ў Непале

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці8

Падчас атакі на Растоўскую вобласць украінскія беспілотнікі ўпершыню нанеслі ўдары па складах DNS2

«Пачаў крычаць, кінуў мыліцы на зямлю». Пасадка ў таксі ў Мінску скончылася канфліктам2

Беларуска адправіла сына на летнія канікулы ў Чалябінск. А бабуля вырашыла не вяртаць дзіця23

Туск: Расія рыхтуецца да эскалацыі ў рэгіёне. Гэтая зіма будзе вырашальнай21

Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка17

Вяртанне Кашча, адмена русалак, наўе з Полацка, копша і вегелмоф. Што прапануе першы беларускі дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў46

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць