У Сочы Пуцін гарантаваў Лукашэнку поўную падтрымку: цэны на газ ня ўзьнімуцца, што раўназначна $120 мільёнам у выбарчую касу ППРБ. Адначасова ў кампаніі-2006 дэмакратычнай апазыцыі наступіў першы крытычны момант. Усяму віной спрэчкі па працэдурных пытаньнях. Лябедзька й Колас незадаволеныя: на іхную думку, сцэнар вызначэньня адзінага кандыдата фаварызуе Мілінкевіча. Кіраўнік штабу Мілінкевіча: «Хай спыняць гістэрыкі. Адзінага кандыдата мусім вызначыць да ліпеня». Кар. «НН» прысутнічаў на канфэрэнцыі дэмактывістаў Гомельшчыны.
3 красавіка прайшла Гомельская абласная канфэрэнцыя прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый — першая з задуманых у кожным рэгіёне краіны «перадвыбараў». На парадку дня было вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Сход праходзіў у экстрэмальных умовах прыватнай кватэры — з арэндай паўнавартай залі ўзьніклі непераадольныя цяжкасьці.
3,2 дэлегата на квадратны мэтар
80 дэлегатаў, фізычна адчуўшы адзінства ў памяшканьні плошчаю 25 м², мусілі прыйсьці да ўсьведамленьня адзінства палітычнага. Удзельнікі прадстаўлялі розныя сацыяльныя і ўзроставыя пласты насельніцтва Гомелю і рэгіёну. Яднала іх наяўнасьць досьведу ўдзелу ў выбарчых кампаніях.
Праца пачалася з хвіліны маўчаньня, якой дэлегаты ўшанавалі памяць Яна Паўла ІІ.
Ва ўступным слове Віктар Карняенка прадставіў дэлегатам гасьцей канфэрэнцыі — патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Сяргея Калякіна (Партыя камуністаў), Анатоля Лябедзьку (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Аляксандра Мілінкевіча (беспартыйны, падтрыманы БНФ і «зялёнымі»), якія перад тым падпісалі пагадненьне аб супрацы пры вылучэньні адзінага кандыдата і ў далейшай мабілізацыйна-выбарчай кампаніі. А таксама Аляксандра Вайтовіча і Ўладзімера Коласа, беспартыйных палітыкаў, якія да гэтага пагадненьня так і не далучыліся. Не зважаючы на апошнія акалічнасьці, дэлегаты канфэрэнцыі вырашылі заслухаць кожнага зь пяці прэтэндэнтаў.
Кандыдат Шушкевіч у Гомель не зьявіўся.
Колас — адзіны па-беларуску
У сьціслых прамовах прэтэндэнты выклалі свае праграмы. А.Лябедзька і С.Калякін уражвалі рэвалюцыйным запалам. А.Мілінкевіч, які паводле жараб’ёўкі выступаў пятым, быў нашмат больш стрыманым і з алімпійскім спакоем парыраваў дыскусійныя ўдары.
У.Колас быў адзіным, хто прамаўляў па-беларуску. Але адзін з удзельнікаў сказаў мне расчаравана, што «ня тое чакаў ад Коласа пачуць». А.Вайтовіч, дарэчы, таксама частку сваёй прамовы зачытаў па-беларуску. Але выступаюць У.Колас і А.Вайтовіч сухавата.
Дэлегатаў, найперш моладзь, цікавіла, калі, нарэшце, апазыцыйныя сілы «ўсе адзіна стануць». Прыгадвалі сумны досьвед 2001-га. Адна з дэлегатак ня надта тактоўна — як пры Калякіну — заявіла, што гатова падтрымаць «нават камуніста», абы быў вылучаны кандыдат, здольны весьці за сабою.
Сытуацыю зь пераходам Казуліна ў апазыцыю і ягоным «асаблівым падыходам» ні дэлегаты, ні госьці не краналі. Не ўдалося пераканаць і прысутных У.Коласа ды А.Вайтовіча падпісацца пад працэдурнымі правіламі «дзясяткі».
Думкі прэтэндэнтаў наконт тэрмінаў правядзеньня Нацыянальнага Кангрэсу разышліся. Але ўсе пагадзіліся, што ён мусіць адбыцца толькі на тэрыторыі Беларусі, якія б перашкоды ні чыніліся. «Хоць на партызанскіх сьцежках, але ўнутры Беларусі!» — сказаў С.Калякін.
Мілінкевіч — 48
У спрэчках большасьць выступоўцаў падтрымала Мілінкевіча. Адзначаліся ягоны багаты досьвед, беспартыйнасьць і «пазытыўная кантраснасьць» з Лукашэнкам. Нарэшце, раздалі бюлетэні для тайнага галасаваньня. У іх не былі ўключаныя прозьвішчы кандыдатаў, што не падпісалі правілаў вылучэньня, сфармуляваных Нарадай дэмакратычных сілаў.
Галасаваньне — папярэдзілі — было рэйтынгавым. Удзельнікі мелі магчымасьць падтрымаць хоць усіх чатырох прэтэндэнтаў. Агучваюцца вынікі: на твары Лябедзькі выразны шок. Прагаласавалі 79 чалавек. Патрэбную большасьць галасоў атрымлівае толькі А.Мілінкевіч.
А.Мілінкевіч 48
А.Лябедзька 34
С.Калякін 30
С.Шушкевіч 6
Выявілася, што яўны фаварыт мясцовых актывістаў — А.Мілінкевіч. Каманда А.Мілінкевіча расцэньвае галасаваньне ў Гомелі як праяву аўтарытэту свайго кандыдата. Аднак лідэр АГП западозрыў, што А.Мілінкевіча папросту фаварызуе папярэдне ўзгоднены сцэнар.
АГП зрэагавала рэзкім прэс-рэлізам, назваўшы гомельскую канфэрэнцыю «кіраванай дэмакратыяй»: «Усё выглядала даволі прыстойна. Квоты, бюлетэні, хто за, хто супраць. Аднак у спрэчцы лёгікі й арытмэтыкі апошняя аказалася больш платаздольнаю. Мы па-рознаму ацэньваем месца й ролю рэгіянальных канфэрэнцый. Па факце выйшла, што рэсурсавыя цэнтры і БНФ разглядаюць гэта як мерапрыемства па выбраньні адзінага кандыдата да Кангрэсу. Таму прэтэндэнты давалі розныя ўстаноўкі сваім патэнцыйным групам падтрымкі. Адным — галасаваць за ўсіх, другім — за свайго. Таму чыясьці перамога ўяўная. Мэтады сумнеўныя. Замест пацьвердзіць дамоўленасьці, мы дэманструем тое, чаго яны [Колас і Вайтовіч] пабойваюцца. Гэта маштаб Цюцькавічаў».
Усё па «Парадку»
Каб разабрацца, возьмем у рукі «Парадак правядзеньня грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі». 15 старонак, а колькі спрэчак яны ўжо выклікалі!
Паводле пункту II «Парадку», для таго каб удзельнічаць у дэмакратычнай перадвыбарнай гонцы, кандыдат абавязкова павінен падаць пісьмовую заяўку. Паставіўшы подпіс, кандыдат прысягае ня толькі трымацца агульнадэмакратычных прынцыпаў, але і дзейнічаць цалкам у адпаведнасьці з «Парадкам» ды падтрымліваць адзінага кандыдата, які будзе выбраны Нацыянальным Кангрэсам. Не замацоўваць свой удзел на паперы палічылі за лепшае такія патэнцыйныя лідэры, як Колас, Вайтовіч, Статкевіч, Фралоў, ня кажучы ўжо пра Пазьняка ці Казуліна.
Чытаем пункт V.2: «Вылучанымі лічацца прэтэндэнты, якія набралі пры галасаваньні [на рэгіянальных канфэрэнцыях] больш за 50% галасоў». Як выявілася, кандыдаты разумелі гэты сказ па-рознаму.
Мы так не дамаўляліся!
Хто за адзінства апазыцыі? — Аднагалосна. Але ўсё псуе працэдурнае пытаньне.
Кандыдаты думалі, што вылучаць усіх, а выйшла — аднаго Мілінкевіча.
На думку С.Калякіна, выбары на канфэрэнцыях ад пачатку задумваліся толькі як фільтар, закліканы не прапусьціць да Кангрэсу выпадковых людзей — «местачковых вар’ятаў», як ён выказаўся. Яму падабалася б, каб актывісты на канфэрэнцыі галасавалі за ўсіх кандыдатаў, якія іх больш-менш задавальняюць, а не за аднаго. Але выйшла наадварот: большасьць адзначала ў бюлетэні толькі адно прозьвішча. Больш сэнсу, мяркуе С.Калякін, было б зрабіць бюлетэні, якімі галасавалі б не «за», а «супраць», нават — «катэгарычна супраць». А так выйшла, што ад Гомельшчыны прайшоў толькі А.Мілінкевіч.
Адразу ўзьнікла вэрсія: А.Мілінкевіч выкарыстаў магутны рэсурс актывістаў недзяржаўных аб’яднаньняў. С.Калякін з гэтым нязгодны: «Яны складалі на канфэрэнцыі ня больш за 17%. Заяўляць, што НДА адыгралі вырашальную ролю, я не магу».
Віктар Карняенка, кіраўнік выбарчага штабу Мілінкевіча, пэўны, што галоўнае — не ператвараць працэсу ў бясконцасьць бяз правілаў: «Канфэрэнцыя мела абсалютна плённы вынік. Я хачу, каб палітыкі, якія не атрымалі падтрымкі дэлегатаў, спынілі ўсе гістэрыкі наконт гэтага. Трэба ўмець прайграваць. Важна адкінуць карпаратыўныя інтарэсы і наш супольны інтарэс перамогі паставіць на першае месца», — кажа В.Карняенка. Але як мусіць стаяць той інтарэс, кожны разумее па-свойму.
Адной нагой у працэсе
Калі гомельскі варыянт паўторыцца на іншых канфэрэнцыях, дык А.Мілінкевіч прыйдзе на Кангрэс як самы рэйтынгавы кандыдат, а астатнія — толькі як вылучаныя непапулярнымі партыямі. Зрэшты, як ні круці, а А.Мілінкевіч усё-такі набраў большасць галасоў, прычым у поўнай адпаведнасьці з узгодненай з усімі працэдурай. І гэты багаж ён нясе на наступныя канфэрэнцыі.
Яшчэ тыдзень таму А.Лябедзька катэгарычна адмаўляў магчымасьць удзелу ў працэсе вылучэньня адзінага кандыдата ўсіх, хто не падаў пісьмовыя заяўкі. Цяпер ён загаварыў пра У.Коласа і А.Вайтовіча, якія «адной нагой у працэсе, аднак не жадаюць быць жывым інтэр’ерам адзінага кандыдата».
Складаная сыстэма, прыдуманая дэмакратамі, сама падштурхоўвае да пошуку кампрамісу. «Не дамовіўшыся, мы становімся па адзін бок барыкад з Лукашэнкам», — кажа С.Калякін. Паказальна й тое, што дэлегаты ў Гомелі пастанавілі выслухаць і У.Коласа з А.Вайтовічам, а прагаласаваць за іх не змаглі. «Дысцыпліна дысцыплінай, але ці апраўдана настолькі жорстка падыходзіць да рэгістрацыі кандыдатаў?» — дзяліўся з намі сумневамі адзін з шарагоўцаў апазыцыі. «Ці ня варта тут праявіць гнуткасьць — пакінуць нам найбольшы выбар?».
Прэсу зьбілі з панталыку
Камэнтары недзяржаўнай прэсы да працэсу вызначэньня кандыдата ад апазыцыі застаюцца насьцярожанымі і несалідарнымі.
«Белорусская газета» — паказальна, што тыднёвік мае толькі аматарскае фота Мілінкевіча чатырохгадовай даўніны — спадзяецца, што «на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б яны ні адбыліся, свае кандыдатуры выставяць тыя апазыцыйныя палітыкі, якія ўстрымаліся ад удзелу ў працэдуры вызначэньня «адзінага», а сьпіс незалежных апанэнтаў, які выйдзе ў выніку, ня будзе занадта доўгім».
«Белорусская деловая газета» бачыць цяпер «два акрэсьленыя флянгі апазыцыі». З аднаго боку, чацьвёрка зьвязаных зь «Пяцёркай+» кандыдатаў, якія паставілі подпісы пад заяўкамі на ўдзел у працэсе вылучэньня адзінага кандыдата. З другога — Аляксандар Казулін, якога падтрымлівае значная частка сацыял-дэмакратаў. Астатнія кандыдаты — Колас, Фралоў, Вайтовіч, Статкевіч — «муцяць ваду», знаходзячыся паміж двума цэнтрамі, і ім давядзецца прыстаць да аднаго зь берагоў. Чым хутчэй яны гэта зробяць, тым лепш, піша яна. Галоўнае пытаньне для «БДГ» — ці змогуць Казулін і кандыдат ад «чацьвёркі» дамовіцца?
Між тым пасьля крытыкі гомельскай канфэрэнцыі Лябедзькам «чацьвёрка» страчвае ранейшае адзінства. Ці азначае гэта ўзмацненьне шанцаў Казуліна?
Пуцін вызначыўся
Калі польская «Салідарнасьць» не магла паразумецца, яе лідэры ішлі да ксяндзоў. Мо і дэмакратычнай апазыцыі патрэбны нейкі аўтарытэтны арбітар? Пра вызначэньне такога гаварылася перад пачаткам перадвыбараў, але толькі ўнутрыапазыцыйнага. Віктар Карняенка да ідэі арбітражу маральных аўтарытэтаў ставіцца адмоўна: «Ня будзе ніякага арбітра, акрамя нас саміх. А калі выявіцца, што мы ня можам на роўных спаборнічаць з Лукашэнкам, — ну што ж, няхай ён нас тады яшчэ адзін тэрмін павыхоўвае». І гэты варыянт цалкам магчымы. Бо Пуцін тым часам вызначыўся з сваім адзіным.
У Сочы на першы погляд нічога не адбывалася, а ўвагу журналістаў забраў чорны лабрадор Коні. Аднак заявы Пуціна былі недвухсэнсоўнымі. Налета Беларусь будзе плаціць за газ менш за Пскоўшчыну. І рубель расейскі ўводзіць не абавязкова, і «Белтрансгаз» пачакае — абы ціха, абы без рэвалюцый.
Гэта азначае поўную падтрымку Лукашэнку. Пасьля ўкраінскае навукі, бязь лішніх словаў. Ніякіх размоваў, толькі каханьне. Каб кагосьці не палічылі марыянэткам.
Каму не пазайздросьціш у гэтай сытуацыі, дык гэта апазыцыйным кандыдатам, якія казыралі сваёй «прарасейскасьцю».
БНФ чакае прабачэньняў
У сераду адбылося чарговае мерапрыемства пад складанай назвай Пастаянна дзейная нарада дэмакратычных сілаў. Па выніках было вызначана, што ўсе «суб’екты» прызнаюць раней вызначаны парадак правядзеньня перадвыбараў адзінага кандыдата. Усе сходы павінны скончыцца не пазьней за 10 траўня.
Лябедзька скарыстаўся правам адкласьці рэгіянальны сход — віцебскі не адбудзецца 10-га, а пераносіцца на пазьнейшы тэрмін.
Таксама падкрэсьлена, што на Нацыянальным Кангрэсе адбудзецца не зацьвярджэньне, а выбары. Гэта значыць, што аж да Кангрэсу ўсе кандыдаты — незалежна ад вынікаў рэгіянальных канфэрэнцый — будуць разглядацца як раўнапраўныя прэтэндэнты.
Як сказаў нам намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч, БНФ «патрабуе абвяржэньня рэлізу АГП, чакае прабачэньняў, але ў цэлым ня бачыць крызісу даверу і разглядае заяву Анатоля Лябедзькі як эмацыйную рэакцыю на вынікі канфэрэнцыі».
Эмоцыі сапраўды прысутнічаюць. Калі прэтэндэнты ад «Пяцёркі+» не стрымаюць іх, павялічыцца імавернасьць таго, што адзіным нацыянальным кандыдатам ня стане вылучэнец гэтай кааліцыі.
Каментары