Майму сябру дзяцінства Валодзю (назавем яго так) каля 40. Пасьля заканчэньня савецкай школы ў канцы 80-х, як і многія здольныя хлопцы ў той час, ён паступіў у ваенную вучэльню. Калі СССР распаўся, большасьць маіх ваенных аднаклясьнікаў вярнуліся ў Беларусь і з войска паўцякалі — хто ў бізнэс, хто ў іншыя сілавыя структуры (чым я быў вельмі задаволены, няма чаго разумным людзям рабіць у войску).

Валодзя таксама вярнуўся ў Беларусь і пайшоў у адно зь міністэрстваў, дзе носяць пагоны. Служба, наколькі я разумею, ішла спакойна — без залётаў, але і без асаблівых рыўкоў, адпаведна ягонаму спакойнаму, узважанаму і адказнаму характару. Цяпер ён падпалкоўнік.
Я дык лічу, што любы чалавек у пагонах, калі ня мае залётаў, павінен стаць пад канец кар’еры мінімум палкоўнікам. Гэта як школу з мэдалём скончыць — ня трэба быць асабліва таленавітым, каб гэтага дасягнуць.

Працы шмат, праца пераважна кабінэтная, зь людзьмі і паперамі, кожны дзень з 8.30 да 18 і пазьней. У міністэрстве, як цяпер прынята, стаяць турнікеты, якія фіксуюць час уваходу і выхаду з будынка. Я дык удавіўся б ад такога працоўнага рэжыму, але Валодзю нармальна, бо гэта адпавядае ягонаму спакойнаму, узважанаму і адказнаму характару

Валодзя ніколі ў жыцьці ня быў за мяжой.
Раней я думаў, што гэта ад нястачы грошай — жонка настаўніца, а ў іх два сыны. Але вось нядаўна яны прадалі кватэру бацькоў і на атрыманыя грошы купілі машыну, зрабілі рамонт. «А чаго ж вы на курорт ня зьезьдзілі?» — «Ды не хачу я», — шчыра адказаў ён. Думаю, апошнія 20 гадоў мой сябар ня быў у клюбе альбо на дыскатэцы. Калісьці я звадзіў яго на канцэрт «Машины времени» — падазраю, што іншых канцэртаў ён не наведваў.
Незалежную прэсу і сайты Валодзя не чытае. Хапае тэлевізара і дзяржаўных газэтаў, якая ёсьць на працы.
(Я і гэты артыкул пішу толькі таму, што ўпэўнены: ён яго не прачытае). Пра апошні скандал вакол Міс Менск Валодзя ня чуў, бо пра гэта не паведамлялі дзяржаўныя СМІ. Валодзя верыць, што Гарбачоў прадаўся Захаду і таму разваліў СССР, а амэрыканцы хочуць паўсюль навязваць свае парадкі.
Разам з тым ён паважае мову і культуру.
«Мову нужно поддерживать, тут я с тобой согласен», — кажа ён мне.
Звычайна зь сябрамі дзяцінства палітыку абмяркоўваеш ня часта, хапае іншых тэмаў. Валодзя ня менш за мяне крытыкаваў улады, розныя ідыёцкія праявы беларускай рэчаіснасьці,
а моманты нязгоды з маімі падыходамі я ўспрымаў цалкам спакойна, як нармальную зьяву. Мне проста ў галаву не прыходзіла, што пры ўсіх асаблівасьцях сваіх поглядаў адэкватны чалавек можа галасаваць за Лукашэнку. Перад выбарамі 2010 году я пацікавіўся, за каго ён будзе галасаваць. І калі Валодзя сказаў: «Я буду за действующего президента» —
у мяне быў проста шок, я хутка згарнуў размову і некалькі месяцаў проста ня мог зь ім размаўляць. Хоць на самой справе я пачуў тое, што даўно падазраваў, але ў што не хацеў верыць.

Супакоіўшыся і ўтаймаваўшы свае эмоцыі, я папрасіў Валодзю коратка апісаць матывы, чаму ён за Лукашэнку.

«Я думаю, ня трэба зараз мяняць кіроўную каманду. Я працую ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня і разумею, як усё гэта нялёгка круціць. Краіне не патрэбныя ўзрушэньні, радыкальныя перамены».

— «Дарэчы, а за каго ты галасаваў у 1994-м? — «Ну, я быў малады, жыцьця ня ведаў... За Пазьняка». — «А цяпер чаму за Лукашэнку? Што — няма дастойных у апазыцыі?» — «Не, проста я зьмяніўся. Сёньняшні я ў 94-м галасаваў бы за Кебіча, за дзейную ўладу».

Пакуль я асэнсоўваю сказанае, Валодзя дадае: «Я ж не за сябе хвалююся, а за краіну».

Я веру. Але я ведаю і тое, што цяперашняя ўлада — ня самы горшы варыянт для такіх дзяржаўных служачых.
Хоць заробак у Валодзі заўсёды быў невялікі, троху вышэйшы за сярэднебеларускі — дзяржава ў канцы 90-х без усялякага блату дала іхняй сям’і крэдыт на кватэру на 40 гадоў. Інфляцыя і дэвальвацыі пераўтварылі гэтыя грошы ў капейкі, якія ён даўно выплаціў. У канцы нулявых, калі падрасьлі дзеці і падышла чарга, дзяржава зноў дала крэдыт. Цяпер у іх дзьве двухпакаёвыя кватэры, кожная каштуе пад сто тысяч даляраў, адну зь іх яны здаюць.
Валодзя кажа, што пакуль ня ведае, за каго будзе галасаваць на наступных выбарах. «Вядома, Лукашэнка кіруе надта доўга. Я за тое, каб ён назваў пераемніка, кагосьці са сваёй каманды».
— «Але ж гэтага ня будзе». — «Ну, тады давядзецца зноў галасаваць за Лукашэнку».

Я не спрачаюся, я проста слухаю і фіксую.

Тыя, хто сёньня «за», і тыя, хто «супраць» — людзі розных стагоддзяў, розных эпохаў. Спрачацца пра Лукашэнку — гэта ўсё роўна як сёньня прымаць удзел у дыскусіях, напрыклад, канца 19-га стагодзьдзя,
калі самыя разумныя і прагрэсіўныя людзі таго часу спрачаліся, ці можна даваць жанчынам выбарчае права. Для іх гэта было актуальна, а для нас, сёньняшніх, — нонсэнс, бо толькі ненармальны можа аспрэчваць выбарчае права для жанчын. Такі ж нонсэнс — зацята даказваць, што двойчы два чатыры, а Лукашэнка — гэта кепска. Праз 20–30 гадоў людзі будуць зь цяжкасьцю разумець, чаму нехта ў Беларусі мог быць за Лукашэнку, дзеці будуць пытацца ў сваіх дзядоў, як яны маглі галасаваць за гэтага чалавека, а тыя будуць выдаваць актуальнае для ўсіх часоў апраўданьне — «время, внучек, было такое».

Гэта будзе потым, а пакуль я мушу жыць з тым, што мільёны валодзяў і мой Валодзя — добры чалавек, надзейны сябра, талковы прафэсіянал — галасуюць за Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?