Тэатр11

Чым Шабаны адрозніваюцца ад Зялёнага Лугу?

На фестывалі «ТЕАРТ» адбылася прэм’ера спектакля «Шабаны», створанага паводле аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча.

Шлях «Шабаноў» да сцэны – асобная гісторыя, якая сама можа стаць сюжэтам твора з цудоўнымі супадзеннямі і шчаслівым фіналам. У 2012 годзе пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які тады жыў у нямецкім Гамбургу, напісаў раман «Шабаны». Кніга трапіла ў рукі Алены Ганум, былой актрысы Нацыянальнага тэатра імя Коласа (Віцебск), якая цяпер вучыцца ў Акадэміі мастацтваў на рэжысёра (майстэрня Мікалая Пінігіна). Ганум нічога не ведала пра аўтара, але захапілася «Шабанамі», бо ўбачыла ў кнізе блізкія ёй моманты (пра іх пазней). У лютым гэтага года Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры ладзіў першую рэжысёрскую лабараторыю. На ёй Алена паказала фрагменты будучай пастаноўкі (дарэчы, дэбютнай), у якой былі занятыя студэнты Акадэміі.

На паказе прысутнічаў Аляксандр Гарцуеў, мастацкі кіраўнік РТБД, які запрасіў Ганум паставіць спектакль на пляцоўцы свайго тэатра. І слова стрымаў (хоць абяцанкі некаторых яго іншых калег застаюцца толькі абяцанкамі). Нарэшце, поўную версію «Шабаноў», паказаную на экзамене ў Акадэміі мастацтваў, убачылі арганізатары «ТЕАРТа» і ўключылі спектакль у беларускую праграму фестывалю.

Але глыбока памыляецца той, хто думае, што даведаўся пра тыповы шлях празаічнага твора ад напісання да сцэны.

Наадварот, спектаклі, пастаўленыя паводле твораў сучасных айчынных пісьменнікаў, – рэдкія госці ў беларускіх тэатрах. Пераважна на сцэне ўвасабляюць не прозу, а п’есы, да таго ж часцей за ўсё напісаныя па-руску (зрэдчас – па-беларуску). У якасці выключэнняў назаву толькі «Чарнобыльскую малітву» (пастаўлена ў РТБД паводле аднайменнай дакументальнай аповесці Святланы Алексіевіч). Але гэты твор напісаны досыць даўно, у 1997 годзе. Таму беларускі тэатр амаль не мае вопыту працы з інсцэніроўкамі твораў сучасных празаікаў (у той час як у суседняй Расіі на сцэне ідуць сцэнічныя версіі твораў і Захара Прылепіна, і Міхаіла Шышкіна). Такім чынам, рэжысёр Алена Ганум выступіла ў гэтай сферы ледзь не першапраходцам.

Празаічны тэкст Бахарэвіча мае дзве лініі.

Першая, эсэістычная, уяўляе сабой разважанні пісьменніка пра феномен вядомага мінскага мікрараёна Шабаны, якія дапаўняюцца аўтарскімі ўспамінамі (пісьменнік жыў там да 19 гадоў). Нават калі хтосьці з чытачоў не гартаў старонкі рамана, зраблю падказку: тэксты, якія Альгерд стварае для «Будзьмы», напісаныя ў той жа стылістыцы (Бахарэвіч у любым фармаце застаецца Бахарэвічам). У другой, сюжэтнай лініі расказваецца пра маладую жанчыну Сафію, у якой знік муж з прозвішчам Сіманенка.

Такім чынам, перад Ганум паўстаў выбар, якую лінію зрабіць асноўнай.

Да гонару маладога рэжысёра, яна не зрабіла прадказальную стаўку на сюжэтную лінію, а паспрабавала іх сумясціць. Найбольш яскрава гэта атрымалася ў пачатку спектакля. Напрыклад, у сцэне, калі да Сафіі прыходзілі госці (каб «падтрымаць» жанчыну, сваякі вырашылі адсвяткаваць у яе дзень народзінаў бабулі мужа). Або ў эпізодзе, калі да гераіні заходзіць суседка. Героі рамана, якія дзейнічаюць згодна з сюжэтам, робяцца носьбітамі масавай свядомасці і ўвасабляюць масавую культуру.

Дарэчы, такое разуменне цалкам адпавядае рэжысёрскай задуме. Уласныя Шабаны Ганум знайшла ў Ліване, куды ў 2006 годзе з’ехала разам з сям’ёй і дзе зведала праблемы адаптацыі. «Шабаны – гэта вобраз масавай свядомасці, якая дэградуе. Таму яны паўсюль», – сцвярджае Ганум і прыводзіць цытату з бахарэвічаўскага рамана: «Куды б я ні паехаў, куды б ні паляцеў, Шабаны сустракаліся мне па ўсім кантыненце. У Берліне, у Празе, у Львове і Парыжы».

Цікава, што гэты фрагмент спектакля (разам з некаторымі іншымі, блізкімі да яго па стылістыцы) быў паказаны ў лютым на рэжысёрскай лабараторыі і пакінуў прыемнае ўражанне сваёй унутранай цэльнасцю і вытрыманым аўтарскім стылем.

Але з прычынаў, якія засталіся мне невядомымі, Ганум не здолела вытрымаць узровень, які ўзяла (магчыма, праз уплыў або, наадварот, неўплыў настаўнікаў з Акадэміі). Таму ўрыўкі, паказаныя на лабараторыі, засталіся самымі яркімі ў спектаклі «Шабаны». У іншых сцэнах адчуваецца істотны перакос у бок сюжэтнай, белетрыстычнай лініі. У выніку губляецца атмасфера Шабаноў і іх адметнасць, якой прасякнуты бахарэвічаўскі тэкст. Са спектакля незразумела, чым гэты сталічны раён адрозніваецца ад Чыжоўкі, Сляпянкі або Зялёнага Лугу. З гісторыі пра мікрараён Шабаны, пра жыхароў гэтага раёна і пра «Шабаны», якія ёсць унутры кожнага чалавека, пастаноўка ператвараецца ў прыватную гісторыю пра жанчыну, ад якой збег муж. Але нават гэтая сюжэтная нітка не даведзеная да ладу.

У рамане Сафія спачатку шукае мужа адна, потым разам з яго братам Данілам, мастаком-перформерам. Апошні ўрэшце знікае (папярэдне разбіўшы яе мэблю), і жанчына знаходзіць шчасце з Юрачкам, трэцім з братоў Сіманенкаў. Прычым жыць яны будуць у Шабанах (а першапачатковае месца жыхарства Сафіі – Зялёны Луг). Варыянтаў для інтэрпрэтацыі тут багата. Напрыклад, прадвызначанасць лёсу жанчыны, немагчымасць вырвацца з асяроддзя, у якім гадавалася. Сафія асуджае сваякоў (носьбітаў шабаноўскай ментальнасці), але потым свядома вяртаецца ў Шабаны і мяняе аднаго Сіманенку на іншага.

А вось у спектаклі станоўчая Сафія знаходзіць шчасце са станоўчым Данілам (прычым гледачам прапануюць эратычную сцэну, вырашаную праз пластыку).

Калі ўлічваць, што ў асобных фрагментах «Шабаноў» гэты цалкам пазітыўны герой атрымлівае рысы апавядальніка з эсэістычнай часткі рамана, атрымліваецца, што пісьменнік нібыта знайшоў сваю музу. Магчыма, гэта і ёсць адзіны шанец для выжывання ва ўмовах Шабаноў – стварыць свой альтэрнатыўны, творчы свет?

Але ў такім выпадку не адчуваецца сувязі іх гісторыі з іншымі эпізодамі. Гісторыі п’яніцы Сторцава або настаўніка гісторыі Саланевіча, якія расказваюць пра час, выгнанне і вяртанне, застаюцца толькі прыватнымі маналогамі. Бо Даніла вяртаецца з Германіі менавіта да Сафіі і застаецца ў Беларусі выключна для яе. Дык прычым тут Шабаны і іншыя краіны?

Уключэнне спектакля ў афішу тэатральнага фестывалю – бясспрэчная мастацкая падзея для Беларусі.

Проза сучаснага беларускага пісьменніка нарэшце атрымала ўвасабленне на сцэне. Праўда, для Алены Ганум гэта хутчэй аванс, бо ў яе спектаклі яшчэ істотна адчуваецца ўплыў іншых творцаў (напрыклад, у пластычнай сцэне бачна, што яна ўважліва глядзела і балеты Елізар’ева, і нумары сучасных харэографаў). А вось для Альгерда Бахарэвіча і ўсёй беларускай літаратуры гэта перамога. З чым іх і віншую!

Каментары1

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты19

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Усе навіны →
Усе навіны

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім11

Прэм'ер Славакіі пагражае спыніць пастаўкі электраэнергіі Украіне34

Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?3

Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны

Мінскага крымінальнага аўтарытэта падазраюць у забойстве 27-гадовай даўніны і педафіліі. І нават трошкі ў палітыцы2

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія2

У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы8

Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца10

Вулічны гандаль рэчамі са згарэлага ГЦ «Беларусь» у Віцебску забаранілі пасля скаргі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты19

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Галоўнае
Усе навіны →