Гісторыя1111

«Мы да іх: брацікі, сыночкі!.. А яны нам скрозь зубы: прастытуткі, падсцілкі нямецкія»

16 траўня, а 19-й у Мінску, у Галерэі Tut.by (пр.Дзяржынскага, 57) пакажуць фільм пра вывезеных у Германію і адкрыюць фотавыставу.

Фільм ужо дэманстравалі надоечы ў доміку РСДРП — шточацвер а 18.30 там праходзяць лекцыі і дыскусіі, уваход па квітку ў музей.

Людзі, якіх вывезлі ў час вайны на работы ў Германію і краіны-сатэліты, былі ці не ў кожнай вёсцы. 8 мільёнаў з усіх краін, 2,5 мільёны — з СССР, больш за 400 тысяч — з Беларусі.

Нацысты агітавалі моладзь на працу, але па сваёй волі мала хто ехаў. Моладзь трапляла да немцаў падчас аблаваў і ўжо не магла ўцячы.

Пасля вайны, аднак, за тое, што трапіў у аблаву — як і за нямецкі палон — запісвалі ў здраднікі.

Таму большасць вывезеных маўчала пра гэтую старонку сваёй біяграфіі. Многія героі фільма толькі цяпер кажуць пра гэта ўпершыню. «Гэта ж такая ганьба!»

«Калі мы вярнуліся, мама паставіла мяне на калені перад татавым партрэтам і сказала: пакляніся, што ніколі нікому не скажаш, што мы былі ў Германіі. Я паклялася. І ніколі нікому не сказала».

Каб прыбраць сваё імя з дзяржаўнай базы остарбайтараў, патрэбныя былі сувязі і грошы.

Не ўсім шанцавала схаваць гэты факт, знішчыць дакументы пра гэтыя гады свайго жыцця. 

Адна з гераінь фільма сустрэла ў Германіі свайго будучага мужа: яна остарбайтарка, ён савецкі афіцэр. Ажаніліся, зажылі, але мінулае не адпускала: ёй, таленавітаму фізіку, адмовілі ў паступленні ў аспірантуру, потым не далі настаўніцкага звання, хоць яе вясковыя вучні былі найлепшымі ў вобласці.

А шлюб не вытрымаў спакусы ўладай: муж захацеў стаць сакратаром Ашмянскага райкама і развёўся з жонкай-остарбайтаркай.

Большасць герояў фільма — кабеты, таму і остарбайтарства перадаецца ў асноўным жаночым поглядам.

«Мы так радаваліся, што вяртаемся дамоў!.. І вось нас прывезлі на Одэр, для перадачы савецкім салдатам. Мы пабачылі іх і ўсцешыліся: брацікі, сыночкі!.. А яны не глядзяць на нас, толькі адзін скрозь зубы: прастытуткі, падсцілкі нямецкія.

Мая мама да яго: сыночак, ты што!.. Вось такое нам было прывітанне».

«Схапіў мяне адзін за руку, мама кажа: адпусці, гэта мая дачка».

«А была з намі адна палячка, зацягнулі яе ў падвал… Мы баяліся глядзець, ці яна жывая — так і пайшлі, не зазірнуўшы».

Гэта, бадай, драматургічна самае моцнае месца ў фільме. 

У цэлым кіно даволі простае, падкрэслена хранікальнае. Дзясятак беларусаў расказваюць пра сваё жыццё ад 1930-х да 1950-х. Пухавіччына, Навагрудчына, Карэліччына…

Аповеды перамяжоўваюцца савецкай і нямецкай прапагандысцкай хронікай часоў вайны. Мурашкі па спіне — да чаго ж яны падобныя. «Памятайце і вы, калі будзеце вучыць сваіх дзяцей першаму слову «Сталін»» — «Не печальтесь, ребята, самое тяжелое позаді — большевікам конец».

Якая ж універсальная рэч прапаганда. Пабачыўшы ўсё гэта, нават на мілых бяскрыўдных выразах «прапаганда чытання» або «прапаганда здаровага ладу жыцця» будзеш уздрыгваць і шукаць падвох.

У Германіі моладзь чакала ўсякае. Некага адпраўлялі на фермы, і гэта праца запомнілася людзям як прыемны час — на фоне роднага калгасу. Цяжэй прыходзілася тым, хто трапляў на вытворчасць. Нехта атрымаў досвед, які проста цяжка сабе ўявіць: сярод апытаных была жанчына, якую накіравалі ў Асвенцім, там яна займалася сушкай валасоў ахвяр.

«Трагедыя беларускіх остарбайтараў у тым, што іх жыццё прыйшлося на страшны час: на сталінізм з рэпрэсіямі, гвалтоўнай калектывізацыяй, на сусветную вайну, якая прынесла Беларусі страшэнныя страты, на пасляваеннае аднаўленне савецкай таталітарнай сістэмы. Адпаведна іх ўспаміны дыяметральна супрацьлеглыя прапагандзе, якая ішла і з нямецкага, і з савецкага боку. Гэты момант я вырашыў скарыстаць, сутыкнуўшы ўспаміны простых беларусаў з нацысцкай і камуністычнай прапагандай.

Жыццёвы досвед герояў фільму траўматычны, пра многія акалічнасці жыцця яны доўга маўчалі і маўчаць дагэтуль. У фільме многія ўпершыню публічна раскрыліся.

У Нямеччыне прымусовыя рабочыя з Беларусі мелі розны лёс. Хтосьці жыў і працаваў у страшэнных умовах, хтосьці не перажыў высылку. І няхай гэта гучыць некалькі парадаксальна, але для некаторых сведкаў часу остарбайтарства, успаміны пра час у нямецкім палоне сталі самымі яркімі ў жыцці. Гэта стала адзінай магчымасцю пабачыць іншае жыццё, вырвацца з «калгаснай» няволі - кажа рэжысёр фільма, клімавічанін Алесь Лапо.

Адзначае таксама, што найбольш уразіла падчас збору інтэрв'ю — наша беларуская шчырасць. «Нас, незнаёмых людзей, запрашалі ў хату, раскрывалі перад намі душу». Думаецца, справа тут не толькі ў нацыянальным характары, але яшчэ і ў тым, што «Беларускі архіў вуснай гісторыі» ці не першым паставіўся да гэтых людзей і іх досведу з павагай, а не з пагардай.

На фільм у домік РСДРП прыйшло шэсць чалавек (усе дзяўчаты), і кожная са сваёй сямейнай гісторыяй пра остарбайтараў. На паказе людзям было пра што пагаварыць. Была ў гэтым нейкая справядлівасць: адкрыта прагаворваць тое, што сапсавала тваім дзядам усё жыццё.

— У расказе бабулі мяне ўразіла, — кажа адна з глядачак, — што назад гэтых людзей не перавозілі: увесь гэты шлях яны гналі ў СССР трафейных кароў.

«Беларускі архіў вуснай гісторыі», які і сабраў інтэрв'ю для фільма, прасіў адгукнуцца ўсіх, хто мог бы арганізаваць інтэрв'ю са сваім родным «остарбайтарам». Эл. пошта даследчыкаў: info@nashapamiac.org

Фільм неўзабаве выставяць на сайце архіва, дзе ўжо цяпер ёсць адпаведны раздзел і выстаўленыя некаторыя інтэрв’ю. 

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай3

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі бізнэсмен, якога шукае Інтэрпал, адкрыў рэстаран у Варшаве. Цяпер з ім судзяцца былыя падначаленыя9

«Не спалі ўсю ноч». Што адбываецца ў двары ў Мінску, дзе збілі дрон8

Мядзведзеў прыгразіў ЗША вайной пасля таго, як Трамп скараціў тэрмін ультыматуму Пуціну7

Гомельскія міліцыянеры выпадкова дадалі «экстрэміста» ў свой унутраны чат — што ён там убачыў5

Чаму здараюцца трагедыі з былымі беларускімі ваярамі ў мірным жыцці? Пра самагубства добраахвотніка ў Гданьску і не толькі8

Ратавальнікі цэлы вечар шукалі рыбака-тапельца ў Мядзельскім раёне. На наступны дзень ён вярнуўся па лодку

У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае6

Паспяховы шэф-кухар з Індыі адкрыў рэстаран на Камароўцы1

Мінабароны прызнала падзенне беспілотніка на Мінск9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай3

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць