Тэатр22

Ці ўдалося Свабоднаму тэатру перанесці на сцэну магію рамана Бахарэвіча «Сабакі Еўропы»? Па палічках раскладвае крытык Аляксей Стрэльнікаў

«Сабакі Еўропы» — гэта opus magnum Альгерда Бахарэвіча. Гэта раман-загадка, раман-фантазія, раман-квэст (аўтар рабіў экскурсіі па месцах Мінска, апісаных у кнізе). Паставіць такі спектакль паводле яго, які б цалкам адпавядаў першакрыніцы, немагчыма.

«Сабак Еўропы» не чытаеш паслядоўна, яго перагортваеш, пераскокваеш наперад і назад, напрыклад, перакладаючы са слоўнікам частку, напісаную бальбутай — мовай, адмыслова прыдуманай для рамана. Форма кнігі як фаліянта са старонкамі для яго састарэлая. «Сабакі Еўропы» можна разабраць на цытаты, можна чытаць асобнымі часткамі, але сапраўды прыўкраснай яна робіцца менавіта ў сваёй манументальнай еднасці формы.

Спектакль Беларускага свабоднага тэатра прэтэндуе таксама на эпічную манументальнасць.

Мікалай Халезін быў адным з першых чытачоў кнігі, і па яго захопленай рэакцыі было зразумела, што Беларускі свабодны тэатр абавязкова возьмецца за амбіцыйную задачу — увасобіць вялізны раман на сцэне. 

«Першы вялікі прадкашн», зроблены ў Беларусі, — так прэзентуецца гэта работа. Сапраўды, у Мінску спектаклі тэатра звычайна паказваюцца ў камерным пакойчыку, вялікія пастаноўкі робяцца за мяжой на самых розных пляцоўках, у Мінску іх можна пабачыць хіба на відэа. Прэм'ера «Сабак Еўропы» запланавана на сцэне Барбікан — адной з найбольш буйных тэатральных пляцовак Вялікабрытаніі.

У першую чаргу менавіта гэтая ўпэўненасць тэатра ў сваіх сілах адчуваецца ў спектаклі, нават у спрэчных момантах тэатр паказвае, што мае намер гнуць сваю лінію.

Да спрэчных момантаў можна аднесці найперш самы пачатак спектакля, які зроблены паводле часткі «Неандэртальскі лес» пра бабку-шаптуху. У рамане яна даволі простая па сюжэце і сімволіцы, а ў спектаклі раптам распалася на шэраг ідэалагічных маналогаў. Таксама спрэчнымі здаюцца безасабовыя абстрактныя харэаграфічныя нумары, якія часам робяць перабіўкі паміж эпізодамі, ім найперш бракуе характарнасці, уласцівай спектаклям Свабоднага тэатра, чаго, напрыклад, не скажаш пра цудоўнае музычнае афармленне і відэаарт, якія цудоўна аздабляюць дзею.

Ужо наступны эпізод, у якім дзеці сучаснай мінскай школы сачыняюць лісты ў будучыню, а іх настаўнік зарывае іх у «капсуле часу», дае артыстам Свабоднага тэатра паказаць лепшае, што яны ўмеюць: ствараць вострыя цікавыя характары, імправізаваць, хуліганіць на сцэне, тым больш сімвалічна, што гаворка ідзе пра школу. Нібыта злавіўшы сваю інтанацыю, на адным дыханні тэатр расказвае яшчэ дзве вялікія часткі з умоўнай дыстапічнай будучыні, дзе Расія захапіла Беларусь і ўтварыла «Райх», а свабодная Еўропа забылася на кніжкі. Гэтыя дзве часткі нібыта абʼяднаны ў дыптых, яны распавядаюць пра (будучую?) Беларусь знутры і звонку; і галоўных герояў абедзвюх частак (маўклівага Маўчуна з вёскі Белыя Росы і берлінца Тэрэзіюса Скіму) грае адзін і той жа артыст Аляксей Нарановіч, які літаральна ўбягае з аднаго эпізоду ў другі. Гэтыя героі вельмі розныя, іх абʼядноўвае хіба нейкая зацёртасць асобы, і адным з унутраных сюжэтаў спектакля аказваецца працэс «пошуку сябе».

У будучай Беларусі знайсці сябе можна, хіба паставіўшы сябе насуперак агрэсіўнай, пачварнай рэчаіснасці, якую артысты Свабоднага тэатра паказваюць амаль любоўна.

У іх цудоўна атрымліваюцца паліцаі (Павел Гарадніцкі), ідэалагічныя супрацоўнікі (Марына Юрэвіч), бездухоўныя дзяўчаты (Юлія Шаўчук). Парадаксальным чынам Маўчун звяртае на сябе ўвагу на самым пачатку тым, што не імкнецца вытырквацца з шэрагу сваіх аднасяльчан.

Перлінай у гэтым аказваецца маёр Лебедзь у выкананні Юрыя Дзівакова, гэта яго дэбют у Свабодным тэатры (яго эстэтыка арганічна зліваецца з творчай манерай калектыву).

Лебедзь прыязджае, каб расследаваць зʼяўленне ў вёсцы замежнага дыверсанта. Пластычны і тэхнічны Дзівакоў у белым мундзіры элегантна гойсае па сцэне і супрацьпастаўляе правінцыйнай беларушчыне свой сталічны бляск, а шпіёнская інтрыга дазваляе яшчэ раз паказаць галерэю вобразаў у параўнанні з разумным «сталічным» героем. Вобраз цікавы яшчэ і тым, што ў ім паказваецца, наколькі таталітарнай можа быць культура, калі абмежаваць яе задачай захавання (ці дамінавання) самой культуры (у дадзеным выпадку рускай). Збегчы ад гэтага духоўнага гвалту здаецца адзіным надзейным выйсцем.

Поўная свабода ў тым ліку ад адукаванасці і культуры паказваецца ў наступным эпізодзе, асновай якога зрабілася фінальная частка рамана «След». Невядомы памірае ў нумары гатэля, пакінуўшы кнігу і пяро, супрацоўнік аддзела ідэнтыфікацыі Тэрэзіюс Скіма падчас пошуку звестак пра памерлага вандруе па ўсёй Еўропе, якая забылася на кнігі і літаратуру.

Жорсткі прысуд і папярэджанне такой будучыні гучыць у відэапасланні старога Лампэ, уладальніка адной з апошніх кнігарань Еўропы, у выкананні Валера Мазынскага: «Вы развучыліся слухаць адно аднаго. Потым чытаць… А потым і пісаць… Вам жа нічога больш не цікава. Толькі карцінкі».

Звязкамі кніг была пазначана дарога да глядзельнай залы, паліцы кніг стаяць тут і там, вялізны папяровы шар з кніг, як сізіфаў камень, перакачваюць па сцэне туды-сюды, штабелі кніг звальваюцца ў кучу пасярэдзіне сцэны падчас вандровак Скімы па розных кнігарнях, каб потым наўпрост швабрамі скінуць іх пад ногі першым шэрагам гледачоў. Кнігі рвуць, імі кідаюцца, запаленыя старонкі зрабіліся асноўным рэкламным візуалам спектакля. Вельмі простая сімволіка і сцэнаграфія, але ад таго, што кнігі сапраўдныя, адчуваеш інстынктыўнае напружанне. У спектаклі ёсць маты і аголенае цела, але асабіста мяне ўзрушылі менавіта растрыбушаныя кнігі, з павагай ставіцца да якіх прывучалі з дзяцінства.

Але хіба спаліць кнігу — толькі адзіны спосаб яе знішчыць? Сёння кнігі не паляць, іх алічбоўваюць, і хутка, каб пазбавіць чалавецтва літаратуры, спатрэбіцца толькі адзін клік, і ад усведамлення гэтага факта становіцца яшчэ больш страшна.

Вандроўка Тэрэзіюса Скімы па гэтым стэрыльным часе і прасторы будучай Еўропы, дзе ён праз сілу стасуецца з еўрапейцамі, якія без асаблівага жадання даюць яму звесткі пра яго таемнага незнаёмца, прыводзіць яго ўрэшце ў Беларусь. І гэта вельмі важны мэсэдж, які шлюць аўтары спектаклю ў тым ліку еўрапейцам эпохі Брэкзіту.

Не так страшна не знайсці Еўропы ў Беларусі, як знайсці ў самой Еўропе тую самую Беларусь, ад якой мы бяжым, якой імкнёмся пазбавіцца, якую беспаспяхова спрабуем развіць і цывілізаваць. Паўсюль ёсць лянота, карупцыя, абыякавасць, правінцыйнасць, спажывальніцтва, меркантыльнасць…

У фінале спектакля галоўны герой пасыпае ўсё навокал попелам са слоіка «капсулы часу». Мы адчуваем пах гарэлай паперы, шчыры пах расчаравання ў ідэалах. І ўсведамляем, што шукаць сябе бессэнсоўна. Сябе і свет навокал прыйдзецца ствараць наноў. І на нас ляжыць цяжар адказнасці перад усёй папярэдняй культурай зрабіць яе на такім жа высокім узроўні.

Каментары2

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты19

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Усе навіны →
Усе навіны

«З першага ж дня сын вяртаецца дадому пабіты». Беларуска змагаецца з булінгам у польскай школе36

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім11

Прэм'ер Славакіі пагражае спыніць пастаўкі электраэнергіі Украіне34

Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?3

Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны

Мінскага крымінальнага аўтарытэта падазраюць у забойстве 27-гадовай даўніны і педафіліі. І нават трошкі ў палітыцы2

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія2

У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы8

Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты19

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Галоўнае
Усе навіны →