Вікторыя Цунік, якая знаходзіцца ў міжнародным вышуку з 2009 года, дастаўлена ў Мінск. Жанчыну выдала Намібія, паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу Генеральнай пракуратуры.
Вікторыя Цунік у 2006 годзе была прызнаная вінаватай у службовых злачынствах і легалізацыі матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам, і асуджаная да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў 6 месяцаў.
— Ад выканання гэтага прысуду Цунік ухілілася, у сувязі з чым у студзені 2009 года яна абвешчаная ў міжнародны вышук, — распавялі ў Генпракуратуры.
Паводле звестак ведамства, жанчына хавалася ў розных краінах Афрыкі, у тым ліку Анголе і Намібіі. Пасля ўстанаўлення месцазнаходжання Цунік на тэрыторыі вобласці Замбезі Намібіі Генпракуратура звярнулася з запытам аб экстрадыцыі яе ў Беларусь.
— Нягледзячы на кароткія тэрміны перадачы Цунік, устаноўленыя намібійскім бокам, складанасці з прапрацоўкай маршруту этапавання, абмежаванасць часу для падрыхтоўкі і пераводу дадатковых матэрыялаў з мэтай атрымання дазволу на транзітную перавозку выдадзенай асобы па тэрыторыі некалькіх замежных дзяржаў, асуджаная ў суправаджэнні спецканвою МУС Рэспублікі Беларусь 30 сакавіка дастаўлена ў Мінск. Цяпер Цунік знаходзіцца ў беларускай пенітэнцыярнай установе, — паведамілі ва ўстанове.
Прадпрымальніцу з Віцебска Вікторыю Цунік у 2005 годзе абвінавацілі ў махінацыях з палівам. Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прысудзіў яе да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Каментары