Грамадства

«Навошта вы праз столькі год гэта варушыце?» — «Так цяпер трэба». Як працуюць сілавікі па справе аб «генацыдзе беларускага народа» 

У Беларусі Генпракуратура завяла справу «аб генацыдзе беларускага народа» падчас Другой сусветнай вайны. Як на практыцы праходзіць следства? Мы знайшлі сведкаў. 

Канцлагер у Азарычах, Гомельская вобласць

Жыхар невялікага пасёлка расказаў, што да яго бабулі следчы прыехаў разам з журналістам, які рабіў матэрыял пра тое, як беларусы пацярпелі падчас вайны.

«Бабуля была дзіцём у вайну, потым яе часта запрашалі ў школу расказваць сучасным дзецям пра гэта. На мінулым тыдні ёй званілі з праваахоўчых органаў, прасілі аб сустрэчы, у выніку прыехаў следчы і журналіст — бабулю вазілі па ваколіцах, яна расказвала тое, што звычайна расказвае дзецям. Па выніках гэтага былі напісаны паперы, са зместам якіх яе не азнаёмілі, што асобна мяне засмуціла — яна нібыта падпісвала таксама і пустыя аркушы. Хаця пры званку ёй і казалі, што гэта ўзгоднена са сваякамі — гэта была няпраўда, у нас ніхто не пытаў, што гэта ўсё ў рамках крымінальнай справы яна не зразумела. Калі я сказаў, з якой мэтай гэта насамрэч робіцца, што яе словы могуць быць выкарыстаныя для апраўдання гвалту над яе ўнукамі, яна моцна расхвалявалася, таму я адыграў назад і сказаў, што пераблытаў — «імаверна, гэта было проста чарговае інтэрв’ю». Каб яна не пераймалася», — расказаў нам унук. 

У іншым выпадку да старога чалавека прыйшлі, калі нікога іншага не было дома. 

«Да маёй мамы прыходзілі супрацоўнікі органаў, — расказала нам чытачка. — Запаўнялі гатовыя анкеты, а яна толькі паставіла подпіс. Яна была дома адна і адкрыла ім дзверы — мякка кажучы, непрыстойна, як мінімум такія візіты трэба ўзгадняць са сваякамі. Яна хвалявалася і нервавалася. Сама мама падчас вайны была ў лагеры «Азарычы» разам са сваёй мамай і сястрой, яны загінулі неўзабаве пасля вяртання». 

Яшчэ адзін чытач расказаў нам, што яго сям'я не дала дазволу сілавікам сустракацца з іх дзедам. 

«Да майго бацькі (малалетні вязень вайны з сакавіка 1944 па май 1945) спрабаваў дазваніцца нейкі, нібыта, следчы, але з ім гаварыў іншы сваяк, на якога зарэгістраваны нумар.

Следчы прапаноўваў, каб тата прыйшоў да іх даваць паказанні. Яму адказалі, што

чалавек стары, слабы і хворы, няма вам чаго яму падымаць ціск сваімі пытаннямі, на што ён адказаў, маўляў, што можна прыйсці нам самім, даць паказанні з яго словаў, ад чаго мы адмовіліся.

Бацьку нашаму было 11 год, калі яго з маці і сястрой забралі ў Германію, трапіліся падчас зачысткі Любаншчыны ад партызанаў — іх ледзь не спалілі, але ў апошні момант з’явіліся немцы і загадалі паліцаям не знішчаць людзей. Іх замест таго адправілі на сельскагаспадарчыя работы ў Германію. Пашчасціла вярнуцца», — расказаў чытач. 

Разбураны Мінск

Таксама мы пагаварылі з 95-гадовай ахвярай вайны, спадарыняй Маргарытай, якая расказала, як праходзіць такі допыт. 

«Следчы званіў і спрабаваў дамовіцца на сустрэчу, мы дамовіліся на адзін час, а ён не прыехаў, я такое не люблю, я чалавек-слова.

Але ў выніку яго прыняла, ён пачаў мне задаваць пытанні: «Вас білі, а як гэта?». Уласна, я яму вельмі сцісла адказвала, ніводнага кепскага слова пра немцаў я не сказала: асабіста мне немцы ў Германіі дапамаглі, мне пашанцавала. Я ў яго яшчэ спытала, што гэта такое, прайшло столькі год і вы раптам пачынаеце гэта варушыце. «Ну гэта цяпер трэба», — ён мне так адказаў. Сказаў, што хочуць немцам прад'явіць. Праўда, я не чытала што ён там з маіх словаў запісваў. 

Мяне з сям'ёй пры канцы красавіка 44-га вывезлі з Віцебска ў таварным вагоне, дзякуй богу, што ўсіх разам.

Трапілі мы ў Цюрынгію, там нас разбіралі па сем’ях, падыходзілі, глядзелі і забіралі, а ў сястры было двое малых дзяцей, і ніхто не браў, а апошнім падышоў шэф шклянога заводу. Як ён да нас ставіўся, нічога кепскага сказаць не магу. Мы працавалі ў цэху, дзе стаялі круглыя машыны на газе, для фармацэўтычнай прамысловасці рабілі тару: піпеткі, колбы. Машыны круціліся, трэба было сачыць каб не зляталі. Працавалі разам з немцамі — яны былі ўжо старыя, маладыя без ног, без рук. 

Нам у параўнанні з іншымі вельмі пашанцавала. Сястра не працавала, ёй дазвалялі, бо была з дзецьмі. Есці, канечне, асабліва добрага нічога не было, але немцы нам то пару сліваў, то пару яблык — «аднясі малым». Простыя людзі нас добра сустракалі, але былі ўсякія, канечне, з нацыстамі я не бачылася. 

Вызвалілі нас амерыканцы, а 25 мая адправілі на студабекерах да Дрэздэна, і можаце сабе ўявіць — мы з 25 мая па 16 верасня ехалі ў Віцебск! Нас ссаджвалі з цягніка, нас дапытвалі, чаму мы ў Германіі былі, што мы ледзь не прастытуткі і гэтак далей. Калі даехалі, у Віцебску жылі ў акопе, наш дом згарэў. 

Нам прапаноўвалі амерыканцы перабрацца ў ЗША, папярэджвалі, што нас па вяртанні могуць кашмарыць, але тата наш на фронце быў, муж сястры — на фронце. Мы не ўяўлялі, як можна ў Амерыку ехаць.

Не дай бог перажываць вайну, страшная справа», — кажа спадарыня Маргарыта. 

Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што страты Беларусі ад вайны склалі 500 млрд даляраў. Нагадаем, пагадненне па рэпарацыях было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі.

Каментары

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →