«У характарыстыцы будзе бачна, ці ты змагар, ці ябацька». Як выглядаюць новыя правілы прыёму на працу на дзяржпрадпрыемствы
На лаяльнасць да ўлады будуць правяраць пры прыёме на працу? Нядаўна прыняты дэкрэт №6 робіць больш жорсткімі патрабаванні да супрацоўнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Адзін з кадравікоў падзяліўся з «Нашай Нівай» асцярогамі, ува што могуць выліцца новыя правілы гульні.
Што змянілася? Цяпер пры прыёме на працу дзяржаўныя арганізацыі абавязаны будуць запытваць характарыстыку на чалавека з папярэдняга месца.
У ёй, апроч прафесійных якасцяў і дысцыплінаванасці, мусіць адлюстроўвацца стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.
Формы новай характарыстыкі кадравікі яшчэ не бачылі.
«Раней запыт характарыстыкі быў толькі правам наймальніка, а не абавязкам (артыкул 26 Працоўнага кодэкса), але гэта нічога не давала па сутнасці.
Ніхто гэтым не займаўся, акрамя сілавых структур. Дый форма была адвольная — у асноўным пісалі, які добры хлопец», — дзеліцца спецыяліст кадравага аддзела аднаго з дзяржпрадпрыемстваў.
Аб будучых кіраўніках будуць запытваць інфармацыю з банка даных пра правапарушэнні. Раней такія звесткі звычайна збіраліся, напрыклад, на ахоўнікаў ці дзяржслужачых, але на простых кіраўнікоў — не.
«Патрабаванне характарыстыкі значна запаволіць афармленне на працу. На кадравікоў абрынецца вал гэтых характарыстык. З аднаго боку, іх будзе патрэбна пісаць, а пісаць невядома што. Адкуль я ведаю, чалавек змагар ці ябацька? Пакуль характарыстыкі няма, нельга прымаць на працу.
З іншага боку, прыйдзе работнік, які падыходзіць, але ў яго характарыстыцы нешта дрэннае напісалі — той жа артыкул 24.23. Дырэктар браць такога хутчэй за ўсё пабаіцца.
Потым новы чалавек, зноў чакаць характарыстыку», — звяртае ўвагу на праблемы кадравік.
На думку суразмоўцы, гэты дэкрэт выглядае як спроба запалохаць пратэстоўцаў.
«Маўляў, спачатку ўсіх звольнім з працы, а потым вас не возьмуць, бо ў характарыстыцы будзе бачна, што ты змагар.
Да гэтага часу ніякай схемы, як доўгачасова пераследаваць чалавека, не было. Для кадравікоў няма ніякіх адкрытых спісаў ці праграмы, у якую забіваеш імя кандыдата і глядзіш, ці можна яго браць. Як толькі супрацоўнік звольніўся, ён становіцца чыстым лістом для новага наймальніка. І прад’явіць: «Навошта вы ўзялі на працу змагара?» — нельга.
Цяпер за чалавекам будзе цягнуцца «хвост». Гэта спосаб адпомсціць таксама. Тым больш за выдачу характарыстыкі з заведама непраўдзівай інфармацыяй прадугледжана адказнасць. Хаця наўрад ці дэкрэт спрацуе на 100%», — лічыць кадравік.
Дэкрэт №6, які ўносіць змены ў Дэкрэт № 5 ад 2014 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацый», быў падпісаны 12 кастрычніка. У сілу ён уступіць праз 10 дзён пасля апублікавання, то-бок 22 кастрычніка.
Каментары