Крыніцы: пракурор Стоўбцаў адмовіўся плаціць у рэстаране, а калі выклікалі міліцыю — дастаў «ксіву»
Як стала вядома «Нашай Ніве», звольнены з працы Сяргей Грыцук — пракурор Стаўбцоўскага раёна. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў пракуратуры раёна. Знік Грыцук і з раскладу прыёму насельніцтва на сайце Генпракуратуры.
«Грыцук страціў пасаду праз тое, што нядаўна, пасля аднаго з рэстаранных банкетаў, адмовіўся плаціць па рахунку, непрыемна ўразіўшыся выніковымі лічбамі, — расказваюць суразмоўцы «Нашай Нівы». — У выніку атрымаўся скандал з выклікам міліцыі, які Грыцук паспрабаваў вырашыць, дастаўшы пасведчанне».
Начальства метады Грыцука не ацаніла — больш ён не працуе. Новы пракурор яшчэ не прызначаны.
Пра самаго Грыцука асаблівай інфармацыі ў адкрытым доступе няма. Вядома, што раней ён працаваў у Смалявіцкай пракуратуры.
Як стала вядома «Нашай Ніве» пасля выхаду публікацыі, Сяргей Грыцук — пляменнік старшыні рэспубліканскай калегіі адвакатаў і члена Савета Рэспублікі Віктара Чайчыца. Маці Грыцука і Чайчыц — родныя брат і сястра.
Каментары