Як выглядае механізм падачы на бежанства?

У еўрапейскіх краінах падаць заяву можна ці на іх тэрыторыі, ці ў пагранічным пункце. Вельмі мала дзе прымаюць заявы праз пасольствы. 

«Калі чалавек перасякае мяжу з парушэннем закону, гэта ўсё адно не пазбаўляе яго права падаць заяву на атрыманне прытулку. Міжнародныя стандарты ўлічваюць, што сітуацыі бываюць розныя і не заўсёды чалавек можа прыбыць на тэрыторыю краіны легальным спосабам.

Але аказаўшыся там, ён павінен мець на ўвазе, што згодна з правіламі трэба не зацягваць з гэтым пытаннем і падаваць заяву ў найбліжэйшым магчымым пункце», — тлумачыць Алена Чаховіч. 

Ці праўда, што прытулак можна прасіць толькі ў першай краіне ўезду?

У ЕС дзейнічае такі дакумент, як Дублінскае пагадненне. Яно ўтрымлівае норму ад першай бяспечнай краіны. Гэта азначае, што калі чалавек трапіў на тэрыторыю ЕС праз Польшчу, ён павінен звяртацца па прытулак у гэту краіну.

Калі ён перасякае Польшчу транзітам і падаецца на бежанства ў іншай краіне, гэта парушэнне. Але яно не азначае аўтаматычна, што чалавеку будзе адмоўлена ў абароне. Мясцовыя міграцыйныя службы сыходзяць з канкрэтнай сітуацыі.

Атрымліваецца, мігранты павінны прасіць прытулак у Беларусі? Не зусім.

«Мы не з’яўляемся бокам Дублінскага пагаднення. І Беларусь з улікам нізкай якасці механізму міжнароднай абароны таксама не можа разглядацца як бяспечная краіна. Асабліва з улікам практыкі апошняга года, высылак і дэпартацыі людзей у краіны, дзе ім пагражае небяспека. У бежанцаў з Ірака ёсць важкі аргумент, што Беларусь не можа лічыцца гарантам бяспекі».

Як на сітуацыю ўплывае тое, што на польскай мяжы ўведзена надзвычайнае становішча?

Гэта абмяжоўвае ўезд у прыгранічную зону людзей, якія не пражываюць там. Напрыклад, туды няма доступу у тых жа праваабаронцаў, прадстаўнікоў лакальных НДА, СМІ. Яны не могуць аказваць гуманітарную дапамогу і адсочваць сітуацыю.

У жніўні ў Польшчы былі прыняты змены ў закон аб замежніках і даванні ім абароны. Раней пагранічнікі пры прыняцці заявы на бежанства павінны былі перадаваць яе міграцыйным службам, цяпер яны могуць на месцы адмовіць і выслаць чалавека на радзіму. А там мігрант не зможа эфектыўна абскардзіць гэта рашэнне.

Мігрантаў, якіх не прапусцілі праз еўрапейскую мяжу, абавязана прыняць Беларусь?

Першая краіна, якая нясе адказнасць за гэтых людзей за межамі радзімы, — гэта Беларусь.

«Трымаць іх у прыгранічнай зоне ў лесе супярэчыць міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству, — кажа праваабаронца. —

Беларусь павінна прыняць людзей назад. Калі фармальна падыходзіць да пытання — праверыць дакументы. Тыя, хто з дзейнай візай, могуць спакойна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і самастойна бліжэй да тэрміну заканчэння візы вырашаць, што ім рабіць — працягваць знаходжанне ці вяртацца. 

Са слоў мігрантаў, з якімі мы гутарылі, беларускія пагранічнікі спецыяльна трымалі іх у ачапленні, каб у людзей заставалася толькі адна магчымасць — спрабаваць зноў і зноў перасекчы мяжу з Польшчай».

Мігранты жывуць проста ў падземных пераходах у Мінску ці ў палатках у лесе. Ці не павінны іх былі засяліць у інтэрнат?

Рэч у тым, што іракцы прыязджаюць да нас па візе. З пункту гледжання закону яны проста турысты. У такім разе ў дзяржавы не ўзнікае абавязацельства даваць ім гуманітарную дапамогу.

Калі ж чалавек звяртаецца па абарону ў Беларусі і заява прымаецца, то ўлады павінны забяспечыць мігрантаў на тэрмін разгляду заявы жыллём, харчаваннем, мінімальнымі грашыма, доступам да бясплатнай медыцыны.

У нас ёсць тры цэнтры ўтрымання людзей, якія папрасілі прытулак, — у Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

«Але сітуацыя выходзіць за прапісаныя рамкі. Нават калі б у дзяржавы было жаданне штосьці рабіць, незразумела, у якую са схем гэта можна было б упісаць. Ні ў адной краіне няма механізму клопату аб людзях, якія збіраюцца прасіць прытулак у суседняй краіне», — заўважае Алена Чаховіч. 

У 2016-м у нас ужо быў крызіс з чачэнскімі бежанцамі. Як улады дзейнічалі тады?

Польшча тады большасці адмаўляла ў прытулку. Хаця людзі звярталіся па абарону ў афіцыйны памежны пункт (сядалі на цягнік да Цярэспаля).

Беларусь у сітуацыю амаль не ўключалася.

«Па сутнасці тыя людзі ўцякалі ад расійскіх уладаў — Беларусь не магла гэта прызнаць праз палітычную гульню. Улады проста ігнаравалі праблему. Ім было выгадна, што людзі здымаюць кватэры ў Брэсце, купляюць штодня квіткі на цягнік, — разважае праваабаронца. — 

У цёплы час чачэнскія бежанцы ночылі на вуліцы, пасля — у зале чакання брэсцкага вакзала. Тыя, хто мог сабе дазволіць, спыняліся ў хостэлах побач. Многім даводзілася вяртацца ў Расію, каб дараспрадаць частку сваёй маёмасці і зноў ехаць у Беларусь, каб далей прымаць спробы перасекчы мяжу.

Было прасцей, бо гэта былі грамадзяне Расіі. Яны маглі знаходзіцца тут без віз, не было моўнага бар’еру. Цяпер мігранты з розных рэгіёнаў і размаўляюць на розных мовах».

Чаму мігранты не просяць прытулку ў Беларусі?

Просяць. Праваабаронцы чулі пра такія выпадкі, хоць афіцыйная статыстыка ім невядома.

«Часам людзі звяртаюцца ва Упраўленне вярхоўнага камісара па справах бежанцаў пры ААН, і там ім тлумачаць, чым могуць дапамагчы, калі яны папросяць прытулак у Мінску. Было некалькі выпадкаў, калі тыя, хто меў няўдалую спробу перасекчы мяжу ці адмовіўся ад гэтага, вырашалі паспрабаваць атрымаць прытулак у Беларусі.

Пра якія лічбы ідзе размова, наша арганізацыя не можа меркаваць. Мы ведаем, што па інфармацыі ўпраўлення колькасць заяў на атрыманне прытулку ў Беларусі павялічылася ў параўнанні з папярэднімі перыядамі».

Праваабаронца кажа, што не ўсе мігранты ўсведамляюць, што іх чакае пры спробе пераходу мяжы, не ўсе ведаюць пра свае правы і абавязацельствы. Але яны разумеюць, што гэта будзе цяжкае падарожжа, і ў кожнага свае прычыны выправіцца ў яго.

«Сярод людзей, з якімі мы гутарылі, я не сустракала тых, хто з эканамічных прычын пакінуў сваю краіну», — дзеліцца яна.

Што хвалюе праваабаронцаў?

Уплываць на дзеянні беларускага боку ў іх няма магчымасці.

«Зразумела, неабходна спыняць гэту практыку выкарыстання людзей у якасці закладнікаў і інструменту ціску на краіны ЕС. Тут пажаданым спосабам бачыцца прыпыненне рэйсаў, што прывозяць мігрантаў.

Не хочацца абмяжоўваць права людзей на атрыманне абароны, але калі бачыш, як разгортваецца сітуацыя ў Беларусі, хутчэй пераважае той факт, што тут яны не знаходзяцца ў бяспецы, з іх вымагаюцца грошы і людзі трапляюць у яшчэ больш уразлівае становішча. І гэта вельмі пужае.

У краіне скончыліся зарэгістраваныя арганізацыі, якія маглі б падключыцца да сітуацыі, каб хаця б даваць гуманітарную дапамогу ці прававыя кансультацыі.

Што тычыцца Польшчы, Літвы, то хочацца заклікаць краіны не забываць пра свае абавязацельствы ў сферы абыходжання з людзьмі, якія шукаюць прытулку, пра справядлівае стаўленне да іх. Гэта неабходнасць прымаць заявы, у незалежнасці ад таго, як чалавек перасек мяжу», — кажа Алена Чаховіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0