Эканоміка

«Пры любым сцэнары цэны будуць расці і расці». Эканаміст пра занадта аптымістычныя планы ў айчыннай эканоміцы

Улады зацвердзілі прагноз на наступны год. Плануецца, што валавы ўнутраны прадукт вырасце на 2,9%, даходы людзей — на 2%, а інфляцыя будзе на ўзроўні 6%. Гэта досыць аптымістычныя прагнозы, улічваючы, што сёлета інфляцыя, напрыклад, перасягнула мяжу ў 10%, нягледзячы на планы ў 5%. Ці рэальны гэта прагноз? Пагаварылі з навуковым супрацоўнікам BEROC Дзмітрыем Крукам.

«Планы абапіраюцца на тое, што будзе захоўвацца рост экспарту. Мяркуецца, што, па-першае, будзе захоўвацца сітуацыя «экспартнага цуда», — кажа Дзмітры Крук. — То-бок будзе захоўвацца добрая кан'юнктура на знешніх рынках і па-ранейшаму павышаны попыт на беларускі экспарт. Па-другое, улады разлічваюць на тое, што эфект ад санкцый будзе мінімальны. Рост экспарту — гэта галоўны драйвер гіпатэтычнага росту ВУП на 2,9%. 

Без гэтых двух фактараў такі прагноз не атрымаецца». 

Наколькі рэалістычныя такія чаканні?

«Сказаць, што яны ўвогуле нерэальныя, не вазьмуся. Але яны сыходзяць з самых вясёлкавых ацэнак і перспектыў, — працягвае аналітык. — Так, сапраўды, сёлета кан’юнктура на знешніх рынках досыць незвычайная.

Але ўсё, што было ў бягучым годзе, той самы знешнегандлёвы цуд, які выцягнуў беларускую эканоміку і дадаў ёй росту, — гэта экстраардынарная сітуацыя.

Яна склалася, па-першае, на фоне хуткага ўзнаўлення сусветнай эканомікі пасля кавіду і стымулявання актыўнага попыту ва ўсіх краінах. Па-другое, гэта вынік лагістычнага калапсу, які апошнія некалькі месяцаў стаў больш інтэнсіўным.

Нельга выключыць, што такая сітуацыя захаваецца ў 2022 годзе. Але цяпер больш верагодным выглядае іншы сцэнар: паскораны рост і залішні попыт у свеце паступова будзе знікаць.

Што тычыцца лагістычнага калапсу і таго, як ён паўплываў на сітуацыю? З Кітая як ад асноўнага вытворцы цяпер вельмі дорага даставіць шмат якія тавары. Гэта пазітыўна паўплывала на беларускі экспарт у суседнія краіны, бо транспартнае плячо больш кароткае, дастаўляць тавары танней. Таму шмат якія рынкі закрываюцца іншымі, некітайскімі, таварамі, і беларускія вытворцы тут у выйгрышы. 

Ці захаваецца гэта сітуацыя ў 2022-м? Больш падстаў думаць, што на працягу наступнага года з прычыны агульнай кан’юнктуры гэты лагістычны калапс паступова пачне згортвацца і сітуацыя нармалізуецца.

У гэтым выпадку фізічны аб'ём беларускага экспарту працягваць расці па змоўчанні перастане. Нават без санкцый, зыходзячы са стану знешніх рынкаў, больш верагодная задача, якая будзе стаяць на наступны год, — захаваць тыя пазіцыі па экспарце, якія мы маем. Малаверагодна, што гаворка ў прынцыпе зойдзе пра далейшы рост». 

Як паўплываюць санкцыі?

«Што тычыцца санкцый. Афіцыйныя асобы ў публічнай прасторы неяк самазаспакаенна кажуць пра нязначны іх уплыў, — расказвае Крук. — Тут я магу гіпатэтычна дапусціць дзве рэчы, бо дакладнай інфармацыі ў мяне няма. 

Першая. Магчыма, ёсць нейкія рэалістычныя планы па абыходзе санкцый. І тое, што фармальна падпадае пад санкцыі, будзе пастаўляцца праз нейкія юрыдычныя шчыліны і ўсякія бізнэс-схемы. То-бок гэты экспарт усё адно будзе ісці. Асабліва ў выпадку нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.

Я амаль упэўнены, што ўлады хочуць рухацца па такім шляху і разлічваюць на яго. Але наколькі яны ў гэтым могуць быць паспяховымі? Вялікае пытанне. Наколькі дэ-факта жорстка будуць працаваць санкцыі і наколькі ўдачлівымі будуць беларускія ўлады ў абыходзе гэтых абмежаванняў, адказу ні ў каго цяпер няма. 

Яшчэ яны плануюць «актывізаваць экспарт на іншыя рынкі»: азіяцкія, лацінаамерыканскія і іншыя. Нейкую частку замяшчэння дапусціць магу. Але падстаў да таго, што гэта неяк актыўна будзе адбывацца, пакуль няма». 

Які сцэнар больш верагодны?

«У якасці крыху больш верагоднага сцэнара, чым астатнія, я б разлічваў на тое, што экспарт будзе скарачацца па дзвюх прычынах — змяненне глабальнай сітуацыі ў эканоміцы і санкцыйныя абмежаванні, — адзначае Крук. — Гэта рушыць усё, што прыгожа і радасна распісвае ўрад. Калі не будзе працягвацца рост, дзякуючы экспарту, фактычна ўся выбудаваная ўрадам піраміда рушыцца. У такім разе, каб пераадолець рэцэсію, трэба вельмі актыўна стымуляваць унутраны попыт. Ці пойдуць улады на гэта? Сумняваюся.

Калі спрабаваць вырашаць пытанне радыкальна такім чынам, то тады вылазяць іншыя праблемы — інфляцыя, абслугоўванне дзярждоўгу, стабільнасць абменнага курсу. Я думаю, ва ўладаў няма гатоўнасці пайсці на актыўнае стымуляванне, якое было ў 2009-2011 гадах.

Цяпер улады кажуць пра запуск новага інвестыцыйнага цыкла. Але ў лічбах пакуль гаворка, па меншай меры на паперы, ідзе не пра маштабныя ўліванні.

Па сутнасці, калі адбудзецца той сцэнар, які я апісаў, то гэта фактычна можа азначаць скарачэнне экспарту на 7-8%. У такім выпадку больш верагодным сцэнарам я бачу рэцэсію. Не празмерна глыбокую (але сцэнар і празмерна глыбокай дэпрэсіі цалкам выключаць нельга). Бо павышэнне чыстага экспарту ў 2022-м знікне. Пры гэтым унутраны попыт будзе стагніраваць. Гэта ўсё прыводзіць да рэцэсіі, сціскання эканомікі на 2-2,5%.

Мы прызвычаіліся, што ўлады б’юць сябе ў грудзі, кажуць пра тое, што эканоміка не можа скарачацца, і выкарыстоўваюць усе магчымая і немагчымыя інструменты, каб гэтага не дапусціць. Але калі агульная кан’юнктура будзе такой, як я апісаў, то цалкам верагодна, што яны прымуць рэальнасць рэцэсіі як меншае зло і не будуць празмерна спрабаваць з яе выскачыць. Бо гэта небяспечна хуткімі фінансавымі праблемамі і яшчэ больш глыбокай рэцэсіяй.

Плюс, думаю, што палітычна ўладам будзе прасцей апраўдаць рэцэсію санкцыямі. Таму я цалкам дапускаю, што заявы пра сённяшнія поспехі — гэта стварэнне глебы для таго, каб апраўдаць непазбежнасць рэцэсіі ў будучым. Маўляў, пакуль санкцый не было, эканоміка расла і ўсё было добра, а санкцыям, як аказалася, мы не зусім у сілах супрацьстаяць.

Калі рэцэсія будзе не настолькі глыбокая (да 2,5% падзення, як я сказаў), то гэта сітуацыя, якой больш-менш можна кіраваць, аўтаматычнага развіцця фінансавых праблем можна будзе пазбегчы. Хоць, вядома, 100% гарантый няма».

Што будзе з цэнамі? Яны вырастуць?

«Праблема з інфляцыяй можа быць пры любым сцэнары, — працягвае аналітык. — Ад уплыву знешнегандлёвага цуда ў 2021 годзе ёсць перадумовы для павышанай інфляцыі. Яны ўжо назапашаныя. Нават калі дапусціць празмерна аптымістычны сцэнар, пра які гавораць улады.

Калі ён здарыцца, то з вялікай верагоднасцю інфляцыя будзе адчувальна вышэйшай за 6%, пра якія кажуць. Бо калі глабальная эканоміка будзе хутка развівацца, то праблема інфляцыі будзе актуальная і для развітых краін (ЗША і ЕС).

І той самы лагістычны калапс, пра які я казаў, калі ён захаваецца, пацягне за сабой вельмі моцны ўдар па коштах. Гэта тое, наконт чаго досыць моцна непакояцца ў свеце. На нас гэтыя тэндэнцыі будуць адлюстроўвацца таксама.

Адпаведна, калі не прыкладаць намаганні па барацьбе з інфляцыяй, то па змоўчанні яна будзе як мінімум у дыяпазоне сённяшніх 10%, а хутчэй за ўсё нават мае шансы на паскарэнне ў кірунку 15%.

Але ёсць небяспека высокай інфляцыі нават у выпадку сцэнару рэцэсіі. Адзін варыянт, што ўлады ўсе ж такі будуць арыентаваныя на падштурхоўванне ўнутранага попыту. Другі варыянт, што пры рэзкім скарачэнні экспарту пагоршыцца гандлевы баланс, што паўплывае на курс, а праз яго — на цэны. У абодвух выпадках, зыходзячы з ужо назапашанага інфляцыйнага патэнцыялу і непрымальнасці стрымлівання інфляцыі, цэны будуць расці.

Самае галоўнае слова 2022 года — «нявызначанасць». Прынцыпова розныя па якасці сцэнары могуць скласціся прыкладна з аднолькавай верагоднасцю. Крыху больш верагодным я бачу, як ужо заўважыў, сцэнар не празмерна глыбокай рэцэсіі да 2,5% з павышанай інфляцыяй у дыяпазоне 10-15%. Але і такі стан рэчаў паступова будзе пашыраць шмат існых выклікаў — устойлівасць дзярждоўгу, прыватных даўгоў, а таксама фінансавай стабільнасці ў цэлым».

Каментары

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

Бацька Калеснікавай абмяркоўваў з ёй магчымы зварот да Лукашэнкі аб памілаванні8

Адзін з раёнаў Мінска застаўся без святла1

Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

Улад А4 адкрыў фірмовую краму ў мінскім ЦУМе2

Расійскія войскі прарваліся ў харкаўскі Купянск6

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →