Літоўскія мытнікі затрымалі груз кантрабандных цыгарэт на 2,7 млн еўра
18 снежня літоўскія мытнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю адзін з найбуйнейшых грузаў кантрабанды гэтага года, паведамляе delfi.lt. У цягачы, які нібыта вёз транзітам праз Літву 25 тон сухога малака, знайшлі 1500 скрынак з цыгарэтамі. Кошт нелегальнага груза папярэдне ацэньваецца ў 2,7 млн еўра.
Па словах мытнікаў, цягач «Мерсэдэс Бэнц» прыехаў на КПП у Шальчынінкаі ў суботу а 7-й гадзіне раніцы. Беларус-кіроўца сказаў, што 25 тон сухога малака, якія ён вязе, будуць праз Клайпеду адпраўленыя на Філіпіны.
Засумняваўшыся, што гэта ўсё так і ёсць, мытнікі вырашылі прасвяціць машыну рэнтгенам. Праверка паказала, што сухога малака ў кантэйнеры было зусім няшмат, большая частка прасторы ў машыне застаўленая скрынкамі з цыгарэтамі. Усяго набралася 1500 скрынак (750 000 пачкаў) беларускіх цыгарэт марак «NZ Gold» и «Мінск» на агульную суму, калі ўлічыць падаткі, 2,7 млн еўра.
Кіроўцу і груз затрымалі і пачалі расследаванне. Пакуль літоўскі суд дазволіў арыштаваць кіроўцу на месяц, а пасля яму пагражае штраф ці пазбаўленне волі да 8 гадоў.
Кантрабандай цыгарэт з Беларусі буйнымі партыямі сёння нікога не здзівіш, апошні год рэгулярна з'яўляюцца паведамленні пра іх затрыманне на ўсіх межах, уключаючы расійскую.
Каментары