Кіно

«Лі»: фільм пра фатографку часоў Другой сусветнай з Кейт Уінслет

Адгрымела ў пракаце «Субстанцыя» ад рэжысёркі Каралі Фаржа з зорнай Дэмі Мур, і цяпер у свеце выходзіць зусім іншая, але не менш жаночая гісторыя. Гэта «Лі» (Lee), кіно пра фатографку Другой сусветнай, якую сыграла Кейт Уінслет.

Фота: кадр з трэйлера

Лі Мілер — рэальная гістарычная асоба, якая памяняла, здаецца, занадта шмат амплуа для аднаго жыцця. Некалі мадэль у ЗША, пазней Мілер перабралася ў Парыж, дзе занялася фатаграфіяй. У канцы 1942-га гэта прывяло яе на фронт, дзе Лі стала ваеннай фатографкай. А пасля вайны і цяжкай дэпрэсіі занялася кухарствам і трапіла пад падазрэнні ў шпіянажы на карысць СССР.

Фільм апісвае жыццё Мілер у двух часах. Першы — перыяд з канца 1930-х да канца вайны, дзе Лі ператвараецца з моднай фатографкі ў ваенную карэспандэнтку. 

Мілер таго часу — экстравагантная прыгажуня, здольная, напрыклад, агаліцца цягам свецкай гутаркі за абедам. Яна пераязджае ў Вялікабрытанію з новым каханым, мастаком Роландам Пенроўзам, і выбівае сабе месца фатографкі ў брытанскім Vogue. У Лондане Мілер бачыць нацысцкія бамбёжкі і вырашае, што фронт — тое месца, дзе яна як журналістка цяпер мусіць быць.

Паралельна з гэтым у стужцы разгортваецца другі пласт гісторыі: у 1977-м састарэлая Лі гутарыць з маладым журналістам у атачэнні фотаздымкаў ваеннага часу. І тут сцэнарысты спрабуюць укласці ў вусны Мілер-Уінслет разважанні пра былое: яна кажа, што, нават калі хацела адвярнуцца і не глядзець на жахі вайны, ведала, што не можа, і шукае адказ на пытанне, няўжо ж у тыя апошнія перадваенныя часы не было бачна, як набліжаецца катастрофа. Але ж гэтыя разважанні так і застаюцца на ўзроўні некалькіх сказаў, нібыта выпадкова прамоўленых жанчынай са шклянкай віскі. Тут стваральнікі «Лі», відавочна антываеннага па змесце фільму, губляюць магчымасць перадаць пасланне стужкі яшчэ больш пераканаўча.

Фота: кадр з трэйлера

Але ж свой шанц гэта зрабіць не губляе сама Кейт Уінслет. Яна ўпэўнена перадае трансфармацыю Лі — як прафесійную, так і трансфармацыю яе як чалавека, які паступова пазнае жудасную сутнасць вайны. Ігра Уінслет — той выпадак, калі актрысе не трэба ніякіх хітрыкаў, каб быць пераканаўчай, калі яна здольная граць толькі вачыма ды маленькімі мускуламі твару і ўсё роўна ўдыхаць жыццё ў фільм. 

Цяжка не заўважыць, што «Лі» спрабуе паказаць вайну шмат у чым з жаночага боку, і рэч не толькі ў перспектыве самой Мілер. Гаворка пра эпізоды, сведкай якіх яна становіцца — эпізоды, якія маглі б прайсці міма аб’ектыва камеры, калі б гэтая камера належала фатографу-мужчыне. Вось побыт жанчын на вайсковай базе, вось у вызваленым горадзе юнак спрабуе згвалціць мясцовую жыхарку, а вось жанчыны, толькі нядаўна зняволеныя ў канцлагеры, дзеляць паміж сабой хлеб — і Лі развязвае свае валасы, каб паказаць, што і яна — жанчына, што яна не зробіць ім шкоды. 

Асобна тут стаіць гісторыя Саланж д’Аен, францужанкі і сяброўкі Мілер, бліскуча сыгранай Марыён Каціяр. Саланж аддадзена толькі некалькі эпізодаў экраннага часу (дарма!), але гэта ўражвальная гісторыя, і яна зноў пра трансфармацыі — як за некалькі гадоў вайны змянілася поўная жыцця арыстакратка.

Прыгожая даніна памяці Лі — тое, як у фільме спрабавалі адрадзіць гісторыі, што стаяць за яе знакавымі фота. У стужцы ўвогуле шмат значных ліній: Мілер і вайна, Мілер і яе каханы, які хоча вярнуць яе з вайны дахаты, Мілер і змаганне са стэрэатыпамі наконт ваеннай фатографкі-жанчыны, багата гісторый, якія Лі бачыць на вайне, але якія растаюць адна ў адной, бо ім проста не дадзена дастаткова экраннага часу.

Фота: кадр з трэйлера

Зразумела, што кожную гісторыю не раскажаш, і што так яно і было ў жыцці сапраўднай Лі. Яна не магла надаваць кожнаму лёсу дастаткова ўвагі, і так гэтыя людзі і праляталі ў яе жыцці, як знічкі.

Відавочна, аднак, што ў стваральнікаў «Лі» атрымалася эмацыйна ўражвальнае антываеннае кіно, што вельмі своечасова, і не дзіва, калі ў сакавіку Кейт Уінслет атрымае за гэтую ролю другі «Оскар» у сваім жыцці. Здаецца, што гэтая ўзнагарода, калі яна будзе, акажацца ў багажы «Лі» адной з нешматлікіх, калі не адзінай.

Кіно, аднак, атрымалася вартым прагляду — дзякуй Уінслет. Калі вам у кіно важная візуальная частка, «Лі» таксама не расчаруе. Але культавым гэтаму баёпіку не быць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала33

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала

Усе навіны →
Усе навіны

У беларускай вышэйшай лізе ўпершыню футбольны матч судзіла цалкам жаночая брыгада — гістарычная падзея9

Меган Маркл можа вярнуцца ў кіно: герцагіня вядзе перамовы пра здымкі ў «Джэнтльменах» Гая Рычы

Памятаеце генерала Яўсеева, які ўласнаручна разганяў пратэсты? Цяпер ён адказвае за фізкультуру ў Смалявічах15

Дэлегацыя Талібану наведала Слуцк ФОТЫ38

У Беларусі падымалі авіяцыю праз расійскія гібрыдныя дроны «Бандэроль». Заляцелі 12 беспілотнікаў8

Фатографку з Мінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»3

Як 35‑гадовая Наталі Харп стала любімай асістэнткай Дональда Трампа6

Гравітацыйная мадэль NASA дэманструе «бульбападобную» форму Зямлі10

«Бабулькі хутка пачнуць біцца». Людзі займаюць чаргу па прадукты аўталаўкi з шостай раніцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала33

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць