«У аэрапорт прывезлі ў турэмнай робе». Брат палітзняволенай Хершэ пра яе вызваленне
Наталлю Хершэ з турмы прывезлі проста ў аэрапорт, адкуль яна вылецела ў Швейцарыю. Яна вельмі худая і выглядае моцна змучанай. Яе брат Генадзь расказаў пра сустрэчу з ёй.
«Наталля вельмі худая, настолькі тонкая. Усе валасы сівыя, толькі кончыкі бялявыя засталіся. Казала, што траціна валасоў выпала. Але нават так яна выглядае добра. Настрой пазітыўны. Вытрымала», — расказаў яе брат Генадзь Касьян.
«Яна паляцела ў Швейцарыю праз Стамбул — там яе сустрэне швейцарскі консул і пасадзіць на самалёт у Цюрых, — кажа брат. — Пра тое, што Наташу вызвалілі і мы едзем у аэрапорт, я даведаўся ў 8:30, калі прыехаў у амбасаду.
Мяне запрасілі ў амбасаду, сакратарка папрасіла ўзяць дакументы Наталлі, якія захоўваліся ў мяне, але я абсалютна нічога не ведаў. Проста думаў, што для чагосьці спатрэбіліся дакументы.
А мяне павіншавалі з вызваленнем Наталлі і сказалі, што за 15 хвілін выязджаем на машыне ў аэрапорт у віп-залу. Туды прывезлі Наталлю ў бусіку, у турэмнай робе.
Мы каля 40 хвілін прасядзелі ў зале чакання, праўда, у прысутнасці службовых асоб, — адзначае брат. — Нас пачаставалі кавай, гарбатай, цукеркамі.
Гэта вельмі нечакана для мяне. Пазаўчора быў мой дзень народзінаў — гэта самы лепшы падарунак, які я мог атрымаць у сваім жыцці», — кажа брат Наталлі Хершэ.
У Швейцарыі яе будуць сустракаць дачка і сын, а таксама дэпутатка Барбара Гізі, якая стала «хроснай» ёй, былы амбасадар Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат, які доўгі час кантактаваў з Наталляй.
«На жаль, Роберт на дадзены момант у Перу знаходзіцца, але ён вельмі хацеў таксама сустрэць. Наташа дала згоду, каб і Роберт быў, я яе ўгаварыў, — кажа Генадзь Касьян і дадае. — Я не рыхтаваўся. Нават чамадан не сабраў, ніякія рэчы не прывёз Наталлі. Толькі дакументы. Але ёй перад самалётам дазволілі пераапрануцца, нейкі кавалачак алоўка знайшоўся — яна падфарбавалася. Касметыкі ў яе няма, але консул, які сустрэне яе ў Стамбуле купіць ёй мінімальную касметыку, бо ў Цюрыху яе будуць сустракаць СМІ».
Пра вызваленне Наталлі Хершэ паведаміў асабіста прэзідэнт Швейцарскай Канфэдэрацыі Іньяцыа Касіс.
Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 года, яна сарвала балаклаву з амапаўца, які затрымліваў жанчын на маршы за свабодныя выбары. Пазней яе асудзілі да 2,5 года калоніі.
Беларуска грамадзянка Швейцарыі правяла за кратамі 17 месяцаў. Ëй заставалася адбыць яшчэ 13 месяцаў зняволення.
Нагадаем, што нядаўна гэта краіна прызначыла пасла ў Беларусі. Крысцін Хонэгер-Залатухін уручыла Уладзіміру Макею копіі даверчых грамат. Швейцарскае МЗС не лічыць гэты жэст прызнаннем легітымнасці Лукашэнкі. Раней амбасадары еўрапейскіх краін адмаўляліся ўручаць даверчыя граматы, дэманструючы тым самым непрызнанне вынікаў выбараў 2020 года.
Можна меркаваць, што коштам вызвалення закладніцы Хершэ стала ўручэнне даверчых грамат паслом.
Наталля Хершэ так і не напісала прашэння аб памілаванні, паведаміў яе брат. Да напісання прашэння яе схілялі ўвесь час зняволення. За адмову шыць форму для сілавікоў яе перавялі з гомельскай жаночай калоніі ў магілёўскую турму.
Каментары