«Самае балючае і затратнае — лекі і дактары». Пенсіянеры расказалі пра свае даходы і траты
Па падліках Мінпрацы і сацабароны, сярэдняя пенсія за сакавік — 580 рублёў. Спыталі ў пажылых людзей, што яны могуць сабе дазволіць на гэтыя грошы і якая пенсія павінна быць у Беларусі. Вялізныя сумы паглынаюць медыкаменты і медыцынскія паслугі. Падпрацоўваюць на пенсіі нават былыя міліцыянеры.
«Адзенне ўжо даўно не купляў»
Аляксею 57 гадоў. Ён жыве ў Мінску. Раней мужчына працаваў міліцыянерам у спецыяльнай роце, якая займалася суправаджэннем грузаў. На пенсію Аляксей пайшоў у 43 гады.
«Людзі з такой прафесіяй ідуць на адпачынак раней, так заведзена. Адразу тады ўладкаваўся ахоўнікам у краму, а цяпер працую адміністратарам у офісе.
Пенсія — 500 рублёў, заробак 480. Калі ў мяне бываюць начныя змены, то могуць дадаць, але там не вельмі шмат. На камунальныя паслугі, а таксама тэлефон, інтэрнэт у мяне сыходзіць 210 рублёў у месяц. Сюды таксама ўваходзіць аплата гаража, камунальных на лецішчы.
Больш за ўсё трачу на прадукты — 500 рублёў. Гэта на жонку і мяне. Цяпер прадукты вельмі падаражалі. Сокі мы не купляем, сыравэнджаныя кілбасы таксама. У асноўным свініну, курыцу, малочку бяром. Я асабіста садавіну люблю. Магу сабе яблык набыць, бананаў.
Шмат грошай трачу на бензін. На днях запраўляўся, за дзесяць літраў аддаў 22 рублі. Кожныя выхадныя на лецішча езджу, яшчэ часам жонку з працы забіраю. Сам я на машыне па горадзе не катаюся, бо гэта дорага. Купляю праязны», — кажа мужчына.
Аляксей разам з жонкай некалькі разоў хварэлі на кавід. Шмат грошай аддалі на лекі і рэабілітацыю.
«Асабліва на прэпарат для разрэджвання крыві. Недзе каля 300 рублёў за месяц.
Вітаміны купляем, лекі для нармалізацыі працы сэрца, страўніка. Гэта недзе каля 40 рублёў у месяц. Хадзіў лячыць бясплатна зубы. Вывальвалася ўвесь час пломба. Платна не пайшоў, бо дорага. На чацвёрты раз ужо нармальна пломбу паставілі.
Канечне, на маю пенсію, калі не працаваць, не пражывеш. Атрымліваецца, што будзе хапаць толькі на камуналку і 300 рублёў застанецца на ежу. А што за іх купіць? Дапамагае, што на лецішчы з жонкай вырошчваем гародніну, робім закаткі. Напрыклад, любім саліць капусту.
Бульбу не садзім, з ёй складана — яе мы купляем. А яшчэ нядаўна ўзялі ў крэдыт халадзільнік на шэсць месяцаў. Цяпер выплачваем па 245 рублёў. Самы звычайны ўзялі, беларускі «Атлант».
Адкладваць у мяне ні з заробку, ні з пенсіі не атрымліваецца. Сабе я адзенне ўжо даўно не купляў. Тыя ж новыя туфлі ў беларускіх крамах каштуюць каля 200 рублёў. А дзе іх узяць? Звярнуў увагу, што зніжак няма.
З маіх асабістых патрэб — пена для галення, шампунь, мыла. Дадому таксама якія сродкі для ўборкі купляю.
Ёсць у мяне слабасць. Магу сабе алкаголь які-небудзь купіць, але гэта не віскі ці каньяк, а бутэлька простай гарэлкі», — кажа ён.
Увогуле, мужчына лічыць, што пенсія ў Беларусі павінна быць не меншая за 1500 рублёў. Тады на законным адпачынку чалавеку не трэба будзе працаваць.
«Людзі, якім даводзіцца жыць на адну пенсію, кажуць, што прызвычаіліся. Але вы паглядзіце на іх твары»
Вользе 65 год. Яна жыве ў горадзе Фаніпаль, што ў Мінскай вобласці. Цяпер жанчына на пенсіі, але працягвае працаваць галоўным тэхнолагам у прыватнай кампаніі.
«Праца ў мяне дастаткова складаная і напружаная, патрабуе шмат ведаў і досведу. Пенсія ў мяне 570 рублёў. Зарплата — 1500.
Грошай мне хапае, але я не магу сказаць, што на іх можна жыць бесклапотна, не лічыць іх. Большую частку раней мяняла на даляры, каб была падушка бяспекі на пенсіі. Дзякуючы таму, што яшчэ працую, змаглі зрабіць рамонт у кватэры. Цяпер робім яго на лецішчы. У добрыя, даваенныя часы маглі дазволіць сабе адпачынак на моры.
Якія ў мяне траты цяпер? Кожны месяц купляю сабе вітамінна-мінеральныя комплексы, прэпараты для падтрымання сэрца і сасудаў, каб працаваць прадуктыўна.
Дапамагаю дзецям, хаця яны і не просяць. У мяне двое ўнукаў, заробкі ў іх бацькоў невялікія. На падарункі для унучак, дзяцей адкладваю загадзя. Хачу іх радаваць! Нават калі ўжо буду толькі на пенсіі, не буду працаваць, то ўсё роўна хоць крыху, але буду адкладваць», — кажа жанчына.
Апошнія два месяцы ў Вольгі не атрымлівалася адкладваць грошы. У сувязі з апошнямі падзеямі яна вырашыла зрабіць невялікі запас прадуктаў і неабходных бытавых рэчаў.
«З асноўных штомесячных трат — камунальныя паслугі ў ацяпляльны сезон плюс інтэрнэт, хатні і мабільны тэлефоны — 145 рублёў. Паколькі я задзейнічаная ў прадуктовай сферы, то купляю прадукты добрай якасці і сярэдняй цаны. Набываю мяса, птушку і гатую сама. На прадукты ў сярэднім у мяне ідзе 350—450 рублёў. Плюс яшчэ кармы для жывёл. У мяне сабака і кот. Гэта 50 рублёў за месяц.
Самае балючае і затратнае пытанне — лекі і наведванне дактароў. Тут не сэканоміш! Калі ты здаровы чалавек, то табе вельмі пашанцавала. Купляю таблеткі ад ціску, імкнуся браць імпартныя. Пакуль працую, магу сабе дазволіць. Лекі для сэрца, нерваў, заспакаяльныя прэпараты, для паляпшэння мазгавога кровазвароту, страўніка, нырак, печані. За месяц ідзе недзе ад 100 да 200 рублёў.
Летась захварэў сабака. Прыйшлося выкласці 300 рублёў за лячэнне.
Штодзённы прэпарат для падтрымання працы сэрца сабаку каштуе 70 рублёў, хапае на 2,5 месяца.
Асабіста я карыстаюся платнымі паслугамі стаматолага і кардыёлага. У студзені прыйшлося рабіць платную аперацыю. Бясплатна прыйшлося б чакаць чаргі не менш за чатыры месяцы, а гэта было немагчыма. У прыватным медыцынскім цэнтры гэтая аперацыя каштавала 700 рублёў. Я зрабіла танней, за 270. Абслугоўванне было жудаснае», — кажа яна.
Вольга лічыць, што, калі б яна не працавала, пенсіі на якасныя прадукты і лекі ёй бы не хапала. І сам выбар добрых тавараў у Фаніпалі, па словах жанчыны, невялікі.
«У нашым гарадку крамы заказваюць прадукты сярэдняга і нізкага цанавога дыяпазону, — кажа жанчына. — Добрыя прадукты, якія каштуюць даражэй, проста адсутнічаюць у нашай краме. У людзей няма магчымасці іх набываць. Асартымент ужо надакучыў, няма разнастайнасці.
Жыць толькі на пенсію складана было б. Гэта знаходзіцца ў пастаянным стрэсе, што табе не хапае грошай. Людзі, якім даводзіцца жыць на адну пенсію, кажуць, што прызвычаіліся, нармальна. Але вы паглядзіце на іх твары. Хмурыя, заклапочаныя, без усмешак. Мы ж на пенсіі працягваем жыць. Не хочам быць убогімі, насіць адзенне трыццацігадовай даўніны. Пенсія павінна быць такой, каб чалавек не знаходзіўся ў напрузе, каб не думаў, хопіць ці не. А гэта ад 500 да 700 даляраў».
«У адпачынак магу паехаць, толькі калі дзеці дапамогуць. А так не»
Віктару 63 гады. Ён жыве ў горадзе Баранавічы, што ў Брэсцкай вобласці. Раней мужчына працаваў будаўніком. У верасні 2021-га пайшоў на пенсію.
«Я яшчэ пенсіянер-пачатковец. Пенсія — 636 рублёў. Але я яшчэ падзарабляю — 250 у месяц. Частку грошай за тое, што я працую, з пенсіі вылічваюць.
Вельмі сціпла жыву за гэтыя грошы. У прынцыпе, калі я працаваў, у некаторых людзей такі заробак быў, як у мяне цяпер пенсія. Выжываем, як можам, — мы ўсе, не толькі я», — кажа Віктар.
Мужчына жыве ў прыватным доме разам з жонкай. На камунальныя паслугі ў іх ідзе каля 200 рублёў у месяц.
«Гэта калі з інтэрнэтам і тэлефонам. Складана сказаць, колькі ў мяне ідзе на прадукты. Не лічыў. Грошы ёсць — купляю, грошай няма — не купляю. Жонка яшчэ ў мяне на пенсіі, але працягвае працаваць. Яна медык, працуе з людзьмі, якія хварэюць на каранавірус. Неяк так нам і хапае.
Жонцы вось на днях павінны былі зрабіць аперацыю, замяніць сустаў. Мы сабралі грошы, усё было гатова, але не было доктара. Нейкая там заварушка, чытаў, што затрымалі шмат дактароў-артапедаў», — кажа ён.
Пакуль што Віктар абыходзіцца без лекаў і нават візіты да дактароў для яго рэдкасць. Гэты пункт расходаў у яго адсутнічае.
«Вядома, чалавек натура такая, што чым больш, тым лепей. Для нармальнага жыцця пенсіянеру трэба плаціць хаця б 1500 рублёў, я так думаю. Моцна не размахнешся, але такія грошы закрыюць базавыя патрэбы і можна будзе нешта сабе часам купляць.
Кожны дзень растуць цэны. Няхай па некалькі капеек, але ўсё ж. У мяне, напрыклад, ёсць машына. Вось каб паехаць да дачкі і ўнука ў Мінск, мне трэба заправіцца. За месяц — 40 літраў, гэта 100 рублёў.
На падарункі ўнуку не хапае, толькі на дробныя. Мае магчымасці і яго патрабаванні вельмі розныя. Яму ўсё бацькі купляюць. Мы толькі нешта сімвалічнае. Адкладваць грошы ў мне не ўдаецца. Трачу ўсю пенсію. У адпачынак магу паехаць, толькі калі дзеці дапамогуць. А так не.
Хаця ў мяне агарод. Можа быць адпачынак з рыдлёўкай. Ведаеце, у некаторых пенсіянераў у жыцці ёсць толькі тэлевізар і канапа. А ў мяне не, трэба трошкі рухацца», — кажа Віктар.
Чытайце яшчэ:
«Да пенсіі дадалі 7%, а брыкет супу падаражэў на 30%!» Случчанка — пра тое, як выраслі цэны на прадукты
Колькі вы зможаце пражыць без заробку? Правілы, як падрыхтавацца і выжыць у крызіс
«Людзі ішлі менавіта да яго. Ну, а цяпер вось так…» Што адбываецца ў лякарнях, артапеды з якіх затрыманыя
-
У Рэчыцы пад палітычны пераслед трапіў адзін з самых паважаных у горадзе дактароў
-
«Дзімка? Дык які ён шпіён? Гэта проста смешна». Знаёмыя памерлага ў калоніі Дзмітрыя Шлетгаўэра расказалі пра яго і яго сям'ю
-
З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе. Праваабаронцы звязваюць іх з кпінамі з фірмовых ботаў
Каментары